“АнтытытунЁваму” Дэкрэту быць?

На працягу месяца свае прапановы па дапрацоўцы праекта Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўным рэгуляванні абароту тытунёвых вырабаў і электронных сістэм курэння” маглі пакінуць усе, хто жадае. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале да 12 чэрвеня праводзілася грамадскае абмеркаванне так званага “антытытунёвага” праекта Дэкрэта, пасля чаго дакумент быў накіраваны на разгляд кіраўніка дзяржавы.

 

Што  прапануе  Дэкрэт?

Згодна з палажэннямі праекта Дэкрэта, месцы, свабодныя ад курэння, плануецца падзяліць на дзве катэгорыі: з поўнай забаронай і са спецыяльна прызначанымі для курэння месцамі. Да першай катэгорыі Дэкрэт адносіць ліфты і дапаможныя памяшканні шматкватэрных дамоў і інтэрнатаў (у тым ліку агульныя балконы), дзіцячыя пляцоўкі, пляжы, тэрыторыі дзіцячых летніх лагераў, прыпынкі і тэрыторыі ў радыусе 10 метраў ад іх, грамадскі транспарт (у тым ліку цягнікі) і асабістыя аўтамабілі, калі ў іх ёсць дзеці да 14 гадоў. Да другой катэгорыі адносяцца крамы, гандлёвыя цэнтры, рынкі, кафэ і рэстараны, вытворчыя памяшканні, тэрыторыі школ і ВНУ, чыгуначныя платформы, вакзалы і аэрапорты. Пры гэтым юрыдычныя асобы, якім належаць пералічаныя вышэй аб’екты, могуць ствараць месцы, якія прызначаны для курэння. На аб’ектах, дзе курэнне забаронена, згодна з Дэкрэтам плануецца размяшчаць спецыяльны знак. Таксама дакумент прыраўноўвае электронныя цыгарэты да звычайных, а значыць, на іх будуць распаўсюджвацца тыя ж  абмежаванні. У прыватнасці, як і звычайныя цыгарэты, іх нельга будзе выкладваць на вітрынах і прадаваць непаўналетнім.

 

Аб чым гавораць фарумчане?

Абмеркаванне праек­та Дэкрэта праводзілася і на Беларускім прававым форуме. Трэба сказаць, дакумент выклікаў вялікі рэзананс у беларусаў. Тысячы каментарыяў, канкрэтных прапаноў па дапаўненні і ўнясенні змяненняў у праект гавораць аб тым, што нашых людзей сапраўды хвалюе пытанне шырокага распаўсюджвання тытунекурэння ў краіне і праблема пасіўнага курэння. Аналізуючы заўвагі людзей, трэба сказаць, што многія з тых, хто не курыць, палічылі Дэкрэт “мяккім”. І прапанавалі поўную забарону курэння ў грамадскіх месцах. Многія, напрыклад, прапаноўвалі цалкам забараніць яго ў медыцынскіх і дзіцячых установах, на тэрыторыях паркаў, бульвараў і сквераў, размешчаных у гарадах, у падземных пераходах, тунелях, крамах, гандлёвых цэнтрах, на прыпынках грамадскага транспарту, паркоўках. А таксама ў грамадскім транспарце (у тым ліку вадзіцелям), ва ўсіх тамбурах цягнікоў. Грамадзяне лічаць, што і правы суседзяў, якія кураць на сваіх балконах, не павінны перакрэсліваць права іншых людзей на чыстае паветра. Фарумчане адзначалі, што ў час праветрывання памяшкання дым перыядычна распаўсюджваецца ў суседнія кватэры, да таго ж ёсць верагоднасць, што акурак, які не пагашаны, можа трапіць у жылыя па­мяшканні ніжніх паверхаў і прывесці да ўзнікнення пажару.
Прапануюць беларусы і больш выразна пра­пісаць поўную (без якіх-небудзь абмежаванняў і выключэнняў) забарону на курэнне ў рэстаранах, кафэ, барах, іншых аб’ектах грамадскага харчавання (у тым ліку ў вулічных кафэ). Існуючая рэдакцыя дакумента, калі дазваляецца ў аб’ектах грамадскага харчавання курыць у вызначаных месцах, на іх думку, дазваляе патэнцыяльна абысці гэтую забарону. У прыклад яны прыводзяць суседку-Расію і шэраг іншых краін, дзе даўно забаронена курэнне ва ўстановах грамадскага харчавання. А яшчэ многія фарумчане бачаць неабходнасць выключыць курэнне ў зонах бліжэй за 10 метраў ад уваходу ў дзяржаўныя ўстановы, установы грамадскага харчавання, жылыя дамы, рынкі і магазіны, банкі і многія іншыя.
Многія на форуме адзна­чалі, што трэба, каб не толькі супрацоўнікі праваахоўных органаў мелі права штрафаваць за курэнне ў забароненых месцах, але і шэраг іншых службовых асоб. Заплаціўшы штраф, а ён на цяперашні час складае да 4 базавых велічынь, курыльшчык , магчыма, больш не захоча парушаць закон.

