Электронная энцыклапедыя Маларыты

У жыцці часта бывае так: чалавек нарадзіўся, вырас, атрымаў адукацыю і пакінуў куток маленства. Але ў памяці назаўсёды застаюцца тыя мясціны, дзе знаходзіцца бацькоўскі дом і дзе спазнаў многія таямніцы і дзівосы роднага краю. Хочацца іншы раз пабываць там, але да яго дзясяткі ці нават сотні кіламетраў. Тады на дапамогу прыходзяць розныя даведнікі, фотаальбомы, фотаздымкі…

Шмат карыснай інфар­мацыі пра Маларытчыну змяшчаецца ў кнізе “Памяць”, гісторыка-дакументальнай хроніцы раёна (1998). Рэдкасцю ўжо стаў фотаальбом “Маларыта і яе ваколіцы”, які выдадзены ТДА “Інфармацыйнае рэкламнае агенцтва “Паляшук” (2008г., Пінск, тыраж выдання – 1 тысяча экземпляраў, на рускай і англійскай мовах). Другі фотаальбом — “Маларыта і ваколіцы” — убачыў свет на рускай і англійскай мовах у 2010 г. у колькасці 3 тысяч экземпляраў у ТАА “Рэкламна-інфармацыйнае агенцтва “Вячэрні Брэст”. Атрымаць асалоду ад родных краявідаў дапаможа таксама і фотаальбом “Некалькі дзён на Маларытчыне” (2014, тыраж 1 тысяча экземпляраў), які выдадзены ўнітарным прадпрыемствам “Рыфтур”, а таксама фотагалерэя сайта раённай газеты “Голас часу” (адрас:http://www.malorita.by). Звесткі пра літаратурнае жыццё раёна можна атрымаць, пагартаўшы, напрыклад, “Літаратурную карту Берасцейшчыны” (2008, с.381-400) ці зазірнуўшы ў інтэрнэт на сайт Маларыцкай раённай цэнтралізаванай біб­ліятэчнай сістэмы (адрас:http://maloritalib.by).
-Звесткі на шматлікіх інтэрнэт-рэсурсах разрозненыя, найчасцей яны згрупіраваны па той ці іншай галіне жыццядзейнасці па асобку, — гаворыць Таццяна Мартынюк, — настаўніца геаграфіі Маларыцкай раённай гімназіі. – Таму ўзнікла ідэя стварыць краязнаўчы інфармацыйны праект “Электронная энцыклапедыя Маларыты”, дзе ўсё было б сабрана разам і комплексна. За яго ажыццяўленне ўзяліся вучні Маларыцкай раённай гімназіі Мікіта Бакунін і Лізавета Саўчук.
Між іншым, па выніках работы ХІІ раённай вуч­нёўскай навукова-да­следчай канферэнцыі “Дзе­ці. Творчасць. Інтэлект” прадстаўлены праект у секцыі “Геаграфія ХХІ стагоддзя: погляд юнага даследчыка” адзначаны дыпломам І ступені. Пазнаёміцца з “Электроннай энцыклапедыяй Маларыты” цяпер можна па адрасе: https://mrkrik2000.wixsite.com/malorita-city/geolokaciya.
На галоўнай старонцы размешчаны каляндар, надвор’е ў анлайн-рэжыме, прагноз надвор’я на некалькі дзён, а таксама некалькі закладак: “Візітная картка”, “Гісторыя горада і раёна”, “Прырода”, “Сацыяльная сфера”, “Нашы землякі”, “Яшчэ…”. У апошняй закладцы можна пазнаёміцца з рубрыкамі “Што паглядзець”, “Галерэя”, “Гэта цікава”, “Геалакацыя”, “Зваротная сувязь”. Рэсурс таксама будзе карысным яшчэ і для гасцей горада. У ім у адным месцы сабрана неабходная інфармацыя пра расклад руху аўтобусаў і цягнікоў ад станцыі “Маларыта”, пра аптэкі, бальніцу, пункты грамадскага харчавання, АЗС, пункты абмену валют, наяўнасць і браніраванне месцаў у гасцініцы “Юбілейная”. Энцыклапедыя падкажа, што паглядзець у нашым гора­дзе і дзе можна адпачыць.
Інтэрнэт-рэсурс карысны для гасцей горада.
У нізе галоўнай старонкі ёсць спасылкі на банеры інтэрнэт-парталаў “Прэ­зідэнт Рэс­пуб­лікі Беларусь”, “Міністэрства аду­кацыі Рэспублікі Беларусь”, “Моладзь Беларусі”, сайты “Маларыцкая раённая гімназія”, “Раённая газета “Голас часу”. Выкліча цікавасць у наведвальнікаў і “3D-тур” па цэнтры горада, гарадскім парку і ваколіцах населенага пункта.
— Сваю работу мы пры­меркавалі да 450-годдзя горада, — расказвае Мікіта Бакунін. — “Электронная энцыклапедыя Маларыты” — своеасаблівы падарунак роднаму гораду да юбілею.
— Работа па стварэнні інтэрнэт-рэсурса яшчэ не закончана, — працягвае Лізавета Саўчук. — Ён будзе пастаянна папаўняцца новымі матэрыяламі. У нас шмат задум. Упэўнена, што пад кіраўніцтвам на­стаўніцы Таццяны Аляксееўны мы ажыццявім іх, і “Электронная энцыклапедыя Маларыты” стане энцыклапедыяй у пэўным сэнсе гэтага слова.
Мікалай
НАВУМЧЫК.

На здымку: Мікіта Бакунін, Лізавета Саўчук і Т.А.Мартынюк.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 47 от 21.06.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!