Ключавы фактар умацавання адзінства

На  Маларытчыне прайшоў адзіны Дзень інфармавання насельніцтва. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама сустрэліся з працоўнымі калектывамі разлікова-касавага цэнтра №15 у г.Маларыта філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Брэсцкага абласнога ўпраўлення,  Маларыцкага раённага аддзела фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, Маларыцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, унітарнага вытворчага прадпрыемства “Дзіона”, з жыхарамі в. Новыя Боркі. Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам Мікалая Шума, старшыні Маларыцкага райвыканкама, правяла сустрэчу з калектывам Маларыцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. У гэты ж дзень інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з Пятром Губеем, старшынёй раённага Савета дэпутатаў, сустракалася з працоўным калектывам ААТ “Гвозніца”. У яе рабоце прыняла ўдзел Жанна Стаціўка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Пётр Вікенцьевіч з самага пачатку сустрэчы задаў тон размове. Ён акрэсліў асноўныя тэмы, вынесеныя для абмеркавання.
Пра сацыякультурную палітыку беларускай дзяржавы – ключавы фактар умацавання адзінства нацыі, гаварыў Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама. Ён адзначыў, што сучасныя рэаліі такія, што гарантыяй захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту нацыі з’яўляецца яе згуртаванасць вакол сапраўдных, стваральных каштоўнасцяў. Беларусь — краіна вялікай культуры, вельмі багатай гістарычнай спадчыны, шматвяковых духоўна-маральных традыцый і невычэрпнага творчага патэнцыялу.
Увагу прысутных Андрэй Сяргеевіч акцэнтаваў на ключавых накірунках палітыкі Беларусі ў сферы культуры, асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыках развіцця культуры ў краіне, знакавых сацыяльна-культурных праектах.
Ён сказаў, напрыклад, што на Маларытчыне вялікую ролю ў развіцці мастацкай творчасці адыгрываюць самадзейныя калектывы, 7 з іх маюць ганаровыя званні “Народны” ці “Узорны”.
За І паўгоддзе гэтага года клубныя ўстановы правялі 473 канцэрты мастацкай самадзейнасці, 70 тэатралізаваных святаў і абрадаў, арганізавалі 120 выстаў народнай творчасці. Вядучыя калектывы Маларытчыны дэманструюць сваё майстэрства на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
Бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва раёна забяспечвае 20 бібліятэк (сукупны бібліятэчны фонд налічвае больш за 237 тысяч экзэмпляраў кніг). Чытачамі бібліятэк з’яўляюцца больш за 11 тысяч жыхароў раёна.
У раёне налічваецца 19 устаноў клубнага тыпу. Яны прымаюць актыўны ўдзел у рэалізацыі культурнай палітыкі, удзельнічаюць у ажыццяўленні дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі на 2016-2020 гг.”
На Маларытчыне створаны ўмовы для развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народных промыслаў. Працуе раённы цэнтр народнай творчасці, Олтушскі Дом рамёстваў, школы народнай творчасці ў Хаціслаўскім і Дарапеевіцкім СДК, 13 гурткоў народнай творчасці. Каля 300 народных умельцаў развіваюць і дэманструюць сваё майстэрства ў такіх відах рамёстваў, як ткацтва, вышыўка, саломапляценне, карункапляценне, бісерапляценне, лозапляценне, жывапіс і інш.
Своеасаблівым брэндам культуры раёна з’яўляецца народны касцюм Маларыцкага строю, адноўлены са старадаўніх тэхналогій майстрамі раённага цэнтра народнай творчасці. Візітнай карткай раёна з’яўляецца таксама рэгіянальны фестываль абрадавага фальклору “Спадчына зямлi Маларыцкай”.

Аб прыродных рэсурсах і прыродаахоўнай дзейнасці гаварыла Ала Мельнік, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яна, напрыклад, сказала, што на тэрыторыі раёна знаходзіцца 77 сельскіх населеных пунктаў, шчыльнасць насельніцтва — 18 чалавек на кв.км, гарадское насельніцтва раёна складае 42%.
Маларыцкі раён з’яўляецца адным з самых лясістых тэрыторый Брэсцкай вобласці. Лясы займаюць каля 50% плошчы раёна. На Маларытчыне налічваецца 5 азёр (вадасховішчаў): “Лукаўскае», “Арэхаўскае”, “Олтушскае”, “Дварышчанскае”, “Веліхава” (размешчанае на мяжы з Украінай). На тэрыторыі раёна працякаюць малыя рэкі: Рыта (даўжыня 62 км), Маларыта (31 км), Прырва (21 км), Асіпаўка (18,5 км), Середова рэчка (7 км), Пажэжынка (10 км), Замшанка (9 км).
Ала Андрэеўна таксама распавяла, што зямельны фонд Маларыцкага раёна складае 137 тыс.га. У структуры землекарыстання за апошнія 10 гадоў адзначаецца памяншэнне плошчы сельскагас­падарчых прадпрыемстваў, рост плошчы лесагаспадарчых прадпрыемстваў, тэрыторый прыродаахоўнага прызначэння і зямель агульнага карыстання населеных пунктаў. Агульная плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Маларытчыны налічвае 10,8 тыс.га (7,8% плошчы раёна). Ёсць біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Лукава”, біялагічны заказнік мясцовага значэння “Гусак”, заказнік “Хмялёўка”, біялагічны заказнік “Арэхаўскі”.
У Маларыце, як адзначыла Ала Мельнік, працуе лінія сартавання цвёрдых камунальных адходаў. Усяго ў раёне ўстаноўлена 518 кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў і 432 кантэйнеры для паасобнага збору адходаў. На тэрыторыі Маларытчыны налічваецца 193 абсталяваныя кантэйнерныя пляцоўкі. Планава-рэгулярнай санітарнай ачысткай ахоплена 77 сельскіх населеных пунктаў, што складае 100 працэнтаў. У Маларыцкім раёне цяпер налічваецца 9 міні-палігонаў агульнай плошчай 6,02 га і 1 палігон ЦБА (г. Маларыта) плошчай 6,1 га. У 2016 годзе рэкультывавана 9 міні-палігонаў.
Напрыканцы сустрэчы Жанна Стаціўка расказала прысутным аб асноўных палітычных мерапрыемствах з удзелам парламентарыяў, якія прайшлі ў краіне за апошні час, аб рабоце парламента і пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, членам якой яна з’яўляецца.
Вынікі работы інфармацыйна-прапагандысцкай групы падвёў Пётр Губей.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: адзіны Дзень інфармавання насельніцтва ў в.Гвозніца.
Фота
Алега Крэмянеўскага

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.