ДАРОГА да ПАКУПНІКА

 Летась, калі праходзіў практыку ў “Голасе часу”, з задавальненнем прыняў прапанову рэдакцыі пабываць  на Маларыцкім хлебазаводзе з той мэтай, каб сваімі вачыма ўбачыць увесь вытворчы працэс па выпечцы хлеба, даведацца, хто ў ім задзейнічаны, што ў гэтым працэсе найбольш важнае, што, у рэшце рэшт, неабходна для таго, каб мы з вамі штодзённа спажывалі такі смачны і нічым не заменны прадукт. А сёлета мне захацелася ўбачыць, які шлях праходзіць той самы хлеб разам з іншымі прадуктамі, каб аказацца на стале ў спажыўца.

Панядзелак 13 сакавіка. 9:30 раніцы. Я ра­зам са сваімі напарнікамі, работнікамі аўтамагазіна №2 вадзіцелем Анатолем Галата і прадаўцом Марыяй Цяліпка, адпраўляемся ў дарогу па вызначаным маршруце.
Настрой выдатны. Над­вор’е цудоўнае. Машына, а яна амаль новая, бяжыць хутка. Дарога ж ад Мала­рыты ў бок Ляхаўцаў – супер! Па маёй просьбе Марыя Сцяпанаўна расказвае, з чаго пачынаецца іх працоўны дзень. Аказваецца, каб выехаць у вёску, трэба спачатку загрузіць аўталаўку таварамі.
— А вось гэта графік нашага сённяшняга “падарожжа”, — Марыя Сцяпанаўна паказвае мне маршрутны ліст, дзе распісана, у колькі гадзін магазін на колах павінен прыехаць у тую ці іншую вёску. Першая ў спісе – Асавая, але да яе яшчэ каля 20 кі­ламетраў.
Выязджаем з горада на трасу Маларыта – Ляхаўцы (дарога асфальтаваная). Пачынаю блі­жэй знаёміцца са сваімі спа­­дарож­нікамі. Анатоль Івана­віч працуе ва­дзіцелем 6 гадоў, а Марыя Сцяпанаўна прадаўцом таго ж аўта­мага­зіна — 4 гады, столькі ж існуе і іх прафесійны тандэм.
У Ляхаўцах, удакладняюць мае спа­да­рож­ні­кі, мы не спыняемся, хаця і яе жыхароў таксама абслугоўвае аўта­магазін, толькі іншы.
Дарога ад Ляхаўцаў да Макран па сваім абу­ладкаванні не самая лепшая, але тут вядуцца работы, і хутка дарогу таксама “апрануць” у асфальт.
9:55. Асавая. Анатоль Іванавіч пачынае падаваць сігнал, тым самым паведамляючы жыхарам пра прыезд. Але вяскоўцы, напэўна, і самі добра ведаюць, калі аўталаўка прыедзе, таму загадзя чакаюць яе на вызначаным месцы.
— Жыхары некаторых вёсак скар­дзяцца на тое,-расказвае Анатоль Іванавіч,- што не чуюць сігналу.
Дзіўна! Сігнал у машыне такой сілы, што ў кабіне проста немагчыма знаходзіцца.
Наш першы прыпынак. Сярод пакупнікоў — га­лоў­ным чынам людзі сталага ўзросту. Кожны лічыць абавязковым павітацца з Анатолем Іванавічам і Марыяй Сцяпанаўнай, шчыра ўсміхнуцца ім, сказаць нейкі камплімент. Маўляў, вы, як заўсёды, малайцы! Усё з такім жа добрым настроем! Вяскоўцы жартуюць, адзін аднаму нешта расказваюць. І я пераконваюся, што для жыхароў маланаселеных вёсак прыезд аўталаўкі — добрая нагода сустрэцца і пазносіцца.. Марыя Сцяпанаўна адпускае тавар.
Пра сябе заўважаю, што найбольш запатрабаванае вяскоўцамі. У спажывецкім кошыку — звычайны набор прадуктаў: хлеб (жытні і пшанічны), малочныя прадукты, каўбасы, рыба, гародніна і садавіна. Між іншым, выбар прадуктаў у аўтамагазіне вялікі. Ну а калі пакупнік там чаго-небудзь з таго, што хоча, не знойдзе, не бяда. Тавар можна заказаць, і вам прывязуць яго ў наступны раз. Цікаўлюся ў Марыі Сцяпанаўны, якім чынам у аўтакраме вядзецца разлік?
