НА КАРЫСЦЬ ЛЮДЗЕЙ

— Вялікая ўдача для маладога спецыяліста трапіць у калектыў, дзе цябе падтрымаюць і справай, і словам, дапамогуць уліцца ў прафесію,-расказвае загадчыца аддзела гігіены раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ганна Балабушка. – І мне ў гэтым пашанцавала.
У Маларыце Ганна працуе чацвёрты год. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта маладога ўрача-гігіеніста накіравалі да нас у раён. Тут жа Ганна Балабушка праходзіла і інтэрнатуру. Сама родам з Кобрына, таму па размеркаванні з задавальненнем паехала ў Маларыту, адкуль блізка да яе роднага горада. Тым больш, у Маларыцкім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі было ў каго вучыцца, каб набыць вопыт.
-Калі пасля ўніверсітэта трапляеш у працоўны калектыў, разумееш, што самая адказная вучоба толькі пачынаецца. Першыя чатыры гады ў навучальнай установе ты атрымліваеш агульныя веды па прафесіі, і толькі два гады адводзіцца менавіта на падрыхтоўку па спецыяльнасці. Таму асвоіцца на рабоце спачатку нялёгка. Мне ў гэтым дапамог галоўны ўрач Уладзімір Анатольевіч Кляцко, ён быў непасрэдным куратарам інтэрнатуры. Сваім багатым вопытам ахвотна дзяліліся Ірына Уладзіміраўна Кляцко, Любоў Пятроўна Струнец і Ірыны Мікалаеўна Струнеўская.
Калі выбірала прафесію, Ганна Балабушка была паміж фар­макалогіяй і медыка-прафі­лак­тычнай справай. Пра лячэбную дзейнасць размова не ішла. На думку Ганны, яна магла прынесці большую карысць, папярэджваючы хваробы, клапоцячыся аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва. Свой выбар яна лічыць асэнсаваным і цяпер, праз некалькі гадоў працы, не шкадуе аб ім. Прафесія Ганне Балабушка падабаецца, хаця ў рабоце з людзьмі не абыходзіцца і без праблемных сітуацый, а гэта значыць, што яе работа патрабуе добрай стрэсаўстойлівасці, цярплівасці, адказнасці.
-У людзей нярэдка складваецца няправільнае меркаванне аб задачах работнікаў Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Мы не ставім сваёй мэтай абавязкова складваць пратаколы, і планаў па іх колькасці нам ніхто не даводзіць. Ад выканання санітарных нормаў залежыць здароўе людзей. А каб папярэдзіць уплыў негатыўных фактараў на чалавека, неабходна сачыць і кантраляваць, як санітарныя нормы выконваюцца.
Задавальненне ад сваёй работы, прызнаецца Ганна Балабушка, яна атрымлівае, калі бачыць, што дзейнасць яе аддзела прыносіць карысць. Сфер жыццядзейнасці, якія маглі б абысціся без увагі гігіеністаў, не шмат. Прафілактыка — асноўнае ў рабоце ўрача-гігіеніста. Аб важнасці такога накірунку дзейнасці як гігіена харчавання і гаварыць не трэба. Гігіеністам важна, каб прадукты захоўваліся правільна, выпускаліся згодна з санітарнымі нормамі. Для гэтага наладжаны кантроль за прадпрыемствамі харчовай прамысловасці, магазінамі. Сочаць гігіеністы і за тым, каб на прадпрыемствах, у сельгасарганізацыях стваралі добрыя і бяспечныя для здароўя людзей умовы працы. Не менш значна і падтрыманне камунальнай гігіены, а гэта значыць, нагляд за водазабеспячэннем, парадкам на зямлі. Здароўе дзяцей і падлеткаў таксама важны аспект у рабоце санітарнай службы, таму такая вялікая ўвага надаецца прафілактыцы іх захворванняў, шкодных звычак. Як бачым, накірункаў дзейнасці шмат і за кожным з іх стаіць здароўе лю­дзей, што патрабуе ад работнікаў Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі вялікай адказнасці.
З 2015 года Ганна Балабушка адказвае не толькі за сябе як спецыяліста, але і за свой невялікі калектыў аддзела гігіены. Наладзіць работу ў ім удаецца, за што яе і паважаюць калегі.

На здымку: загадчыца аддзела гігіены раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогііі Ганна Балабушка.

Опубликовано ГЧ № 31 от 19.04.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.