Хто такі сябар?

На адным з урокаў з 7 “А” класам мы вучыліся пісаць нататку. Дзеці атрымалі заданне — выказаць у нататцы сваё меркаванне на тэму: “Каго можна назваць сапраўдным сябрам?”. Цікавых думак, асабістых назіранняў, выcноў з жыцця наконт сяброўства ў дзяцей аказалася шмат. Многімі з іх хочацца падзяліцца, бо і дарослым не будзе лішнім успомніць дзіцячыя прынцыпы сапраўднага сяброўства, якімі не трэба грэбаваць і ў сталым жыцці.

Кацярына Арлоўская:
— Сяброўства – гэта светлая, цесная і бескарыслівая сувязь, якая трымаецца на паразуменні, павазе, прыхільнасці. У сяброўстве важныя і такія якасці, як дабрыня, сумленнасць, пачуццё гумару. Сапраўднае сяброўства правяраецца часам. Толькі праз гады мы можам даведацца, хто сябар, а хто проста добры знаёмы. Я так думаю: калі ты хочаш, каб цябе назвалі сапраўдным сябрам, трэба самому быць такім жа…сапраўдным.
Андрэй Алесік:
— У кожнага чалавека ёсць сябры. У кагосьці іх шмат, а ў некаторых зусім мала. Але сапраўднага сябра мае не кожны. На маю думку, сапраўдны сябар — гэта чалавек, які ніколі не здрадзіць, не пакіне ў бядзе. Часта ж бывае, што бяду сябар можа падзяліць і дапамагчы, але радасцям і поспехам можа пазайздросціць. Часам мы крыўдзім сваіх сяброў і не можам папрасіць прабачэння з-за гонару. Шкада. Для мяне вельмі важна, каб мой сябар мог зразумець мяне, а калі і асудзіць, дык гледзячы мне ў вочы, а не за спіной. Складана знайсці чалавека, з якім можна сябраваць па-сапраўднаму. Людзі, якія маюць такіх сяброў, самыя шчаслівыя людзі на свеце!
Дзмітрый Самасюк:
— Мець сяброў – гэта цэлая навука. Вельмі складана знайсці сапраўднага сябра, і гэта не можа не хваляваць. Сябар не проста чалавек, з якім можна пагаварыць. Ён выратуе цябе з бяды і выслухае тваю гісторыю, нават, калі яму гэта не вельмі цікава. Сябраваць могуць не толькі людзі, але і гарады, і цэлыя краіны. Людзі не могуць жыць без сяброў. І я веру, што колькасць сапраўдных сяброў будзе толькі павялічвацца!
Надзея Абдо Раджэх:
— Як добра, што ёсць сябры! Сябар дзеліць з табою і гора, і радасць, і нават кавалачак хлеба напалову. Нездарма народная мудрасць гаворыць: “Сябар пазнаецца ў бядзе”, а мне здаецца, не толькі ў бядзе, але і ў радасці. Сапраўдны сябар ніколі не раскажа твой сакрэт, не будзе зайздросціць тваім поспехам і ўдачам. Як прыемна ісці побач з сябрам і ўсведамляць, што ў цябе ёсць апора і падтрымка на ўсё жыццё. Я лічу, што ў сапраўдным сяброўстве няма месца для саперніцтва, сябар падзяляе твае погляды і імкненні, хоць яны не заўсёды аднолькавыя. У народзе таксама кажуць: “Няма сябра – шукай, а знайшоў — беражы”, і я згаджаюся з гэтым.
Мікіта Серада:
— Сябар — гэта чалавек, які можа адкрыта сказаць пра твае недахопы, дапамагчы ад іх пазбавіцца. Сапраўдных сяброў не бывае шмат. Сябраваць трэба вучыцца з дзяцінства. Сяброўства – неацэнная рэч. Яго нельга купіць, яго можна зарабіць сіламі сваёй душы. Сапраўднае сяброўства – гэта, перш за ўсё, упэўненасць у тым, што чалавек цябе не пакіне, не здрадзіць у цяжкую хвіліну, будзе трымаць у таямніцы тое, што ты яму сказаў, даверыў. Вось гэта для мяне самае галоўнае ў сапраўдным сяброўстве!
Крысціна Літвіненка:
— На мой погляд, сапраўдным сябрам лічыцца той, хто цябе разумее, хто заўжды гатовы дапамагчы ў бядзе, хто шчыра радуецца тваім поспехам і, нарэшце, той, хто гатовы, калі трэба, справядліва пакрытыкаваць, падказаць выйсце са складанага становішча. Вельмі часта чую прыкладна такія словы: “Якім цяжкім стала жыццё. Якімі злымі зрабіліся людзі. Сябар сябра гатовы прадаць за кавалак каўбасы. Ды і пра сяброў усе забываюць.” З пачутага я раблю выснову: зразумела, час, у якім мы жывем, — складаны. А сяброўства, якое прадаецца за кавалак каўбасы, нельга назваць сяброўствам. Я лічу, што не трэба кожны дзень хадзіць адзін да аднаго ў госці, галоўнае, калі прыйдзеш да сябра са сваёй радасцю ці бядою, пабачыць у яго вачах шчырую падтрымку, радасць за твае поспехі ці спачуванне тваёй бядзе.
Таццяна КАРАБЕЙКА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Опубликовано ГЧ № 41 от 31.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.