— У нас можна разлічыцца наяў­нымі грашыма, а можна з дапамогай пластыкавай карткі. У машыне ёсць тэрмінал, праўда, будзе ён працаваць ці не, залежыць ад наяўнасці сігналу сеткі, – расказвае Марыя Сцяпанаўна.
Абслугоўваем апошняга пакуп­ніка і паімчалі далей.
10:35. Вёска Мыслячы. Марыя Сцяпанаўна і Анатоль Іванавіч зноў пераво­дзяць аўтакраму ў «баявую» гатоўнасць, і пачынаецца гандаль. У Мыслячах у якасці пакупнікоў чамусьці адны мужчыны. «Проста супадзенне»,-думаю я… Але Марыя Сцяпанаўна як быццам прачытала мае думкі:
— У гэтай вёсцы ў ліку пакупнікоў практычна заў­сёды адны мужчыны.
11:40 на гадзінніку, і мы ўжо ў Грушцы. Анатоль Іванавіч падае сігнал, і праз некалькі хвілін Марыя Сцяпанаўна абслугоўвае ўжо грушкаўцаў. Знаёмлюся з мясцовым жыхаром Васілём Алесіюком.
-Ад імя нашых вяскоў­цаў хочацца сказаць шчы­ры дзякуй работнікам аў­та­лаўкі і за тое, што, нягледзячы на ўмовы надвор’я, заўсёды своечасова да нас прыязджаюць, і за тое, што па заяўцы могуць прывезці любы тавар, і за культурнае і ветлівае абслугоўванне.
У Грушцы аўтамагазін робіць два прыпынкі. На другім знаёмлюся з Вольгай Хівук. Вольга – сацыяльны работнік, і ў Грушцы абслугоўвае чатырох чалавек, а прадукты для іх купляе, як і ўсе жыхары, у аўтамагазіне.
Каб вытрымаць графік, што б там ні было, па­вінны своечасова дабрацца да Заор’я — самага аддаленага населенага пункта раёна. А на шляху да яго яшчэ Чарняны, Дарапеевічы і Малы Паўлопаль. Марыя Сцяпанаўна завіхаецца яшчэ лепш, каб паспець. Балазе, у гэтых населеных пунктах сабралася не вельмі многа пакупнікоў.
І сапраўды, да Заор’я, як мне здалося, мы ехалі вельмі і вельмі доўга. Хаця, удакладняе Анатоль Іванавіч, гэта без прывычкі. Ім жа шлях і сюды здаецца не самым доўгім.
У Заор’і Марыя Сця­панаўна выкладвае тавар і расказвае, што машына не зусім прыстасавана да працы ў такіх умовах. Справа ў тым, што з правага боку яе адчыняецца спецыяльнае акно, праз якое і павінен весціся гандаль. Але большасць пакупнікоў аўтамагазіна — гэта пажылыя людзі, якім з-за сваёй немачы вельмі цяжка так высока падымаць рукі, каб забраць тавар. Таму работнікам аўтамагазінаў дазваляюць гандляваць праз адчыненыя дзверы.
14:30 – мы ў Чарнянах. Нягледзячы на тое, што ў вёсцы працуюць дзве гандлёвыя кропкі, аўталаўка тут таксама спыняецца, каб маглі набыць тавар і пакупнікі, якім цяжка дайсці да мясцовых гандлёвых кропак.
Новы Двор, Стары Двор і Малінаўка. У гэтых вёсках жыве ўсяго па некалькі чалавек, але работнікі аўтамагазіна па­вінны абслужыць і іх. У Малінаўцы Анатоль Іванавіч звяртае маю ўвагу на сцяну адной з хат, на якой намаляваны сілуэт карты Беларусі. На карце пазначаны ўсе абласныя гарады, ну і сама Малінаўка.