 

Ці падтрымліваюць маларытчане?

Аляксей Чак:
— Не трэба было б уводзіць “антытытунёвы” Дэкрэт, калі б усе курыльшчыкі былі культурнымі людзьмі і ўлічвалі жаданне іншых абмежаваць сябе ад тытунёвага дыму. Ідзеш па вуліцы і бачыш акуркі, якія ляжаць непадалёку ад сметніка, а не ў ім. Гэта, перш за ўсё, пытанне выхавання. Выхаваны чалавек і без заканадаўчай базы не будзе курыць побач з дзецьмі, каб не шкодзіць іх здароўю. Для тых, хто гэта сам не разумее, і напісаны Дэкрэт. Таму цалкам згодны з тым, каб месцы, дзе можна курыць і дзе не, былі канкрэтна прапісаны.

Наталля КузЬміч:
— Згаджаюся, што трэба абмежаваць тых, хто курыць, спецыяльнымі месцамі для курэння. Я — маці і не хачу, каб маё дзіця дыхала дымам ад цыгарэт. Па першай катэгорыі месцаў, якія вызначае Дэкрэт, падтрымліваю, што трэба забараніць курэнне ў ліфтах, грамадскім транспарце, на дзіцячых пляцоўках і побач з імі. Што тычыцца лоджый шматкватэрных дамоў, не бачу ў курэнні на іх нічога жудаснага, бо дзецям няма чаго рабіць на балконе, і гэтае памяшканне хутка праветрываецца. Наконт пляжаў, дык важна не засмечваць іх, ды і можна знайсці месца, дзе няма вялікай колькасці людзей і, тым больш, дзяцей, каб нікому не перашкаджаць. Калі гаварыць пра другую катэгорыю месцаў, якія плануе замацаваць Дэкрэт, было б добра, калі б юрыдычныя асобы адказна падышлі да пытання арганізацыі на сваіх аб’ектах месцаў, што пры­значаны для курэння. Вядома, добра, калі чалавек не курыць, ён будзе больш здаровы. Але не кожнага прымусіць кінуць шкодную звычку заканадаўчы дакумент. Ва ўсіх нас ёсць права выбару, але няхай людзі, якія кураць, не перашкаджаюць іншым весці здаровы лад жыцця.

Юлія Гайдучык:
— Увесці ў рамкі правілы паводзін людзей, якія кураць, на маю думку, неабходна. Што датычыцца палажэнняў Дэкрэта, лічу, што цалкам забарону курэння трэба ўвесці ва ўсіх арганізацыях, установах, месцах, дзе знаходзяцца дзеці. Гэта першачаргова і, думаю, усе бацькі пагадзяцца з гэтым! Тэрыторыі вышэйшых навучальных устаноў, чыгуначных вакзалаў наўрад ці атрымаецца зусім абмежаваць ад тытунёвага дыму. Але вызначыць месцы для курэння – гэта выйсце. Прыраўняць электронныя цыгарэты да звычайных – правільная прапанова. Рэчывы, якія выдзяляюць у паветра разам з парай электронныя цыгарэты, таксама не прыносяць карысць.

Андрэй Міцук:
Я падтрымліваю гэты Дэкрэт. Добра, што месцы поўнага і частковага абмежавання, будуць дакументальна замацаваны. А за курэнне ў ліфтах, дык штраф у трохразовым памеры можна было б увесці, а таксама матэрыяльна караць тых, хто кідае акуркі не ў сметнік, а там, дзе давядзецца, і забруджвае вуліцы. Лічу, што для курэння павінны быць адведзены пэўныя месцы. Бо чалавек, які не курыць, не павінен дыхаць цыгарэтным дымам супраць сваёй волі. Ад курэння ў аўтамабілі асабліва пакутуюць дзеці, таму правільна, што ўводзіцца такая забарона. Наконт электронных цыгарэт таксама згодны, што трэба прыраўняць іх да звычайных.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

Опубликовано ГЧ № 45 от 14.06.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.