Прафесія – у спадчыну

Дынастыі – гэта надзейная апора і багацце любога прадпрыемства, арганізацыі, установы. Невыпадкова існуе меркаванне, што там, дзе яны ёсць, вышэйшы прафесіяналізм, эфектыўней перадаюцца вопыт і майстэрства, назіраюцца больш высокія вынікі працы. Інакш, напэўна, і не можа быць, бо ў дынастыях выхоўваюцца і прадаўжаюцца добрасумленныя і сур’ёзныя адносіны да даручанай справы. Быць яе прадстаўніком – ганарова і разам з тым адказна, бо неабходна трымаць “марку” не толькі перад калегамі, але і перад роднымі.

Ёсць працоўныя дынастыі і ў Маларыцкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Цяпер тут налічваецца 2 дынастыі братоў і 5 — бацькоў з сынамі. У іх ліку і Васіліцкія: Васіль Фёдаравіч і яго сын Максім Васільевіч. Іх агульны стаж працы ў аддзеле — звыш 24 гадоў.
Васіль Васіліцкі больш за 10 гадоў працаваў загадчыкам гаражоў у калгасе імя Кірава. Аднак у СССР пачалася перабудова. Заробкі сталі мізэрнымі, таму давялося шукаць новае месца працы. Васіль Фёдаравіч уладкоўваецца на ваенізаваны пажарны пост у в.Макраны. Пасля яго рэарганізацыі стаў працаваць намеснікам начальніка па кадравай і выхаваўчай рабоце атрада ваенізаванай пажарнай службы г.Маларыта, пазней – выконваў абавязкі начальніка атрада, а з 2001 па 2006 гады займаў пасаду начальніка Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
-3 лістапада 1993г. загадам УУС Брэсцкага абл­выканкама была заснавана ваенізаваная пажарная служба Маларыцкага раёна, — расказвае Васіль Васіліцкі. – Я, можна сказаць, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Гэтай справе аддаў шмат сіл і часу. Працаваць было цікава. Адчуваў вялікую адказнасць за даручаную справу і за 69 чалавек, якія былі тады ў падначаленні.
Гады службы на варце бяспекі людзей В.Ф.Васіліцкі ўспамінае з настальгіяй. Яно і зразумела, таму што больш за 11 гадоў ён аддаў пачэснай справе — ратаванню жыцця людзей, утаймаванню агню, ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый.
Гонар Васіля Фёдаравіча – яго сын Максім, які цяпер працуе начальнікам каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці Маларыцкага РАНС.
— Быць падобным на бацьку — значыць пераняць у яго самае лепшае, развіваць тое, што ён умее, для выніковай і эфектыўнай работы, – лічыць Максім Васільевіч.
Пасля заканчэння Макранскай СШ пытанне, якую выбраць прафесію, перад юнаком не паўставала, бо з дзяцінства дакладна ведаў, што стане выратавальнікам. Прыкладам быў бацька. Пад яго ўплывам і сфарміраваўся ў юнака светапогляд. Таму падаў дакументы ў Гомельскі камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Каб вучыцца на стацыянары, не хапіла балаў. Такая акалічнасць ахвоту стаць выратавальнікам не адбіла. Максім Васільевіч дакументы вырашае падаць на завочнае аддзяленне, каб набыць спецыяльнасць “Інжынер па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”.
Знайсці месца для работы па спецыяльнасці, якую набываў, не атрымлівалася, бо не было вакансій. Таму, каб не губляць час, Максім Васіліцкі ўладкоўваецца вадзіцелем у СВК “Макраны”. А праз паўгода ён быў прызначаны камандзірам аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў в.Чарняны, пазней – у Макранах. І вось ужо больш за 12 гадоў працуе ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях і даслужыўся да звання лейтэнанта ўнутранай службы.
— Мне работа даспадобы. Хай яна і не самая лёгкая. Камусьці ж трэба змагацца з агнём і ліквідоўваць надзвычайныя сітуацыі. Я люблю сваю прафесію і не шкадую, што аднойчы зрабіў выбар на яе карысць.
Сціпласць — сямейная рыса Васіліцкіх. Таму пра свае поспехі вопытны выратавальнік Максім Васільевіч расказваць не любіць, бо кожны трывожны выезд – нечая трагедыя. Ён, як і яго калегі, лічыць, што ўвайсці ў будынак, які палае, – не гераізм, а самая звычайная работа.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Васіль Фёдаравіч і Максім Васільевіч Васіліцкія.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.