Гандбольнае месца

Гандбол – папулярны від спорту ў нашым раёне. Традыцыі гэтага віду спорту былі закладзены яшчэ першым трэнерам Пятром Каменчуком.

Неабходна нагадаць, што Пётр Мікітавіч вельмі сур’ёзна адносіўся да працы. Таму вынікі не прымусілі сябе чакаць. Ужо восенню 1966 г. выхаванцы (1951-1952 гадоў нараджэння) Пятра Каменчука, упершыню прадстаўляючы раён на абласных спаборніцтвах па гандболе, выступілі годна. Гэта надало трэнеру яшчэ большы стымул для працы. Па словах тых, хто вучыўся майстэрству ручнога мяча ў Пятра Мікітавіча, займацца ў яго было вельмі прэстыжна, цікава. Спаборніцтвы часта праводзіліся з гандбалістамі-сапернікамі з Брэсцкага, Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў. Праз год трэніровак каманда Маларыцкай ДСШ заняла ІІІ месца ў вобласці, а ў 1969 г. – ІІ месца на першынстве БССР па ручным мячы, уступіўшы толькі камандзе Мінска.
Дзіцяча-юнацкая спартыўная ўстанова Маларыцкага раёна мае выдатную гандбольную школу. Яе традыцыі працягваюць развівацца і цяпер. За час існавання ўстановы было падрыхтавана нямала высокакваліфікаваных ігракоў і трэнераў. У іх ліку, напрыклад, Леанід Назарук, Вячаслаў Бабура, Генадзь Чыкіта, Раіса Грэбень, Барыс Пухоўскі, Людміла Сезік, Андрэй Хапаль, Андрэй Сацюк, Таццяна Рыжэвіч, Ала Пракапук, Алена Каховіч і інш. Акрамя таго, у Маларыце склаліся своеасаблівыя гандбольныя дынастыі, а гэта сем’і Бабуры, Грэбень, Максімукоў-Чорных…
На базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна пастаянна праводзяцца гандбольныя спаборніцтвы рознага ўзроўню. Сюды ж таксама прыязджаюць на зборы не толькі каманды з Беларусі. Сваё майстэрства на базе ДЮСШ Маларыцкага раёна адшліфоўвалі спартсмены са СДЮСШР №71 “Ціміразеўская”, г. Масква (баскетбол), СДЮШАР №101 “Тушына”, г. Масква (гандбол).
Нядаўна на пляцоўцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна прайшлі спаборніцтвы па гандболе. Брэсцкі гандбольны клуб — 2 імя А.П.Мяшкова сустракаўся з камандай “Спартак” (г.Масква, праект Федэрацыі гандбола Расіі пры падтрымцы Дзмітрыя Рагозіна, намесніка старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі). Гульня закончылася з выніковым лікам 20:37 на карысць масквічоў. Каманды “БГК-2 імя А.П.Мяшкова” і “Спартак” праводзілі ў Маларыце запланаваныя шматдзённыя зборы.
Між іншым, суддзямі гэтага спаборніцтва сталі Сяргей Крупскі, трэнер-выкладчык па гандболе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна, і Васіль Ляўчук, былы маларытчанін, цяпер менеджар па правядзенні спартыўных мерапрыемстваў і старшы трэнер па развіцці спорту нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па гандболе Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
На здымку: каманды “БГК-2” і “Спартак” пасля матча.

Опубликовано ГЧ № 62 от 16.08.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.