Наш клопат, а не янота

Многім запомніўся ўбачаны па тэлевізары, у інтэрнэце забаўны відэаролік “Яноты-барабаншчыкі сартуюць смецце”, у якім эксперты смеццевых спраў яноты заклікаюць беларусаў збіраць асобна адходы.

Паглядзеўшы гэты рэкламны ролік, міжволі задаеш сабе пытанне: як жа збіраць асобна адходы ў нас у горадзе, дзе прымаюць другасную сыравіну: макулатуру, шкло, пластык, ды і наогул ці існуюць такія прыёмныя пункты?
Да гэтага часу мы не ведалі, навошта ў двары з’явіліся ацынкаваныя кантэйнеры. А нехта ведаў, але ўсё роўна выкідваў шкло, паперу і пластык у агульны кантэйнер. Нарэшце, у Беларусі знайшлі тых, хто заклікае нас збіраць адходы раздзельна. Мы паглядзелі і хочам вучыцца ў самых малых экспертаў у смеццевых справах. Бо мы згодны: раздзельны збор адходаў – наш клопат, а не янота.
Узяўшы на ўзбраенне дэвіз з відэароліка: “Асобны збор адходаў – наш клопат, а не янота!”, мы хочам яшчэ раз расказаць, як правільна абыходзіцца з адходамі ў нашым горадзе. Куды выкідваць адходы, каб яны трапілі не на звалку, а на перапрацоўку.
Практычна ва ўсіх дварах шматкватэрных дамоў, а таксама ў прыватным сектары ўстаноўлены спецыяльныя серабрыстыя кантэйнеры для раз­дзельнага збору адходаў з надпісамі “шкло”, “папера”, “пластык”. Калі выкінуць адходы шкла, паперы і пластыку ў звычайныя кантэйнеры, першыя не трапяць на звалку. Бо ўсё тое, што ў іх ёсць, адвязуць на лінію па сартаванні адходаў для таго, каб іх дасартаваць, і пасля гэтага адправяць на заводы, дзе адходы выкарыстоўваюць у вытворчасці новай прадукцыі.
Такім чынам, у кантэйнеры для шкла трэба выкідваць непатрэбныя шкляныя бутэлькі, слоікі, бітае шкло (акрамя аконнага), шкляны посуд (акрамя крыштальнага).
У кантэйнеры для паперы выкідвайце картонную і папяровую ўпакоўку (скрынкі, пакеты), газеты, часопісы, паперу, сшыткі, блакноты, календары, рэкламныя праспекты і да т.п.; у кантэйнеры для пластыку – пластыкавыя бутэлькі і ўпакоўку ад прадуктаў, касметыкі, бытавой хіміі; пакеты, плёнку, каністры, вёдры, міскі.
Здаць макулатуру, шклабой ці поліэтылен ды яшчэ і атрымаць за гэта грошы можна ў прыёмных пунктах другаснай сыравіны. У нашым горадзе і раёне яны працуюць па вул. Маякоўскага, 48 (на лініі па сартаванні другасных матэрыяльных рэсурсаў), а таксама на ўчастках у в. Лукава і Ланская.
У быце ў нас нямала з’яўляецца небяспечных адходаў – батарэйкі, энергазберагальныя лямпы. Цяжкія металы, што ўтрымліваюцца ў іх, небяспечныя для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. Таму іх нельга выкідваць разам з агульным смеццем. Адпрацаваныя батарэйкі і энерга­зберагальныя лямпы трэба адносіць у спецыяльныя кантэйнеры, якія ёсць у магазінах “Тэхніка” (вул. Леніна, 15), “Родны кут” (вул. Маякоўскага, 32), у будынку былой гасцініцы (вул. Савецкая, 30). Батарэйкі і лямпы з гэтых кантэйнераў адправяць на заводы для перапрацоўкі.
Міхаіл САЎЧУК,
намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”.

Опубликовано  ГЧ №28 от 8.04.17г .

Поделиться:
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!