«пА ІНІЦЫЯТЫВЕ ТАВАРЫША ЦВІРКО…»

 Першым пасляваенным пракурорам Маларыцкага раёна быў Фёдар Станіслававіч Цвірко. Родам ён — з Жыткавіцкага раёна. Выхадзец з сялянскай сям’і Фёдар Станіслававіч пасля заканчэння 8 класаў Жыткавіцкай сярэдняй школы служыў у рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, а затым працаваў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Жабкавіцкага райаддзела ўнутраных спраў. З 1938 па 1939 гады займаў пасаду намесніка старшыні Жыткавіцкага райвыканкама, год у саставе дзеючай рабоча-сялянскай Чырвонай арміі ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі і Украіны, ваяваў на фінскім фронце. З 1940 па 1941 гады займаў пасаду народнага суддзі Жыткавіцкага раёна, а затым тры гады ваяваў у дзеючай арміі, быў камандзірам батарэі на паўднёва-заходнім фронце і пад Сталінградам. З сакавіка па жнівень 1944 года займаў пасаду пракурора Зенькаўскага раёна Палтаўскай вобласці Украіны. Адтуль вярнуўся ў родную Беларусь і ў жніўні 1944 года быў пераведзены на пасаду пракурора Маларыцкага раёна.

Нягледзячы на адсутнасць юрыдычнай адукацыі пракурор Фёдар Цвірко эфектыўна праяўляў свае навыкі і ўменне, пра што сведчылі наступныя вынікі ў першы год работы ў нашым раёне (прыводжу некаторыя звесткі з характарыстыкі ў асабістай справе): ”Па ініцыятыве таварыша Цвірко ўзбуджаны справы аб растранжырванні прадуктовых і прамысловых тавараў старшынёй Велікарыцкага сельпо Губанавай (асуджана на 8 гадоў), аб парушэнні сацзаконнасці сакратаром Масевіцкага сельсавета Яжыцкім (асуджаны на 3 гады), аб растранжырванні харчавання кіраўніком нарыхтоўчай канторы Ветчынкіным (асуджаны на 5 гадоў), аб утойванні прагульшчыкаў начальнікам канторы сувязі Краўцовай (асуджана на 1 год папраўчых работ), аб растраце і прысваенні кааператыўных сродкаў загадчыцай магазіна Велікарыцкага сельпо Ігнацьевай (асуджана на 1 год папраўчых работ), аб злоўжыванні службовым становішчам старшынёй райспажыўсаюза Зарэцкім і загадчыцай базы Ляўчук (справа перададзена ў суд)…”
Аднак з-за цяжкага ранення, атрыманага ў Вялікую Айчынную вайну, якое прывяло да хранічнага захворвання касцей, і адсутнасці ўрача-хірурга Фёдар Цвірко не мог заставацца ў нашым раёне і пастаянна прасіў перавесці яго ў іншы раён, дзе быў кваліфікаваны доктар, які мог прааперыраваць пастаянна адкрытую рану. Пазней просьба Фёдара Станіслававіча Цвірко была задаволена. У 1947 годзе яго назначылі пракурорам Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.
Хацелася б успомніць і на­чаль­ніка аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці па нагляду за рабоча-сялянскай міліцыяй І. Н. Панкова. Яго пакінулі ў тыле фашыстаў для арганізацыі су­праціўлення ворагу. Са снежня 1941 года І. Н. Панкоў працаваў на Маларыцкім маслапроме. 25 чэрвеня 1942 года яго арыштавалі і ў той жа дзень расстраляла гестапа на гары Пясчатка, што на адлегласці 500 метраў на захад ад Маларыты. Гэтыя звесткі можна лічыць дакладнымі, бо праверку па факту расстрэлу Панкова ў 1945 годзе праводзіў Фёдар Станіслававіч Цвірко.
Раман ГУЗЮК, пракурор раёна.
НА ЗДЫМКУ: Фёдар
Станіслававіч ЦВІРКО.
Фота з архіва.

Опубликовано ГЧ № 35 от 6.05.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!