ВЫМЯРАЙЦЕ СВОЙ ЦІСК – ГЭТА ВАЖНА

Кожны раз, калі мы наведваем урача, нам абавязкова вымяраюць артэрыяльны ціск. І гэта не выпадкова, таму што ён характарызуе стан нашай сардэчна-сасудзістай сістэмы. Калі артэрыяльны ціск 120/80 мм, значыць, турбавацца не трэба. Але калі ён дасягае 140/90 мм і ў далейшым павышаецца, неабходна тэрмінова звярнуцца да свайго ўчастковага ўрача. Такі ціск лічыцца высокім і небяспечным, вам пагражае  “артэрыяльная гіпертэнзія” ці “гіпертанія”. Гэтую хваробу часта называюць “маўклівым забойцам”, бо падкрадваецца яна непрыкметна, вядзе сябе ціха, але помсціць жорстка. 

Балявых сімптомаў у самым пачатку яе практычна няма, таму трэцяя частка гіпертонікаў даведваецца пра хваробу толькі па паказаннях вымярэння артэрыяльнага ціску. У нашай рэспубліцы ад гіпертаніі пакутуе каля 40% насельніцтва, а сярод людзей за 60 гадоў высокі ціск адзначаецца ў кожнага другога. У нашым раёне на дыспансерным уліку цяпер стаяць 4733 чалавекі, якім пастаўлены дыягназ артэрыяльная гіпертэнзія, ёсць і іншыя спадарожныя хваробы сэрца і сасудаў.
Высокая распаўсюджанасць выпадкаў павышанага крывянога ціску абумоўлена шматлікімі фактарамі, якія паддаюцца змяненню. Да іх адносяцца ўжыванне ў ежу прадуктаў, што ўтрымліваюць надта шмат солі і тлушчу, недахоп у нашым рацыёне садавіны і гародніны, лішняя вага і атлусценне, шкоднае ўжыванне алкаголю і курэнне, псіхалагічныя стрэсы і недастатковая фізічная актыўнасць.
Усё гэта залежыць ад нас саміх. Трэба ведаць, што павышаны артэрыяльны ціск аказвае неспрыяльны ўплыў на ўнутраныя органы і сістэмы, але больш за ўсё ад яго пакутуюць сэрца, сасуды, ныркі і галаўны мозг. Без лячэння гіпертанія часта прыводзіць да інфаркту міякарда ці інсульту галаўнога мозга. Артэрыяльны ціск — вельмі дынамічны паказчык, на працягу дня пры яго вымярэнні танометр можа паказваць розныя лічбы. У норме ноччу артэрыяльны ціск зніжаецца на 10 – 20%, а за 2 гадзіны да прабуджэння ён узнімаецца, дасягае свайго піку прыкладна да 8 – 10 гадзін ранку. Гэтае сутачнае ваганне з’яўляецца індывідуальным паказчыкам, яно мяняецца ў залежнасці ад стану арганізма, яго фізічнай нагрузкі і працягласці адпачынку. Гіпертонікам кантраляваць паказчыкі свайго ціску трэба пастаянна для карэкцыі лячэння. Пазбавіцца ад гіпертанічнай хваробы нельга, таксама як збіць ціск адным прыёмам таблетак і забыць. Але прыпыніць развіццё і пагаршэнне стану здароўя ад гэтай хваробы магчыма. На першай стадыі гіпертаніі, калі органы яшчэ ў нармальным стане, павышаны ціск можна адкарэкціраваць нават без лякарстваў – адмовіцца ад курэння, змяніць свой рацыён харчавання, дадаць фізічныя нагрузкі, захоўваць рэжым дня. На гэтай стадыі ёсць толькі павышаны ціск, які чалавек можа не адчуваць. На другой стадыі хваробы з’яўляюцца першыя прыкметы патаўшчэння сценак сэрца, змяненні ў мачы, галаўны боль, парушэнне зроку. Тут ужо неабходна прымаць гіпатэнзіўныя прэпараты, прычым пастаянна. На трэцяй стадыі хваробы ўтвараюцца тромбы, якія могуць закупорваць сасуды і прыводзяць да інфарктаў і інсультаў. Тыя, хто перажыў такую катастрофу, застаюцца інвалідамі пажыццёва і вымушаны пастаянна прымаць немалую колькасць таблетак. На жаль, большасць гіпертонікаў парушаюць прыёмы лякарстваў і іншыя рэкамендацыі ўрача. Толькі 4 з 10 пацыентаў выконваюць рэкамендацыі і назначэнні доктара. А гэта і прыводзіць да цяжкіх вынікаў і інваліднасці, таму варта падумаць, перш чым парушаць працэс прыёму лякарстваў.

Вольга КАВАЛЕЎСКАЯ, валеолаг цэнтральнай райбальніцы.

Опубликовано ГЧ № 37 от 17.05.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.