На карысць чалавеку і дзяржаве

Больш за 100 журналістаў з рэгіянальных СМІ краіны прынялі ўдзел у другім па ліку Форуме “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства”, які арганізавала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Мерапрыемства такога фармату праводзілася ў другі раз. Упершыню з кіраўніцтвам нацыянальнага прафцэнтра і Міністэрства інфармацыі прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі з рэгіёнаў сустрэліся ў снежні мінулага года. Тады размова ішла пра накірункі прафсаюзнай работы, якія важна журналістам данесці да чытача. Як адзначыла ў час новай сустрэчы Міністр інфармацыі Лілія Ананіч, у апошні час сюжэтаў і артыкулаў аб дзейнасці прафсаюзаў у сродках масавай інфармацыі стала адчувальна больш.
— Журналістыка Беларусі заўжды была стваральнай, — падкрэсліла яна. І заўважыла, што журналісты павінны расказваць аб тым, што пойдзе на карысць чалавеку і дзяржаве, аб сапраўдным жыцці, а прафсаюзы заўжды там, дзе сапраўднае жыццё.

З тымі задачамі, якія ставіць перад сабой нацыянальны прафцэнтр, пазнаёміў удзельнікаў Форуму старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Адказваючы на пытанні журналістаў, ён акцэнтаваў увагу на тым, як важна падтрымаць лю­дзей ва ўмовах мадэрнізацыі і рэструктурызацыі прад­прыемстваў. Дарэчы, жур­налісты рэгіянальных СМІ сталі сведкамі маштабнага абмеркавання праблемы трансфармацый на рынку працы, прыняўшы ўдзел у адкрыцці міжнароднага Форуму “Прафсаюзы і будучае сферы працы”. Глабалізацыя, рост канкурэнцыі ў экано­мі­цы, аўтаматызацыя, інфар­матызацыя і інтэнсіў­нае выкарыстанне прагра­міруемых устройстваў прыводзяць да таго, што некаторыя спецыяльнасці паступова старэюць і ў пер­спек­тыве будуць адыходзіць. Робаты выцясняюць ручную працу.У той жа час, разам з тэхналагічным прагрэсам з’яўляюцца новыя спецыяльнасці. Усе гэтыя пытанні абмяркоўвалі на Форуме прадстаўнікі ўрада краіны, эксперты ў вобласці працоўнага права, кіраўнікі і прадстаўнікі міжнародных прафсаюзных арганізацый з 30 краін свету.
З прыкладам 100-пра­цэнтнай мадэрнізацыі вы­творчасці і ў той жа час захавання пра­цоўных месцаў для ранейшай колькасці работнікаў пазнаёміліся журналісты ў час наведвання прадпрыемства “Камунарка”. Генеральны дырэктар яго Іван Данчанка не толькі пазнаёміў з гісторыяй фабрыкі, але і падрабязна расказаў прад­стаўнікам рэгіянальных СМІ аб прынцыпах кіравання персаналам і сацыяльнай абароне работнікаў. А яшчэ нас, журналістаў, чакала вельмі цікавая “салодкая” экскурсія па цэхах кандытарскай фабрыкі. У многіх здзейснілася, як кажуць, дзіцячая мара — пабываць у “шакаладным царстве”. Сучаснае абсталяванне, якое абслугоўваюць высокакваліфікаваныя спе­цыялісты, уразіла сваёй дасканаласцю, а смачныя вырабы прадпрыемства, якія захавалі якасць і запатрабаваны ў многіх замежных краінах, – сваім арыгінальным “камунаркаўскім” смакам.
Удзельнікі Форуму “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства” мелі магчымасць два дні пабыць у цудоўным куточку ў Жда­новічах — прафсаюзным санаторыі “Крыніца”. Між іншым, мала хто ведае, што гэтая ўстанова аказвае больш за 500 відаў медыцынскіх паслуг і мае цудоўную базу для лячэння і адпачынку. Пуцёўкі сюды, як і ў іншыя санаторыі, якія належаць ФПБ, прапаноўваюцца членам прафсаюза і іх дзецям з 25%-й скідкай.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ:
у час форуму.
Фота з архіва
партала 1PROF.by

Опубликовано ГЧ № 35 от 6.05.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!