Абараняючы інтарэсы чалавека працы

У час рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам кіраўнік дзяржавы адзначыў: прафсаюзы, у якіх налічваецца больш за 4 мільёны чалавек, – адна з моцных арганізацый у жыцці нашага грамадства. У цэлым работа прафсаюзаў – гэта актыўная дзейнасць прафсаюзных арганізацый на месцах. Якая канкрэтна? Карэспандэнту газеты расказаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Строк.

— Сяргей Іванавіч, давайце пачнем размову з лічбаў. Што ўяўляе сабой аб’яднанне прафсаюзаў нашага раёна? Колькі людзей аб’ядноўвае праф­саюз?
— Раённае аб’яднанне прафсаюзаў — гэта 4 галі­новыя райкамы праф­саюзаў — работнікаў АПК (21 пярвіч­ная арганізацыя), работнікаў адукацыі і навукі (35 “пярвічак”), дзяржаўных і іншых устаноў (11 “пярвічак”), работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму (4 прафсаюзныя “пярвічкі”). Усяго 96 пярвічных прафсаюзных арганізацый і прафгруп, якія аб’ядноўваюць у раёне больш за 8 тысяч членаў прафсаюза.
— Пад увагай праф­саюзаў знаходзяцца мно­­гія пытанні. Гэта і занятасць, і аплата пра­цы, і забеспячэнне сацыяльных гарантый. Наколькі ведаю, быць у курсе падзей дапамагаюць маніторынгі сацыяльна-эканамічнага стану на прадпрыемствах і ў арганізацыях, якія вы праводзіце.
-Так, сапраўды вывучаць сітуацыю дапамагаюць прафсаюзныя маніторынгі. Практыка паказвае, што сёння вельмі важна весці дыялог з сацыяльнымі партнёрамі, наймальнікамі, работнікамі. Інакш вырашаць праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць, проста немагчыма. Работнікаў хвалююць пытанні ўстанаўлення няпоўнага працоўнага часу (перавод на 0.75 ці 0,5 стаўкі), нізкай заработнай платы, кантрактнай формы найму і асабліва прыёму на работу па дагавору падраду. Такі дагавор заключаецца на выкананне пэўных работ і пасля завяршэння іх часцей за ўсё не працягваецца. На работніка не распаўсюджваюцца нормы калектыўнага дагавору, можа не выдавацца спецадзенне, часцей за ўсё выплачваецца нізкая зарплата, ён не мае права на водпуск, у выпадку траўміравання работніка ўзнікаюць праблемы з выплатай грашовай кампенсацыі. На жаль, на некаторых прадпрыемствах няпоўная занятасць сёння — вымушаная мера для захавання вытворчасці. У такім выпадку галоўная задача — забяспечыць усе выплаты, якія гарантаваны работніку заканадаўствам і калектыўным дагаворам. У абсалютнай большасці няпоўная занятасць — гэта мера вымушаная. Як правіла, прадпрыемствы вяртаюцца да паўнацэннай работы.
— Калі размова зайшла пра калектыўны дагавор, давайце спынімся на тым, якія патрабаванні сёння да яго прад’яўляюцца?
— Важна, каб калектыўны дагавор не быў фармальным, а ўтрымліваў нормы, якія прадугледжаны Генеральным, мясцовым і галіновым пагадненнямі і сапраўды абараняў работніка, забяспечваў яму дастойныя ўмовы працы і яе аплаты.
— Не будзе перабольшваннем сказаць, што сёння ўсіх хвалюе сітуацыя з беспрацоўем. Якія пазіцыі ў гэтым пытанні адстойваюць прафсаюзы, у тым ліку і раённае аб’яднанне прафсаюзаў?
— Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі працуе над стварэннем кампенсацыйных механізмаў, якія павінны забяспечыць чалавеку, што пра­цуе, большую ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Размова ідзе аб страхаванні ад беспрацоўя і страхаванні рызыкі нявыплаты зарплаты пры банкруцтве прадпрыемстваў. Гэта будзе выгадна не толькі работнікам, але і наймальнікам, якія змогуць сканцэнтраваць увагу на прадпрыемстве, пошуку інвестараў, а не на думках аб тым, дзе знайсці сродкі, каб разлічыцца з работнікамі. Страхаванне павінна забяспечыць чалавеку, які застаўся без работы, вяртанне ад 40 да 70 працэнтаў страчанага заробку ў перыяд пошуку новай работы ці перанавучання. У пытаннях норматворчай дзейнасці Федэрацыя прафсаюзаў прапануе пры разглядзе праекта Указа Прэзідэнта краіны “Аб дадатковых мерах па забеспячэнні сацыяльнай падтрымкі некаторых катэгорый беспрацоўных” устанавіць грашовую дапамогу для сумленных работнікаў, якія звольнены ў сувязі з тым, што з імі не перазаключылі кантракт, у памеры 75 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму і 50 працэнтаў пражытачнага мінімуму для тых, хто звольнены па іншых прычынах. Прапануюць прафсаюзы і ўстанавіць мінімальную зарплату на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту для сям’і з чатырох чалавек, а таксама ўносяць многія іншыя прапановы ў заканадаўства.
