Пляцоўка для творчых

Не проста даваць урокі музыкі дзецям і дарослым, а арганізаваць творчую прастору для неабыякавых да музычнага мастацтва, творчасці, самаразвіцця людзей — гэтую ідэю цяпер актыўна рэалізоўвае маладая сям’я Алены і Андрэя Міцукоў, пра якую мы не так даўно расказвалі ўжо на старонках газеты.
Мнагадзетныя бацькі, рок-музыканты групы “Once”, Андрэй і Алена — у пастаянным творчым развіцці. Яны складаюць і запісваюць свае песні, выступаюць на сцэне. Але спыняцца на дасягнутым не жадаюць. Імкненне перадаваць свае веды, дзяліцца музыкай з іншымі, дапамагчы дзецям зрабіць першыя крокі ў свет творчасці натхніла іх на рызыкоўны, але важны крок – адкрыць сваю студыю музыкі і творчасці “Once”.
— Гэта будзе не зусім “школа” ў традыцыйным разуменні гэтага слова. Замест настаўнікаў, як бачыце, — у нас музыканты рок-групы, экзамены будуць замяняць справаздачныя канцэрты на вялікіх сцэнах не толькі ў нашым раёне, але і ў Брэсце. У нас не будзе сістэмы адзнак, а ўменні, якія набудуць выхаванцы, можна будзе ацаніць на творчых вечарынах, якія будзем здымаць на камеру.Увогуле плануем разнастайваць працэс навучання многімі цікавымі мерапрыемствамі, майстар-класамі музыкантаў, прафесіяналаў сваёй справы, — дзеліцца задумкамі настаўніца вакалу Алена Міцук.
Чаму навучаць у студыі? Асноўных накірункаў пакуль два: гэта ўрокі ігры на гітары (акустычнай, бас і электра) і ўрокі вакалу (народнага, эстраднага і рок-вакалу), тэорыі музыкі. Да кожнага навучэнца, па словах настаўнікаў, — індывідуальны падыход. У залежнасці ад канчатковай мэты першага, будуць падабраны праграмы навучання. Напрыклад, калі патрэбны толькі азы гітары ці чалавек жадае навучыцца іграць нейкія вызначаныя песні, Андрэй Міцук з радасцю дапаможа ў гэтым за непрацяглы тэрмін навучання. Тым жа, хто жадае вывучыць інструмент ад А да Я, спатрэбіцца не адзін месяц. Але планаў на будучае і патэнцыяльных новых накірункаў нямала. Плануюць Алена і Андрэй запрасіць спецыяліста выкладаць у студыі ўрокі ігры на фартэпіяна, а таксама адкрыць дзіцячае лялечна-драматычнае аддзяленне для дзяцей ад 7 да 13 гадоў, дзе яны пазнаёмяцца з гісторыяй тэатра, засвояць азы акцёрскага майстэрства і сцэнічнай мовы, адкрыюць для сябе мастацтва кіравання лялькамі, а таксама навучацца сваімі рукамі іх вырабляць.
Напэўна, не менш зацікавіць многіх і магчымасць займацца творчым развіццём дзіцяці з першых гадоў яго жыцця. Для гэтага студыя музыкі і творчасці “Once” прапануе курс “Музыка з мамай”. У чым яго сутнасць? Дзеці ва ўзросце 2-5 гадоў будуць прыходзіць на заняткі разам з мамай. У гульнёвай форме гэты дуэт разам з настаўнікам пачне далучацца да музыкі і творчасці: вучыцца спяваць, развіваць камунікатыўныя навыкі і гэтак далей.
— Мы робім упор больш на ін­дывідуальныя заняткі, але не выключаем варыянт, што будзем з цягам часу набіраць групы. Пакуль жа гэта больш падобна на рэпетытарства. Калі адзін на адзін з настаўнікам наведвальнікі студыі на працягу 45-60 хвілін авалодваюць падабранай спецыяльна для іх праграмай. Усе мы розныя, і, каб засвоіць нейкія навыкі, кожнаму патрэбны свае формы навучання, падыходы. Таму эфект ад індывідуальных заняткаў заўсёды большы, чым ад групавых, — тлумачыць Андрэй Міцук.
Студыя музыкі і творчасці не ўстанаўлівае ўзроставых абме­жаванняў. Настаўнікі запэўніваюць, што заняткі разлічаны на навучэнцаў любога ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі. “Не навучаем хіба толькі немаўлят”, — з гумарам адзначаюць музыканты. Усім астатнім абяцаюць дапамагчы авалодаць інструментам на годным узроўні ўжо праз некалькі заняткаў ці цалкам асвоіць яго па заканчэнні курса, развіць слых, авалодаць голасам, на базавым узроўні ведаць нотную грамату, навучыць арыентавацца ў музычных стылях, знайсці свой выканаўчы стыль, павысіць музычную культуру, перамагчы страх публічных выступленняў. Калі гаварыць пра саміх настаўнікаў, дык у Алены музычная педагагічная адукацыя па спецыяльнасці харавое дырыжыраванне (народны хор). Таксама яна прайшла навучанне эстраднаму вакалу ў анлайн-школе “Спяваць Лёгка”. Андрэй Міцук з 15 гадоў, можна сказаць, не выпускаў з рук гітару. Больш чым 5 гадоў быў арганізатарам і ўдзельнікам рок-групы «Misteria». У яго вялікі вопыт выступленняў на розных пляцоўках і фестывалях. Таксама ён піша музыку і аранжыроўкі да песень у розных стылях.
Алена і Андрэй мараць, каб студыя “Once” стала месцам для адпачынку, развіцця і творчасці моладзі. Каб на базе яе праходзілі розныя мерапрыемствы, трэнінгі, семінары. Таму прапануюць супрацоўніцтва рэпетытарам, прыватным настаўнікам, невялікім арганізацыям, аматарам музычных заняткаў, каб разам пера-тварыць сваю ідэю ў жыццё.
— Мы прапануем “студыю” з утульнай атмасферай, у якой будзе ўся неабходная тэхніка для навучальнага працэсу ці невялікіх мерапрыемстваў, разлічаных на 30-40 чалавек (магнітная дошка, калонкі, музычныя інструменты, мікрафон, гукаўзмацняльнікі). У нашым раёне, ведаю, ёсць шмат творчых людзей, якія жадаюць дзяліцца сваімі ведамі. Але для гэтага ў іх няма сваёй творчай пляцоўкі. Нямала і тых, хто захапляецца музыкай, але у іх няма памяшкання, інструментаў для самастойных заняткаў. Вось і ўзнікла ідэя падзяліцца сваёй творчай прасторай. І ў такім супрацоўніцтве з’явіцца, думаем, не адзін цікавы праект, — выказваюць надзею Алена і Андрэй Міцукі.
На здымку: настаўнікі студыі музыкі і творчасці “Once” Алена і Андрэй МІЦУКІ.

Опубликовано ГЧ № 31 от 19.04.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.