І кожны будуе свой самалёт

Які хлопчык не марыць, адпраўляючы ў неба зроблены з паперы самалёт, стаць лётчыкам ці авіяканструктарам? І хоць гэтая мара ажыццяў­ляецца вельмі рэдка, але дзіцячае захапленне ма­дэліраваннем тэхнікі прыносіць сваю карысць. У гэтым упэўнены кіраўнік гуртка авіямадэліравання Цэнтра пазашкольнай работы Максім Абрамчук. Ён з задавальненнем знаёміць сваіх гурткоўцаў з новымі мадэлямі самалётаў, дапамагае ім авалодаць уменнем з рознага віду матэрыялаў рабіць такія рэчы, якія могуць быць не толькі цацкай, але і цудоўным сувенірам.
Гурток авіямадэліравання пачаў працаваць пры Цэнтры з новага навучальнага года. Тых, хто ахвотна запісаўся ў яго, аказалася нямала. Толькі з 2 “А” класа СШ № 2 у гурток прыйшло адразу 9 хлопчыкаў.
…Сканцэнтраваныя на сваёй справе, юныя канструктары амаль не заўважаюць, што іх зацікаўленую працу фіксіруе фотакамера. Яны, схіліўшыся над сталом, абводзяць дэталі, канцылярскім нажом выразаюць іх, нешта склейваюць, адным словам, занятыя цікавай справай.
— Няўжо гэта не сумна  — некалькі гадзін рабіць нейкі маленькі самалёцік? — задаю правакацыйнае пытанне, загадзя ведаючы, што ў адказ будзе шквал доказаў таго, як гэта цікава – мадэліраваць.
— Не, не сумна, гэта цікава! – наперабой даказваюць хлопчыкі. І кожны імкнецца прывесці свой аргумент.
— Я вельмі люблю самалёты, з імі потым пагуляць можна, — заўважае Улад Дацык.
— А мне цікава ўсё ведаць пра самалёты, — дапаўняе Данііл Сакалюк.
Кіраўніку гуртка Максіму Абрамчуку, які закончыў Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж і атрымаў спецыяльнасць “настаўнік працоўнага навучання”,  у аддзеле адукацыі прапанавалі пайсці працаваць ў Цэнтр пазашкольнай работы. Авіямадэліраванне было для яго  справай новай, а таму адразу зацікавіла. Праўда, давялося многаму вучыцца, каб потым перадаваць свае навыкі дзецям.
— Мадэліраванне — занятак не толькі цікавы, але і  вельмі карысны, бо хлопчыкі вучацца працаваць з чарцяжамі, — адзначае ў размове кіраўнік гуртка.
Акрамя таго што дзеці атрымліваюць першапачатковыя веды па чарчэнню, яны яшчэ даведваюцца шмат цікавага пра гісторыю кожнай з мадэляў самалётаў, вучацца сканцэнтроўваць сваю ўвагу на пэўнай справе і дабівацца выніку, і ўвогуле з карысцю і вельмі цікава адпачываюць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час заняткаў у гуртку авіямадэ­ліравання Цэнтра паза­школьнай работы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!