Ажаніцца – не журыцца

“Жениться в мае – век маяться” – сцвярджае старадаўняя руская прымаўка. Верыць у такую прыкмету ці не, вырашаюць самі маладыя. І хоць май сваёй прыгажосцю, белай квеценню садоў так і настройвае на вясельную ўрачыстасць, колькасць заключаных у гэты месяц шлюбаў, як гаворыцца, “не зашкальвае”. 65 майскіх вяселляў згулялі маларытчане за апошнія 5 гадоў. А вось восенню, да прыкладу, у кастрычніку,  з 2012 па 2016 гады, было зарэгістравана 92 шлюбы. Між іншым, псіхолагі сцвярджаюць, што сем’і, якія былі створаны ў маі, больш моцныя. Магчыма, прычына ў тым, што той, хто сумняваецца ў сваіх пачуццях, не ўпэўнены ў іх сіле, больш верыць у прыкметы. А ўпэўнена да шлюбу ідуць тыя, хто звязаны моцным каханнем. 

Два гады назад па­знаё­міліся Вераніка і Аляксандр Зелянко. А сёлета ў маі вырашылі згуляць вяселле. І хоць так атрымалася, што дзень заключэння шлюбу выпаў на 13 чысло, ні на якія прыкметы ўвагі не звярталі.
— Будзе сямейнае шчасце ці не, не вырашае месяц года ці “дрэнны” дзень календара. Шчасце залежыць ад дваіх, ад іх пачуццяў, якія трэба захаваць, — мудра разважае Вераніка.
…Пад гукі марша маладая пара ўваходзіць у залу ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу. Для іх рассцелены вясельны ручнік, ён і яна засведчваюць, што іх рашэнне стаць мужам і жонкай асэнсаванае. І вось на пальцах ужо блішчаць заручальныя пярсцёнкі, маладыя віншуюць адзін аднаго першым сямейным пацалункам і кружыцца ў вальсе. Як і многія іншыя, Вераніка і Аляксандр не аднойчы ўжо былі сведкамі вясельнай цырымоніі. Але цяпер кожнае слова гучала менавіта для іх. І гэта было важным і каштоўным. Дарэчы, у час рэгістрацыі шлюбу маладых чакаў сюрпрыз. Паколькі іх вяселле прыпала на юбілейны для органаў загса год і папярэднічала святу – Дню сям’і, разам з начальнікам загса Маларыцкага райвыканкама Наталляй Камянчук маладых віншавала старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын. У падарунак новая беларуская сям’я атрымала кубкі з лічбай 100.
— Дажыць вам у пары да ста гадоў, каб дом быў поўнай сямейнай чашай, — жадала прадстаўнік грамадскага аб’яднання маладым.
З пачатку года ў аддзеле загса райвыканкама зарэгістравана 36 шлюбаў, 7 з іх – у маі.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: маладых віншуе старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 38 от 20.05.17г.

Поделиться:
  • 2
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!