За што я люблю лета?

Вядома, у любой пары года ёсць свае плюсы: снег — зімою, залаты лістапад — восенню, белая квецень — вясной. А вось лета іграе асаблівым спектрам фарбаў. Жоўты колер сонейка, якое песціць сваімі цёплымі промнямі, пераплятаецца з сакавіта-зялёным колерам травы, блакіт неба дапаўняецца белізной “зефірных” аблокаў. Як не любіць такое хараство! Таму шчыра скажу, асабіста я жыву ад лета да лета! А за што любяць лета іншыя? Менавіта з такім простым пытаннем звярнулася да маларытчан.

Святлана Супрунюк:
— Чаму я люблю лета? Хутчэй за ўсё таму, што летам у мяне, як і ва ўсіх педагогаў, водпуск і ёсць магчымасць набрацца сіл для новага навучальнага года. Яшчэ таму, што летам прырода расцвітае ўсімі сваімі фарбамі і дае мне натхненне для майго хобі – фатаграфіі. Люблю кветкі і радуюся, калі пачынаюць распускацца лілеі, ружы, гладыёлусы, а на палях васількі, рамонкі. Летам заўжды больш магчымасцей сустрэцца з сябрамі, пася­дзець за кубкам кавы, пагутарыць. Многія гавораць, што гэтае лета мала радуе надвор’ем. А я радавалася і радуюся любому дню. Радуюся магчымасці бачыць блакітнае неба над галавою. У наш час гэта сапраўды раскоша. Як спяваецца ў песні: лета – гэта маленькае жыццё!
Ларыса Дэйнак:
— Для мяне, натуры рамантычнай і творчай, лета – жывая акварэль прыроды. А яшчэ магчымасць прачнуцца, калі хочаш, убачыць світанак з яго першымі сонечнымі промнямі, якія кранаюць сонную зямлю. Водар ягад, ажыўленне ракі і возера, кветкі, якія зачароўваюць, – усё гэта лета. А яшчэ лета люблю за актыўны адпачынак – катанне на веласіпедзе, роліках, гульню ў тэніс і бадмінтон. Незабыўнае відовішча – летняя навальніца. Мокрыя далоні, шум дажджу, які барабаніць па вокнах пасля спякотнага дня. І хочацца хадзіць басанож па лужах, як у дзяцінстве. А якая прыгажосць – летні захад сонца, які валодае прыцягальнай, чароўнай сілай, асабліва, калі ты знаходзішся ля вадаёма. Адкладзіце справы і знайдзіце хвілінку, каб палюбавацца прыродай летніх дзён, непаўторных і маляўнічых.
Галіна Братчук:
— Лета я любіла заўжды. У дзяцінстве гэта было звязана з тым, што кожнае лета, калі ў маіх бацькоў быў водпуск, мы ездзілі на маміну радзіму, на Гомельшчыну. І для нас з братам гэта было самым сапраўдным захапляючым падарожжам. Потым я сама, як і мае бацькі, стала настаўніцай. І водпуск у мяне таксама быў летам. І такое спалучэнне – лета і водпуск – заўжды радуе. Цяпер я на пенсіі, водпуск у мяне круглы год. Але лета люблю па-ранейшаму: за цёплыя дзянькі, за яркія кветкі, за шчодры ўраджай, за магчымасць босымі нагамі пахадзіць па траве і з’ездзіць на веласіпедзе ў лес па чарніцы. І гэта далёка не поўны пералік. Лета яно і ёсць лета. Не любіць яго немагчыма. Між іншым, як і іншую пару года.
Аляксандр Галянчук:
— Калі ўспомніць школьныя гады, дык лета любіў за доўгачаканыя канікулы, штодзённыя гульні ў футбол да захаду сонца і бяс­концыя дні на олтушскім возеры. Яшчэ пачатак гэтай пары года супадае з днём нараджэння маёй сястры. Таму цяпер, калі працую, гэта яшчэ адна нагода прыехаць у вёску, каб сабрацца ўсёй сям’ёй у альтанцы ля дома.
Вікторыя Ляўчук:
— Нагод любіць лета шмат: водпуск, мора, пляж. Адпачынак, мінімум адзення, загар, сонца. Магчымасць адправіцца куды-небудзь у падарожжа, пабываць у новых месцах. А яшчэ люблю лета за багацце сакавітай і смачнай свежай садавіны, ягад і гародніны, якія падсілкоўваюць нас энергіяй і вітамінамі. Увогуле лета – гэта проста ЛЕТА! Ад аднаго гэтага слова чамусьці хочацца ўсміхацца, апранаць новы ўбор і некуды імчацца!
Алена Алесік:
— Лета – гэта магчымасць адпачынку ля вадаёмаў. Вось і гэтым летам мы абавязкова паедзем на наша любімае месца адпачынку – возера Свіцязь. А яшчэ летам, год назад, у адзін з гарачых дзянёчкаў нарадзілася мая дачушка Марынка, наша яркае сонейка.
Вера Дэніс:
— Лета ў першую чаргу люблю за тое, што ў сілу сваёй прафесіі менавіта ў гэты час у мяне працяглы водпуск. Увесь свой час можна прысвяціць дому і дзецям. А яшчэ менавіта летам прырода буяе шматколернасцю фарбаў. Не магу не любавацца кветкамі, рознымі раслінамі. Акрамя таго, вельмі прыемна збіраць свой вырашчаны на градцы ўраджай. Ды і ўвогуле цудоўна, што летам можна шмат часу праводзіць усёй сям’ёй на вуліцы.
Юрый Варанчук:
— Люблю лета за тое, што можна пагуляць летнімі вечарамі з сям’ёй на свежым паветры, пазбіраць грыбы ў лесе і пакатацца на веласіпедзе. А яшчэ паплаваць ў адкрытым вадаёме, а потым на беразе пасмажыць шашлычок. Люблю спевы птушак, асабліва салаўя ранкам, на пачатку лета.

Пытанне задавала Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 60 от 9.08.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!