Будаўніцтва царквы – справа ўсеагульная

6 лістапада 2008г. у г.Маларыта прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да стагоддзя Мікалаеўскай царквы і 1020-годдзя хрышчэння Русі. Напярэдадні, вечарам, каля храма быў асвечаны памятны крыж. Пасля Бажэственнай літургіі была асвечана адноўленая ікона Маларыцкай Божай Маці “Замілаванне”. 

Яна з’яўляецца ўнікальным помнікам па свайму духоўнаму і гісторыка-куль­турнаму значэнню. Паводле звестак, да перанясення межаў Брэста пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці ікона знаходзілася ў адным з храмаў горада і перажыла яго пажар у канцы ХІХ стагоддзя. Пасля ўзвядзення новай царквы знаходзілася ў ёй да 1982г. Пазней ікона была вывезена супрацоўнікамі навуковай экспедыцыі і зна­ходзілася ў экспазіцыі Музея старажытнабеларускай куль­туры Акадэміі навук Беларусі. У ноч з 3 на 4 снежня 1991г. ікону ўкралі. Далейшы лёс яе невядомы.
На думку супрацоўніка Эрмітажа К.С. Пятніцкага (г. С.-Пецярбург), Маларыцкая ікона належыць пэндзлю афінскага майстра Нікаса Лам­будзіса, што пацвярджае параўнальны аналіз яе з дзвюма іншымі іконамі іканапісца, якія захаваліся да нашага часу.  Мастацтвазнаўцы перакананы, што па асаблівасцях стылю ікону можна аднесці да так званага палеалогаўскага адра­джэння па аналогіі з аднайменнай сербскай іконай з музея Нікасіі і датаваць яе канцом XIV-пачаткам XV стагоддзя.
У 2008г. па выявах, якія дайшлі да нашага часу, мастачка з в. Хаціслаў Святлана Герасімук зрабіла дакладны спіс Маларыцкай іконы Маці Божай “Замілаванне”. Яе змясцілі ў Мікалаеўскім храме, адкуль быў вывезены арыгінал.
…Напрыканцы 2012г. быў зарэгістраваны прыход у гонар Маларыцкай іконы Божай Маці, выдзелены зямельны ўчастак плошчай 1,05 га, зроблены праект. 2 ліпеня 2015г. на месцы, дзе планавалi земляныя работы па ўзвядзенні новага храма, быў адслужаны малебен на пачатак добрай справы. Цяпер вядуцца неабходныя работы для далейшага будаўніцтва царквы.
26 кастрычніка 2015г. адбыўся ўрачысты чын заснавання новага храма ў райцэнтры ў гонар Маларыцкай іконы Божай Маці. Епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Iаан у саслужэнні святароў Маларыцкага благачыння правёў чын заснавання новага храма. Епіскап Іаан на месцы будучага прастола ўстанавіў крыж. У падмурак алтарнай часткі была ўманціравана каменная пліта са словамі: “Во имя Отца, и Сына, и Святого Духа, основася храм сей в честь Малоритской иконы Божией Матери во граде Малорите Брестской епархии при святейшем патриархе Московском и всея Руси Кирилле, высокопреосвященнейшем Павле, митрополите Минском и Заславском, патриаршем Экзархе всея Беларуси, при святительстве преосвященнейшего Иоанна, епископа Брестского и Кобринского, в лето от сотворения мира 7523, от Рождества же по плоти Бога Слова 2015 13/26 октября”. Пасля гэтага епіскап Іаан выліў асвечаны алей на памятную каменную пліту, на каменныя пліткі па 4 вуглах храма.
Храм узводзяць на жалезабетонным падмурку з цэглы. Ён будзе мець 2 паверхі, акружаны галерэяй. Галоўную ролю ў кампазіцыі царквы мае цэнтральны купал, высока ўзняты на барабане і акружаны чатырма меншымі купаламі. Асноўнае памяшканне для тых, хто моліцца, будзе мець памеры 18 на 18 метраў.
Агульныя ж памеры храма – 18 на 30 метраў. Увесь будынак будзе нагадваць карабель. Яго мачтай і стане прытвор са званіцай вышынёй 28,35 метра (з крыжам – больш за 30 метраў). Вышыня цэнтральнага купала будзе 22,36 метра, 4 бакавых – 16,25 метра. Побач з царквой плануюць пабудаваць будынкі нядзельнай школы, бібліятэкі…
Свае грашовыя ахвяраванні на будаўніцтва новага храма ў Маларыце цяпер можна пакінуць у царкве, іконнай лаўцы, скарбонках, якія размешчаны ў розных гандлёвых кропках райцэнтра, а таксама пералічваць на разліковы рахунак 3015460861550 у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 120 філіяла Брэсцкага абласнога ўпраўлення адкрытага акцыянернага таварыства “Акцыянерны ашчадны банк “Беларусбанк” г.Маларыта, код 246, УНП 201020706.
Нядаўна адбыўся хрэсны ход ад Мікалаеўскай царквы райцэнтра да месца, дзе ўзводзіцца новы храм (ён будуецца ўнутры дворыкаў вуліц Маруды, д.21, 21/1, 23/1 і Школьная, д.15.). Там быў адслужаны малебен Божай Маці.
Неабходна памятаць, што бу­даў­ніцтва царквы – справа ўсеагульная. Толькі разам мы зможам узвесці храм у Маларыце. Не будзем забываць, што кожны, хто ахвяруе на будаўніцтва царквы, дае пазыку самому Богу. Нельга ўпусціць цяпер кожнаму з нас шанц пабагацець душой, адкласці ў скарбонку на небе!
На здымкУ: падчас хрэснага ходу да храма, які будуецца.

Опубликовано ГЧ №37 от 17.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий