“І БЕРАЖЫ, СЫНОК, СЯБЕ!”

18 мая 2017 года. 7 гадзін раніцы. Райваенкамат. Сярод немалой колькасці тых, хто тут сёння сабраўся, прызыўнікоў можна пазнаць адразу: яны крыху засмучаныя, задуменныя. Стараюцца не адыходзіць ад бацькоў, сяброў, знаёмых, бо яшчэ некалькі хвілін… і паехалі.
Маю ўвагу прыцягвае высокі, статны і сур’ёзны на выгляд малады чалавек. Заўважаю, што ён не адзін, побач — тата і мама. Знаёмімся.
— Юра,-нясмела называе сябе юнак,-з Ланской я.
Цікавімся, у якіх войсках будзе служыць. Малады чалавек з нейкай доляй гонару тлумачыць, што запрошаны ў элітныя — пагранічныя. Сумнявацца не даводзіцца, бо нават калі браць толькі знешнія дадзеныя, Юрый Гаўрылюк цалкам падыходзіць да службы ў такіх войсках. Да ўсяго, на руках у яго дыплом інжынера-механіка, які атрымаў пасля заканчэння Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Ды і не толькі дыплом. 10 месяцаў Юра паспеў адпрацаваць у адной з арганізацый аўтасэрвісу г.Брэста, таму ў армію ён ідзе, як гавораць, “падкаваным”і тэарэтычна, і практычна.
— Слухайся камандзіраў і ніколі не пярэч ім,-як бывалы салдат яшчэ раз дае Юрыю наказ бацька.
— І беражы, сынок, сябе,-абдымае і цалуе Юру мама. Хваляванні бацькоў зразумелыя. Ім, як і ўсім родным, хочацца, каб дарагія людзі здаровымі вярнуліся дамоў, годна адслужыўшы патрэбны тэрмін. Хаця ў бацькоў, відаць, ёсць упэўненасць, што сын не падвядзе. Стараліся ж выхаваць яго добрым чалавекам: паслухмяным, шчырым, адказным, бо, думаю, самі такія. Бацька Юрыя Іван Гаўрылюк 29 гадоў працуе ў аварыйнай службе раёна газазабеспячэння, мама Вольга Гаўрылюк — 10 гадоў у дзіцячым садку ў в.Ланская. А гэта гаворыць пра многае.
Дзяніс Алесік, з якім таксама знаёмімся,-у ак­ружэнні найбольшай кампаніі. Тут і бацька, і сёстры, і цётка, і пляменнікі.Таццяна Панцялеева, цёт­ка Дзяніса, жартуе, што ля райваенкамата прапісалася ўжо. Некалькі дзён таму назад яна з сям’ёй праводзіла ў армію сына Рамана. Не паспела адысці ад тых эмоцый, як нахлынулі новыя. Пляменнік для яе тое ж самае, што і сын, таму і сёння на яе сэрцы тужліва. І хоць усяляк стараецца схаваць слёзы, не атрымліваецца. Між іншым, і сын Таццяны Панцялеевай Раман, і яе пляменнік Дзяніс будуць служыць таксама ў элітных войсках. Бо хлопцы яны і з вышэйшай адукацыяй, і зноў жа з практычнымі навыкамі, і, калі меркаваць па іх, самастойныя, адказныя, дысцыплінаваныя і фізічна моцныя.
…Ваенны камісар раёна Аляксандр Праўдзін па чарзе называе прозвішчы прызыўнікоў, уручае кож­наму з іх ваенныя білеты. Затым дае каманду са­дзіцца ў аўтобус. Яшчэ раз робяць наказ у дарогу бацькі, паціскаюць рукі сябры, абдымаюць і цалуюць мамы, каханыя. І — у шлях-дарогу, а дакладней, на абласны зборны пункт, дзе прызыўнікоў дасканала агледзяць члены абласной урачэбнай камісіі, у адзіным дзяржаўным банку дадзеных правераць інфармацыю аб дачыненні іх да правапарушэнняў. А затым юнакі паедуць у воінскія часці, дзе будуць служыць.
Спадзяемся, служыць годна, аберагаючы і сваю Радзіму, і нас.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымках: ваенны білет Дзянісу АЛЕСІКУ ўручае ваенны камісар раёна Аляксандр ПРАЎДЗІН; словы нак­азаў у дарогу Юрыю Гаўрылюку яшчэ і яшчэ раз даюць бацькі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 39 от 24.05.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!