— Адна з асноў дзейнасці прафсаюзаў – ахова працы. Што прадпрымаецца ў гэтым накірунку?
— На прадпрыемствах працуюць грамадскія інспектары па ахове працы. Іх роля важная, бо яны, можна сказаць, абараняюць здароўе і жыццё сваіх калег. Найбольш актыўна грамадскія інспектары працуюць у ААТ “Маларыцкі кансервава­гароднінасушыльны камбі­нат” і КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”. Калі мова зайшла пра грамадскіх інспектараў, не магу не сказаць аб важнасці таго, каб такому інспектару быў вызначаны час для грамадскай работы і ўстаноўлена хоць невялікае матэрыяльнае заахвочванне. Гэта будзе садзейнічаць актыўнасці. Яшчэ дапамогу нам аказвае рэйдавая група абласнога аб’яднання прафсаюзаў, якая штогод наведвае раён, а тэхнічныя інспектары галіновых прафсаюзаў сістэматычна працуюць у сваіх падведамасных арганізацыях. Трэба адзначыць, што ўзровень вытворчага траўматызму ў раёне зніжаецца. У 2015 годзе было 5 выпадкаў траўматызму, з іх 1 — смяротны, у 2016 годзе – 3 выпадкі (смяротных не было), а сёлета з пачатку года – пакуль ніводнага.
— Два гады назад прафсаюзы пачалі праводзіць прававыя прыёмы грамадзян. На ваш погляд, гэтая практыка сябе апраў­дала?
— Безумоўна. Прафсаюзныя юрысты вядуць прыём не толькі ў раённым аб’яднанні прафсаюзаў, але і выязджаюць на прадпрыемствы, дзе ёсць нейкія пытанні, праблемы, каб дапамагчы іх вырашыць і адказаць на пытанні працоўных. Усё, што трэба зрабіць чалавеку для атрымання прафесійнай юрыдычнай дапамогі, – гэта прыйсці на прыём, які праводзіцца кожны месяц у апошні чацвер. Летась прыёмаў было 9, у час іх зададзена 11 пытанняў. Чатыры прафсаюзныя прыёмы прайшлі сёлета. За дапамогай да прававых інспектараў працы звярнуліся 8 чалавек. Большасць пытанняў закранала працоўную дзейнасць. А гэта і налічэнне працоўнага стажу, і прадастаўленне свабоднага ад работы дня, і ўлік ненармаванага рабочага часу, і гарантыі мнагадзетным бацькам пры скарачэнні, і перавод на іншы ўчастак працы, і многае іншае. Усім, хто звяртаўся, былі дадзены падрабязныя тлумачэнні і рэкамендацыі.
— На апошняй сустрэчы старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з Прэ­зідэнтам краіны кі­­раўнік дзяржавы Аляк­­­сандр Лукашэнка падтрымаў іні­цыятыву прафсаюзаў па маніторынгу цэн у магазінах. Гэтая работа пачалася ўжо?
— Так. Прафсаюзы гэтую тэму закранулі не выпадкова. Істотнага росту даходаў насельніцтва ў апошні час не назіраецца, а значыць, няма і нагоды для росту цэн. А таму будзе сістэмна праводзіцца маніторынг цэн на прадукты харчавання па 42 пазіцыях, каб выявіць тэндэнцыю да росту ці змяншэння цэн і пераканацца, што яны не завышаюцца. Дадзеныя маніторынгу будуць сабраны ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, каб азнаёміць з імі ўрад краіны. У нашым раёне пачаўся ўжо маніторынг цэн у буйных гандлёвых аб’ектах – магазінах спа­жыўкааперацыі і магазіне “Санта Кэш”.
— Як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек. Традыцыйны накірунак работы прафсаюзаў – аздараўленне працоўных. Пачалося лета. Што прапануюць сёння прафсаюзы для добрага адпачынку?
— Сапраўды, настаў час лет­няга адпачынку, і прафсаюзныя арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у аздараўленні членаў прафсаюза і іх дзяцей. 13 прафсаюзных санаторыяў чакаюць сваіх наведвальнікаў, сярод іх і санаторый “Буг”, які ёсць у Брэсцкай вобласці. Каб пуцёўкі былі больш даступнымі, прынята рашэнне аб прадастаўленні 25% скідкі ад кошту пуцёўкі для членаў прафсаюза. Усе прафсаюзныя арганізацыі плануюць удзельнічаць у летняй аздараўленчай кампаніі і выдзяляць сродкі для патаннення кошту пуцёўкі. Прадпрыемства “Беларустурыст” аказвае ўвесь комплекс турыстычных паслуг. Пры пражыванні ў гасцініцах сістэмы “Беларустурыст” члены прафсаюза маюць права на 25-працэнтную скідку. У Брэсце гэта гасцініца “Беларусь”, у Мінску – “Арбіта” і “Турыст”. Застаецца пажадаць толькі добрага адпачынку і цікавых падарожжаў.
Гутарыла Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Строк.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 45 от 14.06.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!