“Assorti” выявіў лепшых

Чарговы раённы фестываль  вучнёўскіх тэатральных калектываў на замежнай мове “ASSORTI” сабраў прадстаўнікоў з 19 дзяржаўных устаноў адукацыі раёна, а дакладней 160 вучняў з другога па адзінаццатыя класы. На сцэне ДУА “Маларыцкая сярэдняя школа № 2” дзеці дэманстравалі не толькі добрае валоданне замежнай мовай (англійскай і нямецкай), але і выдатнае акцёрскае майстэрства.

Кожны тэатральны калектыў быў адзначаны пасведчаннем удзельніка за подпісам кіраўніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама Таццяны Лаўрэенка. Акрамя таго, журы адзначыла выступленні найбольш яркіх тэатральных калектываў, якія былі заахвочаны дыпломамі першай, другой і трэцяй ступеняў. У ліку прызёраў і вучні ДУА “Маларыцкая раённая гімназія” (кіраўнікі Алена Ляшчук і Людміла Грашук) і ДУА “Макранская сярэдняя школа” (кіраўнік Людміла Чагайда). А пераможцай стаў тэатральны калектыў ДУА “Маларыцкая сярэдняя школа № 1”, кіруе якім педагог Аксана Ярмалюк. Гэты калектыў вельмі ўпэўнена адчуваў сябе на сцэне. Гульня акцёраў захапіла гледачоў і журы сваёй зладжанасцю, а самі ўдзельнікі былі прасякнуты тэатраль­ным дзеяннем, якое суправаджалася ўдала падабранай музыкай. Акцёрам з дапамогай касцюмаў і тэатральных прыёмаў, напрыклад, танца з пальчыкавымі лялькамі-санта­клаўсамі, удалося стварыць не­паўторную святочную атмасферу калядных падзей па матывах дзіцячай кнігі Крыса ван Олсбурга “Палярны экспрэс”.
Трэба адзначыць, што колькасць тых, хто жадае ўдзельнічаць у тэатральных пастаноўках фестывалю, з году ў год павялічваецца. Пажадаем пераможцам удала выступіць на абласным аглядзе-конкурсе.
Тамара АБРАМЧУК, метадыст дзяржаўнай вучэбна-метадычнай установы “Маларыцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет”.
НА ЗДЫМКУ: у час выступлення тэатральнага калектыву – пераможцы конкурсу.
Фота Аксаны Ярмалюк.

Опубликовано ГЧ № 31 от 19.04.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий