Знаёмства з горадам над Нёманам

Усе добрыя гісторыі пачынаюцца словамі: “Быў цудоўны дзень…”. Той майскі дзень быў сапраўды цудоўным. І настрой у нашай групы турыстаў – ветэранаў педагагічнай працы – быў выдатны. Мы адпраўляліся на экскурсію ў Гродна – адзін са старэйшых гарадоў Беларусі. Гэты незвычайны горад-музей пад адкрытым небам даў нам магчымасць пазнаёміцца з помнікамі цудоўнай і багатай архітэктуры розных стыляў і эпох.
Мы пабывалі ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, знакамітай Каложскай царкве – рэдкім помніку архітэктуры ХІІ стагоддзя, у цудоўным Фарным касцёле, наведалі старадаўнюю аптэку. Знаёмства з горадам над Нёманам пакінула шмат яркіх уражанняў.
Другая частка нашай экскурсіі была не менш насычанай і цікавай. Мы наведаліся ў партызанскі лагер. Таленавіты і энергічны экскурсавод пазнаёміў нас з бытам партызан, распавёў пра некалькі яркіх эпізодаў з жыцця партызанскага атрада. Мы аглядзелі зямлянкі, шалашы, лясную партызанскую школу, убачылі ўзоры зброі і ваеннай тэхнікі.
Завяршылася наша экскурсія наведаннем аграсядзібы “Каробчыцы”. Чароўныя кветкавыя кампазіцыі, таленавіта выкананыя скульптуры з дрэва, незвычайныя збудаванні, заалагічны куток і маляўнічы ландшафтны дызайн здзівілі і парадавалі нас у поўнай меры.
Прыемна адзначыць, што такія паездкі па Беларусі арганізоўваюцца для ветэранаў педагагічнай працы рэгулярна. За апошнія некалькі гадоў мы пабывалі ў Полацку, Тураве, Мінску, Брэсце, Белавежскай пушчы, Жыровічах і іншых месцах нашай рэспублікі. Усё гэта стала магчымым і даступным дзякуючы дапамозе і падтрымцы Маларыцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і яго старшыні Тамары Сцяпанаўны Бурштын. Ад імя ўсёй групы турыстаў не можам не выказаць словы падзякі і ёй, і нашаму нязменнаму арганізатару і натхняльніку ўсіх падарожжаў Соф’і Лаўрэнцьеўне Якубчык за магчымасць бачыць, пазнаваць, вывучаць наш край.
Галіна БРАТЧУК ад імя ветэранаў педагагічнай працы.
НА ЗДЫМКУ: у час экскурсіі.

Опубликовано ГЧ № 45 от 14.06.17г.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий