Аб’яднаў спартыўны запал

Моладзь – пакаленне энергічнае, імклівае. Ветэраны – людзі ўдумлівыя, мудрыя. Калі першае і другое аб’яднаць у адно цэлае, атрымаецца гарманічная каманда. Менавіта так вырашылі арганізатары “Турніру пакаленняў” – Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ”.

Пры актыўным удзеле раённага савета ветэранаў, наведвальнікаў клуба зносін для пажылых людзей “Незгасальны агеньчык” і раённай арганізацыі таварыства інвалідаў яны арганізавалі цікавае спартыўнае свята.
У незвычайным турніры ўдзельнічалі дзве каманды, у кожнай з якіх былі і ветэраны працы, і вучні раённай гімназіі. Такі падбор каманд быў даволі сімвалічным: людзей розных пакаленняў аб’ядноўвае імкненне быць здаровым, а ў гэтым дапамагаюць актыўны лад жыцця і фізічная культура. Тое, што ў адной камандзе былі людзі сталыя, здольныя прыняць мудрыя рашэнні, і вучнёўская моладзь – самая актыўная і энергічная частка маладога пакалення, дапамагло правесці спаборніцтвы, можна сказаць, “на роўных”. Дзве каманды “Падарожнікі” і “Аптымісты” выконвалі розныя конкурсныя заданні турніру. “Пераноска мячоў”, “Камандны скачок”, “Дартс”, “Вясёлы бадмінтон”, “Спартыўная эстафета”, “Газета”, “Бульба ў лыжцы” – усе гэтыя конкурсы прымусілі не толькі сабрацца з сіламі, праявіць сваю спрытнасць, але і згрупавацца маральна, маладым адчуць вопыт старэйшых, а старэйшым зразумець, наколькі бясцэнная энергія моладзі. Прыемны факт, што ўдзел у спаборніцтвах прымалі цэлыя сямейныя дынастыі. Пётр Іванавіч і Соф’я Лаўрэнцьеўна Якубчыкі, да прыкладу, былі сапернікамі па камандзе сваёй унучцы Ані.
І хоць былі ў турніры лідары, але ў выніку перамагла дружба. Гімназісты, якія прымалі ўдзел у спаборніцтвах, атрымалі салодкі падарунак ад РК ГА “БРСМ”, а ветэраны — падзякі за ўдзел ад спецыялістаў тэрытарыяльнага Цэнтра і старшыні раённага савета ветэранаў Уладзіміра Бойкі. Час прадстаўнікі двух пакаленняў правялі з карысцю і атрымалі зарад станоўчых эмоцый.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час спа­бор­ніцт­ваў.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 37 от 17.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.