“Прыгажосць” наадварот

Як назваць тых, хто ў цёмны час сутак спадцішка, як злодзеі, бурыць у родным горадзе створаную рукамі іншых агульную для ўсіх прыгажосць, утульнасць, гармонію? Варвары, вандалы, дзікуны, пітэкантропы… Як такіх людзей ні назаві, відавочна адно: іх агідныя ўчынкі варты асуджэння. Вельмі крыўдна і балюча, калі адны імкнуцца стварыць прыгажосць там, дзе жывуць, а другія яе бессаромна, легкадумна руйнуюць і знішчаюць.
За мінулыя выхадныя меў месца злачынны ўчынак у цэнтры горада. Насупраць магазіна “Вкусландия” невядомыя разбурылі частку клумбы. Эстэтам наадварот давялося прыкласці значную фізічную сілу, каб так “упрыгожыць” родны горад. Толькі для чаго такое геройства? Што падштурхнула людзей на такі бяздумны ўчынак, на акт вандалізму? Чаго ім не хапала? Што валодала людзьмі, чым кіраваліся яны ў час безразважнасці? Можа, нейкае незразумелае пачуццё ахапіла іх, ці злосць, ці агрэсія, ці насмешка над безабароннасцю клумбы, ці жаданне паказаць сваю сілу…
Знайсці такіх “знішчальнікаў” вельмі цяжка. Напэўна, амаль немагчыма.
Як тут не ўспомніць народную мудрасць, якая сцвярджае, што колькі вяровачцы ні віцца, а канец ўсё ж будзе. Акрамя таго, ёсць жа яшчэ Божы суд, суд уласнага сумлення (калі ёсць тое сумленне ў чалавека), суд грамадскасці.
Варта пра гэта не забываць!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: створаная за выхадныя “прыгажосць” ля магазіна “Вкусландия” ў Маларыце.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 34 от 3.05.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.