Традыцыя добрых спраў

Традыцыя маларыцкіх дэсантнікаў у Дзень паветрана-дэсантных войс­каў наведваць з дабрачыннай акцыяй аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў з’явілася даўно. Сёлета хлопцы ў цяльняшках зноў сталі гасцямі аддзялення.
Прычым на гэты раз падарункам ад дэсантнікаў была альтанка, якую пабудавалі яны на тэрыторыі аддзялення. Выхаванцы аддзялення, каб аддзячыць гасцям за добрыя справы, падрыхтавалі канцэртную праграму з гульнямі, танцамі, віктарынамі і загадкамі.
Удзел у святочнай сустрэчы прыняло больш за 20 гасцей.
— Нас магло б быць і больш, але сёння будзённы дзень, у многіх работа, — расказваў пастаянны ўдзельнік і арганізатар дабрачынных акцый дэсантнікаў Максім Фадзееў, — Магчыма, нехта і купаецца сёння ў фантане, але мы не лічым гэта абавязковым пунктам праграмы святкавання. Час засноўваць добрыя традыцыі. Наша галоўная задача ў гэты дзень – аказаць звычайную жыццёвую дапамогу тым, каму яна патрэбна. Таму і завязалася дружба з калектывам аддзялення.
На сустрэчу дэсантнікі прыйшлі не з пустымі рукамі. Аб’явіўшы паміж сабой збор сродкаў, яны набылі мікрафоны, каб выхаванцы аддзялення маглі развіваць свае артыстычныя здольнасці, а яшчэ прынеслі розныя бытавыя дробязі і, вядома, пачастункі.
Шчыры дзякуй усім, хто здольны рабіць добрыя справы!
Аксана МІРЧУК, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і пажылых людзей.

Опубликовано ГЧ № 60 от 9.08.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!