І зноў у дарозе. Пад коламі мільгаюць кіламетры палявых дарог. Мы моўчкі назіраем за прыродай, па­кінуўшы ў памяці кадры абуджэння вясны…
— Вельмі часта нас просяць, — парушае цішыню Марыя Сцяпанаўна, — каб мы некаторым прыносілі прадукты дахаты. Па-чалавечы мы разумеем і хацелі б дапамагчы, але не можам. Не паспеем фізічна да ўсіх зайсці. Вось паглядзім сённяшні графік. Выезд з апошняй вёскі — у палову восьмай вечара. А калі бу­дзем хадзіць па хатах, то давядзецца пераходзіць на кругласутачны гандаль.
Да гутаркі далучаецца Анатоль Іванавіч. Яму хочацца выказацца пра тое, што баліць, — пра дарогі, якія не заўсёды цешаць, а асабліва тыя, што ідуць да маланаселеных вёсак.
-Улетку, ка­лі суха, нас усё ра­дуе,-га­ворыць Анатоль Іва­­­навіч.- Узімку часам па некалькі кіламетраў даводзіцца ехаць зваротным ходам, бо ў вёсцы не будзе, дзе развярнуцца. Падчас восеньскіх і вясновых паводак таксама.
За гутаркай не заў­ва­жылі, як праехалі яшчэ дзве вёскі: Астроўе і Лясавец. Машына спыняецца ў Горах. Нават калі меркаваць па тых пакупніках, што прыйшлі па тавар, гэтая вёска — адна з самых маладых у раёне: каля аўтамагазіна былі толькі некалькі пажылых людзей, астатнія — маладыя.
Указальнік ”Горы” прамі­нулі, а наперадзе было яшчэ дзве вёскі: Субаты і Звозы. Пакупнікоў тут — як кот наплакаў, бо ў вёсках гэтых ужо амаль нікога не засталося.
Маршруш закончаны, і мы накіроўваемся ў Маларыту. Я — дахаты, а мае спадарожнікі — разгружаць аўтамагазін.
Заўтра — зноў у дарогу, зноў — па звыклых маршрутах. І зноў знаёмы шлях будзе весці да людзей, якія з нецярпеннем чакаюць прыезду аўталаўкі са свежым хлебам, што кожны дзень павінен быць на нашым стале.
Павел КАНАНОВІЧ.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 26 от 1.04.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

ДАРОГА да ПАКУПНІКА: 3 комментария

  • 09.04.2017 в 10:26 дп
    Permalink

    Хорошая статья про людей и компанию, которая постоянно продает слабовидящим старикам в деревнях товары, срок годности которых вышел полгода тому назад. При этом цены намного выше, чем в городе. Постоянно сталкиваемся с этим, т.к. такие «дорбодеятели» приезжают и к нашим старикам. Жаль только, что наши пенсионеры жалеют их и готовы долго терпеть это и очень просят нас никуда не звонить.

  • 10.04.2017 в 9:30 дп
    Permalink

    Возможно, если бы у этих стариков были нормальные дети, которые о них заботились бы, то не надо было бы и автолавкам ездить. Видел я таких стариков, всеми брошенные… Дети поразъезжаются и пускай государство за родителями смотрит — одевает, обувает, кормит. Так еще и претензии высказывают.

  • 10.04.2017 в 3:29 пп
    Permalink

    Соглашусь с вами, есть и такие. Но для пенсионеров важно самим себя обслуживать: покупать себе продукты, убирать дома и т.д.. Очень уж не хочется им быть обузой. Вот и получается, что сколько бы ты им не привез всего, они все равно купят что-нибудь для детей, внуков, правнуков.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.