Са спортам сябраваць з дзяцінства

Тое, што здаровым быць – гэта цудоўна, выхаванцы Маларыцкага дзяржаўнага ясляў-сада № 4 ведаюць з малодшай групы. Што патрэбна для таго, каб не хварэць, раскажуць яны не горш за дарослых. Упэўніцца ў гэтым давялося, пабываўшы ў дашкольнай установе на свяце спорту і здароўя, якое было прысвечана Сусветнаму дню здароўя.

Да падрыхтоўкі да свята адказна аднесліся як арганізатары, так і маленькія яго ўдзельнікі і іх бацькі. Выхаванцы першай і другой малодшых груп павінны былі ў цікавай форме прэзентаваць сваю любімую садавіну і гародніну на “кірмашы вітамінаў”. З гэтых работ склалася цэлая выстава. Сярэдняя і старэйшая групы таксама не засталіся без дамашняга задання – на свята здароўя яны прынеслі фотаздымкі любімых спартсменаў. Фотагалерэя “Спартыўны кумір” даказала, што дзеці і іх бацькі ведаюць і паважаюць не толькі спартсменаў з сусветна вядомым імем, але і сваіх, беларускіх.
Сюрпрызы дзяцей і бацькоў у Сусветны дзень здароўя чакалі ля самай брамкі дашкольнай установы. Каб трапіць у садок, ім давялося прайсці спартыўную паласу перашкод, пагуляць з валанцёрамі райкама ГА “БРСМ”, пераапранутымі ў казачных герояў – мішку-Панду і Машу, са знакамітага мультфільма “Маша і Мядзведзь” (касцюмы прадаставіў гарадскі Дом культуры). Малышы вачэй не адводзілі ад любімых герояў, а таму ранішняя гімнастыка прай­шла разам з імі асабліва актыўна.
У садзе, як і ва ўсіх навучальных установах раёна, было шмат цікавых мерапрыемстваў на тэму здаровага ладу жыцця. Але дзецям ясляў-сада № 4 запомніцца спартыўнае свята “Здаровым быць здорава”. З цікавай інфармацыяй аб здароўі і правільным ладзе жыцця іх пазнаёмілі ў гульнёвай форме, а медалі і салодкія падарункі за іх невялікія дасягненні паказалі, што спорт – гэта занятак не толькі карысны для здароўя, але і прыемны. На свята завіталі і госці, якім таксама давялося размяцца ў Сусветны дзень здароўя, бо і іх чакала паласа перашкод. Людміла Бурштын, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, Галіна Селех, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму па дашкольнай адукацыі, Аляксей Дзямінскі, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ”, прайшлі ўсе этапы паласы паспяхова і атрымалі “пуцёўкі” на спартыўнае свята. На яго яны прыйшлі не з пустымі рукамі. Ад Беларускага фонду міру калектыў дашкольнай установы атрымаў коўдры для дзяцей і спартыўны інвентар, які будзе карысным у час рухомых заняткаў. Госці прынялі актыўны ўдзел у спартыўным свяце, дапамагалі дзецям гуляць і весяліцца.
Цікавай была і выстава спар­тыўнага абсталявання “Карысныя цацкі”, а таксама майстар-клас па выкарыстанні і вырабу нетра­дыцыйнага спартыўнага абсталявання для дзяцей і бацькоў. Парадаваў і той факт, што ўвесь калектыў дзіцячага сада ра­зам з яго загадчыцай Надзеяй Пстыга Сусветны дзень здароўя прытрымліваўся спартыўнага дрэс-коду, змяніўшы паўсядзённае адзенне на спартыўныя касцюмы.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
На здымках: у час дня зда­роўя ў Маларыцкім дзяржаўным яслі-садзе № 4.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 31 от 19.04.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий