Вяршыня пакараецца ўпартым

Дзень 26 чэрвеня значны для ўсіх юрыстаў, якія носяць ганаровае званне адваката. Менавіта ў гэты дзень 26 чэрвеня 1922 года, на трэцяй сесіі Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР было прынята Першае палажэнне аб адвакатуры БССР. Восенню 1939 г. пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР была створана Брэсцкая абласная калегія адвакатаў, у складзе якой у маі 1945 года стала дзейнічаць і юрыдычная кансультацыя Маларыцкага раёна,першай загадчыцай якой была Н.Каралькова. З моманту функцыянавання яе прайшло ўжо больш за 72 гады. Вядома, няма ўжо ў жывых тых людзей, што стаялі ля вытокаў стварэння юрыдычнай кансультацыі ў нашым раёне. Але высокія ідэалы і традыцыі служэння справе абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і краіны перадаюцца з пакалення ў пакаленне адвакатаў з тых далёкіх гадоў і па нашы дні.

Прафесія адваката ганаровая і запатрабаваная. За год, папярэдні юбілейнаму, адвакаты юрыдычнай кансультацыі раёна выканалі вялікую работу па абароне законных правоў і інтарэсаў кліентаў,што да нас звярнуліся. Такім чынам, былі выкананы 483 розныя даручэнні па абароне правоў і інтарэсаў грамадзян. Дадзены 162 вусныя кансультацыі. Праведзена абарона па 116 крымінальных справах. Са 157 хадайніцтваў, заяўленых адвакатамі па абароне правоў і інтарэсаў іх кліентаў, задаволена 86, што складае 55% . З 13 даручэнняў па адміністрацыйных справах задаволена 7, што складае 54% ад іх агульнай колькасці.
Лёгка стаць юрыстам! Лёгка атрымаць нават юрыдычную адукацыю! Але набыццё звання “адвакат” – цяжкая і карпатлівая праца, і гэтая вяршыня пакараецца толькі ўпартым, мэтанакіраваным прадстаўнікам юрыдычнай прафесіі. Такім, напрыклад, як адвакат Наталля Барысюк, якая працуе ў нашай юрыдычнай кансультацыі.
Тых жа, хто прыходзіць за дапамогай і парадай да адваката, можна падзяліць на 2 катэгорыі: адны прыходзяць тады, калі нешта здарылася, другія – для таго,каб нічога не здарылася.
У гэты дзень хочацца пажадаць усім чытачам газеты “Голас часу”, каб у кожнага з іх было ўсё добра.
Таксама шчыра віншуем нашых паважаных калег, працэсуальных апанентаў – работнікаў пракуратуры, з якімі мы, так гістарычна склалася, у адзін дзень адзначаем сваё прафесійнае свята.
Аляксей Коўган, загадчык юрыдычнай кансультацыі раёна.
На здымку: адвакат Наталля Барысюк і загадчык юрыдычнай кансультацыі Аляксей Коўган.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 48 от 24.06.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!