Зрабіць высновы ніколі не позна…

На пасяджэннях камісіі па справах не­паўналетніх райвыканкама рэдка калі абмяркоўваюць прыемныя факты. У большасці выпадкаў на кон пастаўлена абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей, далейшы дабрабыт падлеткаў, якія аступіліся. Членам камісіі даводзіцца разбірацца ў цяжкіх сямейных сітуацыях, калі непаўналетнія больш не могуць зна­ходзіцца разам са сваімі бацькамі, бо алкагольная залежнасць, жаданне быць вольным і неабцяжараным абавязкамі заглушыла іх бацькоўскія пачуцці, жыццёвыя ўмовы сям’і не дазваляюць быць там дзецям. А таксама дапамагаць бацькам, у якіх яшчэ ёсць шанц выправіць сітуацыю і стаць на шлях адказнага бацькоўства. Калі яны дакажуць, што дзеці для іх стаяць на першым месцы, дык дзяцей абавязкова вернуць у сям’ю. У іншых выпадках аб непаўналетніх будзе клапаціцца дзяржава.

1. Абразіў
у інтэрнэце – плаці
Адна з маларыцкіх школьніц у сацыяльнай сетцы абразіла жанчыну, з якой у яе быў канфлікт. Маладыя цяпер ні дня не могуць пражыць без інтэрнэту. Праз яго мы зносімся з сябрамі ў “фэйсбуку”, “уКантакце”, “аднакласніках”, абменьваемся фотаздымкамі ў “інстаграме”, чытаем навіны, робім пакупкі, слухаем музыку,глядзім фільмы і гэтак далей. Але далёка не ўсе, асабліва падлеткі, разумеюць, што інтэрнэт — гэта такая ж грамадская прастора, як і, напрыклад, дошка аб’яў, плошча, магазін. Усё, што б мы ні напісалі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, становіцца аб’ектам увагі іншых людзей. Асабліва, калі напісана гэта ад імя чалавека, а не пад “нікнэймам” на форуме. А таму адказнасць за правапарушэнні ў віртуальным свеце не меншая, чым у рэальным жыцці.
У апошні час вядзецца актыўная барацьба з правапарушэннямі ў інтэрнэце. Больш таго, праваахоўнікі трымаюць пад пастаянным кантролем усе сацыяльныя сеткі, сочаць за тым, каб не распаўсюджвалася забароненая інфармацыя (гэта інфармацыя, змест якой накіраваны на ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці, распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў, інфармацыя, якая ганьбіць гонар і годнасць іншай асобы).
За “пост” у сацыяльнай сетцы бацькам непаўналетняй давядзецца заплаціць штраф у памеры дзвюх базавых велічынь. У Беларусі адказнасць за абразу рэгулюецца артыкулам 9.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. За наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці чалавека “крыўдзіцель” можа быць аштрафаваны да дваццаці базавых велічынь. Каб чалавека прыцягнуць за гэтае парушэнне да адміністрацыйнай адказнасці, можна звярнуцца ў пракуратуру з заявай па факце абразы. Тады будзе праведзена адпаведная праверка. Што і зрабіла пацярпелая.
З гэтай гісторыі трэба зрабіць высновы і бацькам, і дзецям. Перш за ўсё бацькі павінны сачыць за тым, для чаго іх дзеці выкарыстоўваюць інтэрнэт. За сваё правапарушэнне школьніца пакарана штрафам, які павінен навучыць яе стрымліваць свае пачуцці, а не «выдаваць» іх у публічным месцы. Але ж за злачынствы ў інтэрнэце прадугледжана і крымінальная адказнасць. Гэта і трэба растлумачыць сваім дзецям. Усяго адзін рэпост, запіс могуць пакінуць пляму на біяграфіі падлетка.

2. За гонар
маці з кулакамі
Бацькі – гэта самае дарагое, што ёсць у кожнага з нас. З дзяцінства яны аддаюць нам усё самае лепшае, клапоцяцца, каб мы выраслі годнымі людзьмі. І калі нехта нават на словах крыўдзіць іх, дык добрае дзіця, вядома ж, лічыць неабходным заступіцца. Але ж у кожнага свае метады абароны гонару блізкіх.
Юнага А. маці выхоўвае сама. Таму не трэба тлумачыць, якую павагу і прыхільнасць да яе адчувае падлетак. Са сваім сябрам Д., які ў размове абразіў жанчыну,непаўналетні А. вырашыў разабрацца “па-мужчынску” – пры дапамозе кулакоў. Ён нанёс не менш за пяць удараў, пасля якіх яго апанент не змог утрымацца на нагах. Магчыма, усё і закончылася б на гэтым, калі б Д. ужо дома не стала дрэнна, з-за чаго яму давялося звярнуцца за дапамогай у медыцынскую ўстанову, дзе і знялі пабоі. У выніку быў складзены пратакол. Пакаранне ў выгля­дзе штрафу ад 2 да 30 базавых велічынь пагражала за такі ўчынак. Улічваючы тое, што юнак абяцаў больш кулакам волю не даваць і памірыўся ўжо з Д., яму назначылі мінімальны штаф у памеры дзвюх базавых велічынь, які давядзецца заплаціць маці за свайго “абаронцу”.
Камісія, зразумела, не асуджала імкненне юнака заступіцца за сваю маму, але ж вырашаць канфлікты ў далейшым раіла мірна. Тады і бацькоўскія затраты будуць меншыя, і на пасяджэнні камісіі больш ісці не давядзецца.

3. На шляху выпраўлення
Захаваць сем’і, не дапусціць, каб дзеці станавіліся сіротамі, калі бацькі жывыя і здаровыя, – прыярытэтныя задачы. Але іншы раз дзецям сапраўды будзе лепш, калі іх апекай зоймецца бліжэйшы сваяк, напрыклад, бабуля. Толькі далёка не ўсе бацькі, якіх камісія часова “адхіліла” ад выканання бацькоўскіх абавязкаў, не жадаюць займацца дзецьмі. Для многіх гэта становіцца штуршком выправіць сітуацыю…
15-гадовая дачка грамадзянкі Ш. цяпер жыве ў інтэрнаце. Але ў жанчыны яшчэ ёсць шанц вярнуць дзіця ў сям’ю, трэба толькі цалкам змяніць лад свайго жыцця, бо не проста так непаўналетняй спатрэбілася дзяржаўная абарона. Ужо праз два месяцы камісія заўважыла добрыя змяненні ва ўчынках маці. Яна ўладкавалася на працу, кінула шкодную звычку “заглядаць у бутэльку”, падтрымлівае добрыя зносіны з дачкой, цікавіцца яе поспехамі ў вучобе, наведвае яе. А значыць, маці зрабіла правільныя высновы, і, магчыма, у хуткім часе дзяўчынка вернецца ў родны дом.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

Опубликовано ГЧ № 37 от 17.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.