Кроў выратоўвае жыццё

Донарства — сапраўдная дабрачыннасць і вялікі дар! Спецыялісты сцвярджаюць, што дзяліцца крывёй карысна. Донары жывуць даўжэй і менш хварэюць. Рэгулярная здача крыві таксама садзейнічае прадаўжэнню маладосці, бо стымулюе кроваўтварэнне і самаабнаўленне арганізма. 
У прыёмным аддзяленні Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы 12 ліпеня працавала выязная брыгада Брэсцкай абласной станцыі пералівання крыві. У гэты дзень на бязвыплатнай аснове 39 маларытчан выказалі жаданне стаць донарамі - здаць сваю кроў на патрэбу тых, каму яна неабходна. Працэс забору крыві праходзіў вельмі арганізавана. Здаваць сваю кроў – 490 грамаў - маглі толькі людзі ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, якія не маюць захворванняў. Сярод донараў былі тыя, хто здаваў кроў упершыню, і тыя, у каго на рахунку ўжо больш за 30 здач крыві.
- Донары даюць шанц хворым людзям выздаравець і жыць далей, - гаворыць Уладзімір Кляцко, галоўны ўрач Маларыцкага ЦГіЭ, які, дарэчы, сам быў донарам.- Мы выказваем падзяку работнікам пагранічнай камендатуры, аддзела адукацыі, спорту і турызму, раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Маларыцкай ЦРБ, Маларыцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ПМК-8, а таксама ўсім тым, хто не застаўся абыякавым і стаў донарам. Мы ганарымся нашымі донарамі, таму што іх учынак -  гэта прыклад для пераймання іншымі.
Між іншым, донары, якія здалі кроў не менш за 40 разоў, узнагароджваюцца нагрудным знакам пашаны Міністэрства аховы здароўя “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”. Цяпер на Маларытчыне пражывае больш за 30 ганаровых донараў. У ліку тых, хто апошнім атрымаў гэтае ганаровае званне, напрыклад, Алена Новік, Галіна Васілевіч, Любоў Седлер.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Марыя Бурштын, медыцынская сястра, здае кроў.

Фота аўтара.
Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий