Метадычная скарбонка для калег

Аддзел адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама пастаянна працуе над пытаннямі павышэння майстэрства і ўзроўню прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў, сістэматычна вывучае, абагульняе і распаўсюджвае перадавы вопыт лепшых педагогаў, шукае новыя прагрэсіўныя формы і метады працы для ўсіх ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Спрыяюць гэтаму розныя мерапрыемствы. Адно з іх прайшло на базе СШ №2 г.Маларыты — фестываль метадычных матэрыялаў “Сучасная адукацыя: ад педагагічнага майстэрства – да якасці”.
У 5 секцыях было заслухана 107 выступленняў. Педагогі Маларытчыны на суд журы “прэзентавалі” свае творчыя работы. Падчас фестывалю было прадстаўлена 52 метадычныя распрацоўкі вучэбных заняткаў, 23 — пазакласных мерапрыемстваў, 10 — майстар-класаў, 9 — педагагічных праектаў, 6 — прэзентацый да вучэбных заняткаў, 7 — заняткаў у рамках пазаўрочнай дзейнасці па прадмету.
Урок – гэта самае важнае ў педагагічнай дзейнасці кожнага настаўніка, бо ён з’яўляецца асноўнай формай арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Менавіта ад праведзеных урокаў залежыць якасць адукацыі і наогул ступень навучанасці выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Усё самае важнае і самае галоўнае для вучня адбываецца на ім. Пра гэтага ў сваіх выступленнях гаварылі В.М.Галюк і А.В.Струнец, настаўнікі пачатковых класаў, а таксама А.В.Ляўковіч, настаўніца інфарматыкі, і Л.В.Алесіюк, настаўніца англійскай мовы Маларыцкай раённай гімназіі, Н.П.Мрочка, настаўніца пачатковых класаў Хаціслаўскай СШ, І.В.Каралюк, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Олтушскай СШ, і інш.
Асабліва папулярнымі і запатрабаванымі ў апошні час сталі майстар-класы. Іх, як правіла, праводзяць вопытныя і высокакваліфікаваныя педагогі.
-Мы сумняваліся, ці патрэбна такая форма работы, — гаворыць А.П.Краўчанка, загадчыца Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. – Аднак неўзабаве пераканаліся, што гэта ў сучасных умовах проста неабходна. Бо новае і прагрэсіўнае, вартае ўвагі і ўкаранення ў практыку, адразу даносіцца да многіх педагогаў. Настаўнік-майстар перадае свой вопыт шляхам прамога і каменціраванага паказу дзеянняў, метадаў, прыёмаў, форм педагагічнай творчасці.
На раённым фестывалі метадычных матэрыялаў цікавасць у прысутных выклікалі многія майстар-класы.
Педагагічны праект — гэта такая распрацаваная сістэма дзеянняў настаўніка, якая накіравана на рэалізацыю пэўнай, канкрэтнай задачы, пры гэтым удакладняецца роля і месца ўсіх дзеянняў, удзельнікі працэсу, час і ўмовы, якія спатрэбяцца для эфектыўнага вырашэння праблемы. Яны бываюць розныя: даследчыя, творчыя, гульнёвыя, інфармацыйныя, практыка-арыентаваныя… Аднак усе скіраваны на адно: на выніковасць адукацыйнага працэсу.
Падчас раённага фестывалю метадычных матэрыялаў былі прадстаўлены праекты “Мова руху як сродак развіцця танцавальнай творчасці на музычных занятках у старэйшай групе” (І.С.Хатынюк, музычны кіраўнік я/с №1), “Як зрабіць вучэбны занятак эфектыўным” (В.С. Пацук, настаўнік хіміі Лукаўскай СШ) і інш.
Метадычная работа сёння — адна з асноўных частак адзінай сістэмы бесперапыннай адукацыі педагагічных кадраў, павышэння іх прафесійнай кваліфікацыі. Пад метадычнай работай настаўнікаў разумеюць цэласную сістэму, якая заснавана на дасягненнях псіхолага-педагагічнай навукі, канкрэтным аналізе індывідуальнай дзейнасці і скіравана на ўсебаковае павышэнне прафесійнага майстэрства кожнага педагога, на ўзбагачэнне і развіццё яго творчага патэнцыялу. Галоўнае ж у метадычнай рабоце — аказанне практычнай дапамогі педагогам. Гэтаму якраз і паспрыяе раённы фестываль метадычных матэрыялаў “Сучасная адукацыя: ад педагагічнага майстэрства – да якасці”.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: падчас правядзення раённага фестывалю метадычных матэрыялаў.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.