Прафесійнае прыёмнае бацькоўства

Нягледзячы на значную падтрымку дзяр­жавай інстытута сям’і, у апошні час павялічваецца колькасць нестабільных сем’яў. Сямейны недабрабыт адбіваецца на ўмовах жыцця і выхавання непаўналетніх дзяцей.

Сярод прычын неспрыяльнай атмасферы ў сем’ях — працяглае беспрацоўе аднаго ці абаіх бацькоў, нежаданне працаваць; нізкі матэрыяльны дастатак, адсутнасць элементарных прадуктаў харчавання, мэблі, пасцельнай бялізны; запазычанасць на працягу больш чым 6 месяцаў перад жыллёва-камунальнымі службамі па квартплаце, адсутнасць у кватэры электрычнасці, антысанітарыя, алкагольная ці наркатычная залежнасць бацькоў і інш.
Функцыю абаронцы пра­воў і інтарэсаў дзяцей, якія трапілі ў няпростую жыццёвую сітуацыю, бярэ на сябе дзяржава. Праз службы, якія ўпаўнаважаны прадстаўляць інтарэсы дзяцей – сектар по ахове дзяцінства, камісію па справах непаўналетніх, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр — праводзіцца работа па выяўленні сямейнага недабрабыту.
Прыярытэтным накірункам работы з дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, з’яўляецца ўладкаванне іх на сямейныя формы выхавання. У Маларыцкім раёне 20 дзяцей выхоўваюцца ў 16 сем’ях, якія маюць статус «апякунская», 18 – у 11 прыёмных сем’ях, 7 – у дзіцячым доме сямейнага тыпу.
Хацелася б коратка расказаць аб розных формах сямейнага ўладкавання дзяцей. Усынаўленне – заснаваны на судовым рашэнні юрыдычны акт, у выніку якога паміж усынавіцелем і ўсыноўленым дзіцяці ўзнікаюць такія ж правы і абавязкі, як паміж бацькамі і дзецьмі. Апека і папячыцельства прадугледжаны для выхавання, абароны асабістых, маёмасных правоў і законных інтарэсаў дзяцей-сірот. Абавязкі па догляду, абароне і выхаванні дзяцей ажыццяўляюцца бяс­платна і да паўналецця. У патранатную сям’ю прымаюць дзяцей-сірот на перыяд канікулаў, выхадных і святочных дзён. Мэта патранатнага выхавання – фарміраванне ў дзяцей пазітыўнага вопыту жыцця ў сям’і, стварэнне ўмоў для падрыхтоўкі да самастойнага жыцця і сацыяльнай адаптацыі. Прыёмная сям’я з’яўляецца прафесійнай формай уладкавання дзяцей-сірот. Прыёмныя бацькі атрымліваюць дапамогу на ўтрыманне дзіцяці, заработную плату за яго выхаванне. Прыёмныя бацькі прымаюцца на работу аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Час работы залічваецца ў працоўны стаж. Дзіцячы дом сямейнага тыпу – сям’я, якая прымае на выхаванне ад пяці да дзесяці дзяцей-сірот ці дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Бацькі-выхавальнікі выконваюць абавязкі па выхаванні дзяцей на падставе дагавора аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей і працоўнага дагавора. Дзяржава клапоціцца аб стварэнні жыллёвых умоў для дзіцячага дома сямейнага тыпу, выплачвае грашовую дапамогу на ўтрыманне прыёмных дзяцей.
Прыёмнымі бацькамі, бацькамі-выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу, усынавіцелямі, апекунамі не могуць быць асобы, якія хворыя на хранічны алкагалізм, наркаманію, таксікаманію ці па стану здароўя не могуць выконваць абавязкі прыёмных бацькоў; тыя, хто быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў; былыя ўсынавіцелі, калі ўсынаўленне было адменена з-за неналежнага выканання сваіх абавязкаў; асобы, якія маюць судзімасць; бацькі, дзеці якіх былі прызнаны тымі, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне ў сувязі з невыкананнем ці неналежным выкананнем гэтымі асобамі сваіх абавязкаў па выхаванні ці ўтрыманні дзяцей, а таксама асобы, якія былі пазбаўлены права займацца педагагічнай дзейнасцю ці якія не маюць права займацца педагагічнай дзейнасцю ў выпадках, што прадугле­джаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Прафесійнае прыёмнае бацькоўства – адносна новая для Беларусі з’ява. Прафесійная прыёмная сям’я як інстытут сацыялізацыі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзіцца ў стадыі станаўлення. Безумоўна, усынаўленне дзіцяці мае перавагу перад прафесійным бацькоўскім клопатам. Аднак дзяцей, якіх выхоўваюць прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі, значна больш. Выхаванне дзяцей у такіх сем’ях – адна з альтэрнатыўных форм уладкавання дзяцей ва ўмовы сям’і, пражыванне ў якой садзейнічае фарміраванню правільных поглядаў дзіцяці, дапамагае атрымаць станоўчы вопыт жыцця ў сям’і, дзе і адбываецца закладка асноў сямейных адносін.
За падрабязнай інфар­мацыяй па сямейных формах жыццеўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, звяртайцеся ў сектар па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама па адрасе: г. Маларыта, вул. Чырвонаармейская, 1, каб. 83, тэл. 2-13-85.

Галіна СТАСЮК,
загадчыца сектара

Опубликовано ГЧ № 58 от 2.08.17г.
па ахове дзяцінства.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!