Прадпрымальны махляр

Відаць, нядрэнна зарабляў 34-гадовы жыхар г. Кобрына на сваёй прадпрымальнасці. Схема атрымання даходу была хоць і не надта складаная, але ў некаторых выпадках, як і ў апошнім, вельмі і вельмі рызыкоўная. Прадпрымальнасць жа Уладзіміра праяўлялася такім чынам. Па танных цэнах ён скупляў матацыклы старых марак і прадаваў іх па запчастках. Калі браць апошні выпадак, можна меркаваць, што мець справу ён стараўся з людзьмі далёка не маладымі, разлічваючы, відаць, што яны ці мала, ці зусім не дасведчаныя ў плане таго, як канкрэтна выглядае кожная з купюр замежнай валюты. Ну і што яны больш даверлівыя.

На Аркадзя, жыхара вёскі Отчын, Ула­дзіміра навёў выпадковы знаёмы, з якім “прадпрымальнік” з Кобрына сустрэўся ў Маларыце. Першы і падказаў, дзе можна набыць стары матацыкл “МТ-9 Днепр”, і паказаў дарогу на Отчын. Аркадзь, да якога прыехалі купцы, сам пацвердзіў, што здзелка можа адбыцца. І назваў канкрэтную цану свайго тавару: 150 рублёў. Наяўных ва Уладзіміра не было, таму ён папрасіў уласніка матацыкла пачакаць, удакладніўшы пры гэтым, што абавязкова вернецца за матацыклам. І праз пэўны час, а дакладней, праз некалькі тыдняў вярнуўся. Прасіў гаспадара крыху ўступіць у цане. Праўда, той не толькі не даў на гэта сваё дабро, але наадварот павялічыў цану да 200 рублёў. Разумеючы, што Аркадзь незгаворлівы і што наяўных грошай, каб разлічыцца за матацыкл, у яго не хопіць, Уладзімір выкарыстоўвае другі варыянт, які, хутчэй за ўсё, ён добра прадумаў: ідзе на здзелку са сваім сумленнем, вырашае падмануць незгаворлівага прадаўца і завалодаць матацыклам, для чаго разлічваецца з ім дзвюма сувенірнымі купюрамі вартасцю ў 50 долараў кожная. А што Аркадзь? Ён без усялякіх сумненняў бярэ валюту, кладзе ў кішэню бушлата, купцы грузяць матацыкл у машыну. І едуць.
Далей — як у казцы. Калі машына кранулася з месца і паехала, прадавец дастаў з кішэні грошы і зразумеў, што яны не сапраўдныя, а са звычайнай паперы. Аркадзь наўздагон крычаў пакупнікам матацыкла, маўляў, навошта ж вы мяне падманулі, але ніхто яго ўжо не чуў. Прадаўцы хутчэй націскалі на газ. Добра, што Аркадзь сцяміў адразу патэлефанаваць у міліцыю. Па гарачых слядах прадпрымальнага махляра затрымалі супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы Маларыцкага райаддзела ўнутраных спраў, куды быў дастаўлены і матацыкл.
Што было далей? Суд. У час яго Уладзімір не толькі расказаў пра тое, як усё было, але і цалкам прызнаў сваю віну. А Аркадзь? Яму вярнулі матацыкл, Уладзімір добраахвотна заплаціў Аркадзю грашовую кампенсацыю за нанясенне маральнай шкоды ў памеры 20 рублёў. А гэта значыць, што матэрыяльных прэтэнзій да таго, хто яго ашукаў, ён не мае. А яшчэ — Аркадзь дараваў свайму крыўдзіцелю, не настойваў на строгай меры пакарання.
Толькі за ўчыненае трэба адказваць перад законам. Згодна з часткай 1 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а гэта завалоданне маёмасцю шляхам падману (махлярства), суд назначыў Уладзіміру пакаранне ў выглядзе арышту на 2 месяцы.
Паспее зрабіць за гэты час Уладзімір нейкія для сябе вывады? Хочацца спа­дзявацца.
Алена АНДРАЙЧУК,
вядучы спецыяліст суда раёна.
(З этычных меркаванняў сапраўдныя імёны герояў публікацыі зменены).

Опубликовано ГЧ  №  37 от 17.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.