“Планета” для дзяцей

Што любяць дзеці? Танцаваць, маляваць, спяваць, атрымліваць звесткі пра нешта новае і цікавае, а таксама гульні, цацкі, клоўнаў… У Дзень абароны дзяцей у гарадскім парку традыцыйна ладзіцца сапраўднае свята, на якім кожны юны маларытчанін можа знайсці забаву па сваіх інтарэсах, стаць удзельнікам канцэртна-гульнёвай і спартыўнай праграм. Адкрыў мерапрыемства Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама.

Каб падарыць у гэты дзень радасць дзецям, на свяце былі задзейнічаны многія службы, установы, арганізацыі. Супрацоўнікі пагранічнай камендатуры “Маларыта”, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і райа­ддзела ўнутраных спраў на некалькі гадзін адклалі свае важныя справы, каб прадэманстраваць дзецям абсталяванне, тэхніку і ўзбраенне. Хлопчыкам і дзяўчынкам усіх узростаў было цікава пасядзець у пажарным аўтамабілі, а таксама службовай машыне дзяржаўтаінспекцыі, прыняць удзел у віктарыне па пажарнай бяспецы і атрымаць за гэта падарункі. Магчымасць сфатаграфавацца з пагранічным сабакам і пагладзіць яго не ўпускалі маленькія маларытчане. Ля ўніверсальнага спартыўнага цэнтра “Жамчужына” разгарнулася 11 тэматычных пляцовак, на кожнай з іх дзяцей чакалі прыемныя сюрпрызы.

Напрыклад, пляцоўкі “Здароўе” і “Мой выбар — жыць з пазітывам”, якія арганізавалі цэнтральная раённая аптэка № 14, раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, сацыяльна-педагагічны Цэнтр, праз гульні, віктарыны,гутаркі агітавалі за здаровы лад жыцця. Асаблівай папулярнасцю карысталася праграма, якую падрыхтавалі спецыялісты раённай аптэкі. За правільныя адказы ў віктарыне аб вітамінах дзеці атрымлівалі смачныя і карысныя падарункі, а таксама яны змаглі адчуць сябе правізарамі, прымераўшы белы халат і ўзважваючы на аптэчных вагах цукар.
У чэргі выстройваліся маленькія маларытчане ля “Станцыі прыгажосці”. На ёй дзецям рабілі прычоскі, манікюр і аквагрым. Не праходзілі дзяўчаты і хлопцы міма “Кніжнай” пляцоўкі. Бібліятэкары зацікаўлівалі дзяцей не толькі кніжнай выставай, але і “жырафам-растамерам”. На “творчай” пляцоўцы можна было ўбачыць выставы работ, выкананыя рукамі выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, вырабаў з самых розных матэрыялаў, якія прадставіў Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці. Тут, прама на свежым паветры, была магчымасць павучыцца ў майстроў, як плесці розныя рэчы з саломкі, пацерак, рабіць цікавыя вырабы для дэкору дома. Спецыялісты раённага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на пляцоўцы “Зрабі сам” паказалі дзецям, як з паперы змайстраваць самалёцік, птушку і многае іншае. На “Востраве малявання” для дзяцей былі пад­рыхтаваны фламастары, крэйда, фарбы, мыльныя бурбалкі, з дапамогай якіх можна было авалодаць тэхнікай нетрадыцыйнага малявання. Самыя маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі весяліліся на матах з цацкамі, мячамі, канструктарамі.
Размінку, што падбадзёрвала, з казачнымі персанажамі правяла Ала Шабогіна, культарганізатар раённага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Мноства шчаслівых эмоцый выклікала ў юных маларытчан гульнёвая праграма клоўнаў з Брэста.
А ў спартыўнай зале “Жамчужыны” прайшла спартландыя “Мама, тата, я – спартыўная сям’я”. Прыемна было ўбачыць столькі маладых, актыўных, спартыўных сем’яў разам. А ўдзел у спаборніцтве прынялі 8 сем’яў, якія прадстаўлялі дашкольныя ўстановы Маларыты. Такія спартландыі не толькі выхоўваюць любоў да спорту, але і згуртоўваюць сям’ю. Дзеці шчаслівыя ў той сям’і, дзе побач з імі дружна па жыцці ідуць мама і тата.
Камандам сем’яў Пракапук, Перкавец, Аўдзіюк, Каратынскіх, Тугарынавых, Дзямчук, Бягеза і Юнчык трэба было прайсці праз пяць выпрабаванняў. Эстафеты “Разміначная”, “Бег пінгвінаў” і “Сям’я ў абручы” паказалі не толькі спрытнасць бацькоў і дзяцей, але і ўменне падтрымліваць адзін ад­наго, быць сапраўднай камандай. А вось эстафеты “Трайны скачок” і «Здаравякі» праверылі ўсіх членаў сям’і на сілу і вытрымку. Парадавалі журы не толькі спартыўныя здольнасці каманд, але і іх знешні выгляд. Напрыклад, пераможца спарт­ландыі сям’я Дзямчук, якая прадстаўляла яслі-сад № 5, была апранута ў цяльняшкі і рознакаляровыя гальштукі. Другое месца журы прысудзіла сям’і Тугарынавых, а трэцяе заняла сям’я Каратынскіх (абедзве каманды з ясляў-сада № 6).
Усе ўдзельнікі спарт­ландыі атрымалі сувеніры ад “Беларускага фонду міру” і сертыфікаты на наведванне цырульні ад камбіната бытавога аб­слугоўвання. Пераможцам і прызёрам спаборніцтва падарункі ад раённага камітэта “БРСМ” і спонсараў мерапрыемства ўручылі Валянціна Жалнерык, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, і Галіна Селех, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму па дашкольнай адукацыі.
Да самага вечара ў гарадскім парку гучала музыка, спявалі і танцавалі дзеці. Гэта гукі “Планеты дзяцінства” запрашалі на свята дзяцей і іх бацькоў.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

На здымкУ: сям’я Дзямчук, пераможца спартландыі “Мама, тата, я – спартыўная сям’я”.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ №43 от 7.06.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!