Трэніроўкі – для спартыўных перамог

Мельніцкая базавая школа вядома ў раёне сваімі спартыўнымі традыцыямі. Яе вучні становяцца пераможцамі і прызёрамі раённых і абласных спаборніцтваў. Менавіта са сцен гэтай установы адукацыі пачынаўся шлях Ірыны Мішчук, майстра спорту міжнароднага класа па цяжкай атлетыцы. Цяпер у школе падрастаюць іншыя спартыўныя зоркі. Гэта, напрыклад, Яўген Назарук і Марыя Захарчук (закончылі 6 класаў), Настасся Кірылава, Аляксандра Косік і Дар’я Косік (закончылі 7 класаў)… У іх ліку і імя Уладзіславы Максімук.
Дзяўчынка закончыла 4 класы. Яна наведвала аб’яднанні па інтарэсах “Юны тэатрал”, “Чароўны пэндзаль”, “Танцавальнае асарці”. Уладзіслава з задавальненнем прымае ўдзел у многіх конкурсах, якія право­дзяцца ва ўстанове адукацыі і раёне. Напрыклад, Уладзіслава ўзнагароджана дыпломамі за ўдзел у раённым этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”, конкурсе дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”, граматай за І месца ў школьным конкурсе “Блізкае, сваё, роднае”… Была дзяўчынка ўдзельніцай і ІІ этапу рэспубліканскага конкурсу “300 талентаў для каралевы”. Па яго выніках атрымала сертыфікат.
-Мне падабаюцца многія школьныя прадметы, — кажа Уладзіслава. — Аднак самыя любімыя – гэта выяўленчае мастацтва, музыка, фізічная культура. А яшчэ я люблю займацца спортам, асабліва – лёгкай атлетыкай.
Нядаўна Уладзіслава Максімук абараняла гонар Мельніцкай базавай школы на адкрытым першынстве Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 2007 года нараджэння і маладзейшых. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 60 чалавек з 4 устаноў адукацыі: СШ №№ 1 і 2 райцэнтра, раённай гімназіі і Мельніцкай БШ. Юныя спартсмены — хлопчыкі і дзяўчынкі – змагаліся за званне мацнейшага ў індывідуальным заліку ў 4 відах спорту: у бегу на дыстанцыі 30 і 500 метраў, кіданні мяча на дальнасць, скачках у даўжыню з месца. Уладзіслава паказала добрыя спартыўныя вынікі сярод дзяўчынак. У трох відах спаборніцтва яна стала першай (у бегу на 500 метраў, кіданні мяча на дальнасць, скачках у даўжыню з месца). А вось на дыстанцыі 30 метраў заваявала другое выніковае месца. Уладзіслава ўступіла пераможцы ўсяго 0,1 секунды.

На здымку: Уладзіслава Максімук з Мельніцкай базавай школы са сваім настаўнікам Віталем Ануфрыевічам Пішчыкам.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 47 от 21.06.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!