ХУТАРАНІН па ўласным жаданні

65-гадовы Пётр Іванавіч Навумчык, адзіны жыхар хутара Чамярынне, што ў Олтушскім сельсавеце, перакананы: выгоды цывілізацыі не заўсёды карысныя для чалавека. Гэта і прымусіла яго пакінуць жыллё ў горадзе і пераехаць у бацькоўскую хату на стары хутар.

…Дарога за Ланской з разбітым асфальтам, які некалі клалі армяне, заканчваецца, і Вітольд Мечыслававіч Пяткевіч, наш спадарожнік, падказвае паварочваць налева. І хоць тут не асфальт ужо, машына ідзе лёгка.
Адчуваецца, што дарога наезджаная, больш-менш роўная. Яна ўпіраецца ў лес і вядзе ўглыб яго. Далей — зноў паварот налева, лес заканчваецца, і наперадзе праглядаецца невялікая старэнькая хатка з такімі ж старэнькімі гаспадарчымі пабудовамі.
Адразу кідаюцца ў вочы акуратна складзеныя парэзаныя і паколатыя дровы, невялікі драўляны столік з лаўкамі, акуратна ўстаноўлены побач з яблыняй, цень ад якой абавязкова прыкрые ў спякоту.
— Гэта і ёсць былы хутар Чамярынне, — удакладняе Вітольд Мечыслававіч, старшыня Олтушскага сельвыканкама.
— А чаму былы? — перапытваю.
— Цяпер гэтая тэрыторыя ў складзе вёскі Радзеж, дом 49 па вуліцы Партызанскай, — тлумачыць старшыня.
Шчыра кажучы, нават да­сведчанаму чалавеку знайсці гэты дом па названым адрасе было б надзвычай цяжка, бо ад Ланской да яго — 5 кіламетраў, ад Радзежа — 7, ад Галёўкі — 6. Словам, як ні круці, а хутар ёсць хутар.
Наперабой забрахалі са­бакі, і праз хвіліну, як толькі мы пад’ехалі бліжэй да хаты, на парозе з’явіўся гаспадар яе: паголены, акуратна апрануты. Вітаемся, знаёмімся. Мухтар вывучае кожнага з гасцей і, пераканаўшыся, відаць, што людзі прыехалі не са злом, упэўнена мосціцца побач пад лаўкай. Пётр Іванавіч адразу выклікае прыхільнасць да сябе: раз-пораз падкідвае жарты, расказвае забаўныя гісторыі.
— Не так даўно,- зацікаўлівае суразмоўца,- прыбегла ў двор ліса. Мяркуючы па тым, як яна сябе паводзіла, зрабіў вывад, што нездаровая, шалёная. Ганяў, ганяў яе разам з сабакамі, з горам з бядою прагналі, хаця не так проста і хутка. А на наступны вечар, чую, зноў Мухтар брэша. Выйшаў на вуліцу, рыжая зноў тут. І зноў разам з сабакамі прагнаў. А на трэці раз яна схітрыла. Калі сабакі забрахалі, выйшаў на вуліцу. Адчуваю, што ліса дзесьці блізка, але не магу яе знайсці. Шукаў, шукаў і раптам зазірнуў у норку, што куры зрабілі непадалёк ад куратніка. А яна якраз там і ляжыць. Кійком па галаве стукнуў, рыжая — хоць бы што, ляжыць і глядзіць мне прама ў вочы. І ўсё ж я яе перамог.
— Даўно Вы тут прапісаліся? — задаю першае пытанне Пятру Іванавічу.
— Працаваў я ў Брэсце на ”Газаапараце”. Калі захварэў брат Аляксей, які застаўся жыць на хутары пасля смерці бацькоў, я і вырашыў пераехаць сюды, каб дапамагаць яму па гаспадарцы, якая на той час у Аляксея была немалой. Аляксей ад сардэчнага прыступу памёр, а я тут і застаўся.
— І гаспадарку трымаеце?
— А што ж я тут рабіў бы без яе? Старую карову нядаўна прадаў, купіў маладую. Цялятка першае яна ўжо нарадзіла. Каня купіў, каб сена ці дровы вазіць ці куды-небудзь з’ездзіць, авечак трымаю, свінню, каб мяса сваё было, курэй, каб яйкі неслі. Цяпер вось кармы для жывёлы нарыхтоўваю, а іх нямала трэба. Добра, што сенакос побач.
Непадалёк ад хаты нельга не заўважыць некалькі добрых стажкоў сена, акуратна складзеных і па-гаспадарску прыкрытых зверху.
— Вам і сумаваць няма калі, — правакую свайго субяседніка чарговым пытаннем. І ён пачынае расказваць, чым напоўнены яго будні. Такім чынам, цяпер, летам, пры вялікім светлавым дні Пётр Іванавіч на нагах ужо з 5 ці 5.30 гадзін. Будзільнік звычайна не наводзіць. Арганізм прывык падпарадкоўвацца біялагічнаму гадзінніку. Як правіла, рыхтуе ежу жывёлінам, доіць кароўку, выпускае яе на пашу разам з іншымі жывёлінамі, ну а затым ужо думае і пра сябе.
— Што-небудзь на скорую руку згатую і пайшоў на цэлы дзень: то касьба, то сена, то перавярнуць яго трэба, то падварушыць, то падсушыць, то скласці, то агарод, дзе садзіў крыху бульбы і іншую гародніну, папалоць, то жывёлу напаіць і гэтак далей. А ў 21 гадзіну, якім бы занятым ні быў, абавязкова іду ў хату, каб паглядзець навіны: тэлевізар у мяне новы, плазменны, паказвае добра. Трэба ж ведаць, што ў краіне робіцца. А то вайна пачнецца, — жартуе Пётр Іванавіч, — а я і ведаць не буду.
Зрэшты, дзякуючы нашаму брату журналісту, тут, на хутары, прыкладна ў 2005 годзе з’явілася электрычнасць. А да гэтага ўсе хутаране (раней тут жыло 5 сямей) карысталіся газніцай.
— А не думаў, што будзем з электрычнасцю, — прызнаецца Пётр Іванавіч. -Столькі лямпавага шкла накупляў пра запас! А неяк прыязджае машына з людзьмі, яны і гавораць: ”Будзем вам электрычнасць падключаць”. Я аж не паверыў.
-А прадукты куды ездзіце купляць? — пытаюся ў хутараніна.
-Калі дарога добрая, аўталаўка пад’язджае да самай хаты, а калі не могуць даехаць, я на веласіпедзе пад’язджаю да гравійкі, дзе спыняецца аўта­лаўка.
Больш цяж­ка зі­мою, хаця, дзякуй Вітольду Мечыслававічу, дарогу да мя­не заўсёды стараюцца пра­чысціць. Залаты бюст паставіў бы таму, хто пры­думаў сотавую сувязь. З ёю так зручна і надзейна! Ёсць праблемы, тэлефаную Мечыслававічу. Ён мне заўсёды ідзе насустрач. І хоць кажуць, што гэтая выгода цывілізацыі, як і многія іншыя, не бясшкодная для чалавека, калі ёю ўмела карыстаешся, не злоўжываеш, яна не нанясе большай шкоды, чым, да прыкладу, прадукты, без якіх многія з нас не могуць абысціся. Натуральныя цяпер можна атрымаць толькі ў сваёй уласнай гаспадарцы.
— А ці часта да вас прыязджаюць госці? — тэсцірую далей свайго субяседніка.
— Не скажу, што часта, але прыязджаюць. Неяк сёстры стрыечныя прыязджалі — Ніна, затым — Марыя. Яны здзіўляюцца, як я тут жыву, пытаюцца, ці не хочацца вярнуцца ў горад. Паверыце ці не, але ніколькі не хочацца і не хацелася. Калі заязджаю ў Брэст, мне там дзіка. Людзі, як мурашкі, мітусяцца, некуды ўсе спяшаюцца. Я не магу там доўга быць, хочацца хутчэй уцячы назад.
Несумненна, многія не разумеюць і здзіўляюцца, як гэта можна пакінуць горад, добраўпарадкаванае жыллё ў ім, многія выгоды і даброты, жыць аднаму ўдалечыні ад іншых людзей, у глухамані.
А ён не бачыць у гэтым нічога дзіўнага. Чалавек хутка пры­звычайваецца да ўсяго. Прывык і Пётр Іванавіч. Тым больш, што ён глыбока перакананы: штодзённая памяркоўная фізічная праца, свежае паветра, якім пастаянна дыхаеш, натуральныя прадукты, якія вырошчваеш сам — усё на карысць здароўю. Між іншым, на апошняе Пётр Іванавіч не скардзіцца. У бальніцы не памятае, калі апошні раз быў. Хіба што іншы раз падскочыць артэрыяльны ціск. Але ён добра ведае, што, каб не дапусціць гэтага, трэба быць спакойным, захоўваць дыету і, вядома ж, рухацца, рухацца і рухацца.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымках: у гэтай не­­вя­лі­кай хатцы некалі нарадзіўся, рос і цяпер жыве Пётр Іванавіч Навумчык; старшыня Олтушскага сельвыканкама ў гасцях у Пятра Іванавіча не першы раз, але пагутарыць, як звычайна, ёсць аб чым; такімі турботамі напоўнены кожны дзень хутараніна.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 47 от 21.06.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!