Клас для дваіх

Факт, падобны гэтаму, яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму назад здаваўся б унікальным. А сёння  ён не рэдкасць. Бо, на жаль, у многіх школах ёсць малалікія класы, дзе не пяць, не тры, а адзін ці два вучні.

У Велікарыцкай сярэдняй школе імя П. В. Саевіча дзявяты клас сёлета заканчваюць таксама толькі двое: Даша Гаўрылюк і Саша Крупта.
…Якраз перапынак, і мы паспяваем пазносіцца з Сашам і Дашай. Першае, што мяне цікавіць, ці сябруюць яны? Даша з непасрэднай дзіцячай шчырасцю прызнаецца, што яны з Сашам проста аднакласнікі. Магчыма, таму, што ў кожнага — свае інтарэсы і свае схільнасці да вучобы. Хаця, калі трэба, адзін аднаго выручаюць.
Якія прадметы ў кож­нага лю­бі­мыя? Даша з адказам крыху марудзіць, думае, хаця, калі меркаваць па тым, да якой прафесіі яна неабыякавая яшчэ з маленства, – а гэта ветэрынарная медыцына, адназначна, што біялогія. У Сашы ж схільнасць да дакладных навук, асабліва матэматыкі, таму ён з нецярпеннем чакае кожны ўрок яе. Тым больш, што гэты прадмет у іх выкладае добры прафесіянал і вельмі шчыры чалавек — Віктар Міхайлавіч Багнюк. Кожны ўрок ён стараецца зрабіць нейкім адкрыццём. І не толькі ў плане вывучэння новых ураўненняў, графікаў, тэарэм. У настаўніка ёсць унікальная магчымасць даваць сваім вучням і ўрокі чалавечнасці, чаму нярэдка спрыяюць шчырыя размовы з Сашам і Дашай на самыя розныя тэмы, у тым ліку і маральныя.
— Нестандартная сі­туацыя ў класе, — задаю чарговае пытанне Дашы і Сашы, — абавязвае вас старанна рыхтавацца да кожнага ўрока і кожны раз? Спа­дзявацца на тое, што, можа, настаўнік заўтра ўжо не выкліча, не даводзіцца.
— І ў гэтым няма ні­чо­га дрэннага, — з усёй сур’ёзнасцю адказвае Саша. – Больш будзем ведаць.
Калі меркаваць па ся­рэд­ніх балах, а іх назвалі самі вучні, паспяваюць Саша і Даша нядрэнна: у кожнага сярэдні бал набліжаецца да 9. Нягле­дзячы на тое, што выкананне хатніх заданняў у дзевяцікласнікаў штодзённа займае нямала часу, яны выкройваюць яго не толькі для таго, каб пасядзець ля камп’ютара, але і для сваіх захапленняў. У Сашы – гэта электратэхніка, у Дашы – маляванне. Зрэшты, цяпер яна ўжо больш падумвае аб прафесіі дызайнера адзення, хаця па-ранейшаму душы не чуе ў хатніх жывёлінах, якіх у іх дома нямала.
Хацелася б Сашу і Дашы мець больш аднакласнікаў? Безу­моўна. Хаця яны ўжо прывыклі да таго, што іх толькі двое – як-ніяк, а ў такім складзе Саша і Даша пачалі вучыцца яшчэ ў 7-ым класе.
Чым плануюць дзе­вяцікласнікі займацца летам? Па-першае, трэба паспяхова здаць экзамены за курс базавай школы, ну а затым – адпачываць. Не выключана, што і ў аздараўленчым лагеры. Там жа можна завесці сяброў сярод сваіх аднагодкаў, якіх цяпер так не хапае Сашу і Дашы.
Ці будуць вучыцца ў школе далей? Безумоўна. Каб набыць прафесіі, аб якіх мараць, абавязкова трэба сярэдняя адукацыя. Ды і не хочацца так рана развітвацца са школаю, дзе ўтульна і камфортна; з бацькамі і родным домам, дзе іх любяць і заўсёды чакаюць.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: дзевя­цікласнікі Велікарыцкай сярэдняй школы Са­ша КРУПТА і Даша ГАЎ­РЫ­ЛЮК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 40 от 27.05.17 г

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!