“Мы – адна сям’я”

На кожнае свята, якое праходзіць у аддзяленні дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, збіраецца шмат гасцей. Але гэтая сустрэча была надзвычай шматлюднай. І не выпадкова. У аддзяленні адзначалі Дзень сям’і, і кожнаму з выхаванцаў хацелася бачыць побач тату і маму.
Кожная сям’я – гэта свой маленькі свет з радасцямі і праблемамі. І партрэт кожнай сям’і індывідуальны і непаўторны. У той жа час з асобных сем’яў, у якіх свае звычаі і традыцыі, складваецца вялікая сям’я аддзялення, якое наведвае некалькі дзясяткаў маладых людзей. Гэтай сям’і ўжо сем з паловай гадоў. І ўвесь час у аддзяленні дапамагаюць юнакам і дзяўчатам, у якіх ёсць пэўныя праблемы са здароўем, адчуць сябе карыснымі і таленавітымі. Пагартаць віртуальны альбом вялікай дружнай сям’і, адкрываючы святочную праграму, і запрасіла вядучая Ірына Андрэеўна Рубель. З дапамогай кароткіх пытанняў і адказаў можна было пазнаёміцца з сем’ямі Гаргун, Алесяюк, Завадскіх, Бяльчук, Калінчук, Крэнь, Назарук, Кацёл, Ігнацюк, Корань, Навумчык, Хроль і Лаўрэнюк. Хоць усе названыя сем’і розныя, іх аб’яднала на святочнай сустрэчы адно – дзеці. З іх творчасцю з цікавасцю знаёміліся бацькі.
Павіншаваць сем’і са святам прыйшла на сустрэчу дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Фёдараўна Алесік.
– У аддзяленні вы набылі другую дружную, моцную сям’ю, сяброў, падтрымку. І гэта цудоўна, – падкрэсліла яна. І пажадала сем’ям дабра, згоды, узаемаразумення і цярплівасці.
Мамы і таты, як і самі наведвальнікі аддзялення, былі на свяце не толькі гледачамі, але і непасрэднымі ўдзель­нікамі праграмы. Уся дружная сям’я аддзялення складала са слоў прымаўкі пра сям’ю, спявала песні, будавала праект дома сваёй мары.
Як і ў кожнай шчырай, гасціннай сям’і, у аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ёсць нямала сяброў. Многія з іх завіталі на “сямейнае” свята. Гэта і прадстаўнікі рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белмытнясэрвіс”, і дырэктар швейнай фірмы “ЭЛЛЕТТА” Юлія Кутковіч, і сястра міласэрнасці Маларыцкага сястрынства Любоў Колпікава. Як заўжды, яны прыйшлі са сваімі падарункамі. Але самым незвычайным падарункам было выступленне ілюзіяніста Сяргея Палячука, які здзівіў усіх фокусамі.
Свята ў доме – гэта пачастункі. Усю дружную сям’ю аддзялення чакала чаяпіцце з ласункамі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час свята.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 38 от 20.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий