Удзячнае рэха жніва

Хвалі залатой збажыны, шэпт каласоў, цеплыня ўзятага ў далоні зерня – па гэтай рамантыцы жніва міжволі сумуюць усе камбайнеры, калі складаная, адказная і вельмі важная работа на хлебных нівах ужо ў мінулым.
Цяпер кожны з тых, хто яшчэ тыдзень-два назад з ранку да вечара шчыраваў у полі, каб хутчэй і без страт сабраць ураджай, задзейнічаны на іншых відах работ, якіх у летні час у любой гаспадарцы хапае. І рэхам напружаных дзён жніва, у якіх кожны хлебароб стараўся на ўсю моц, з’яўляецца заслужанае ўшанаванне працавітых людзей. Граматы, дыпломы, падарункі, прэміі, майкі і фірменныя кепкі лідараў ад кіраўніцтва раёна, абласнога і раённага аб’яднанняў прафсаюзаў атрымалі многія, хто ў час уборачнай кампаніі быў у ліку лепшых. Пра іх распавядала ўжо “раёнка”. І вось у чарговы раз, цяпер ужо са старшынёй раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Віктаравічам Марушавым, мы адпраўляемся на палі сельгаспрадпрыемстваў раёна, каб зноў сфатаграфаваць моманты ўша­навання і расказаць пра людзей, якія дастойны самых цёплых, самых удзячных слоў.
Поспехі маладзёжнага экіпажа ў скла­дзе Сяргея Пішчыка і Рамана Мікійчука з ААТ “Хаціслаўскі” можна было прасачыць у інфармацыі раённай Дошкі гонару, якая размяшчалася ў кожным нумары газеты “Голас часу”. Пачынаючы з першых убраных гектараў, маладыя камбайнеры стабільна былі ў ліку лідараў і намалацілі 1029 тон зерня. Сярод маладзёжных экіпажаў раёна яны сталі бясспрэчнымі пераможцамі. Як было не ўручыць Пісьмы падзякі раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК шчырым, працавітым, надзейным хлопцам, на якіх заўжды можна паспадзявацца.
Штогод у час жніва на слыху прозвішча братоў Генадзя і Віктара Берчукоў з СУП “Савушкіна”. Моцныя, выпрабаваныя хлебаробы, Генадзь і Віктар сёлета зноў пераможцы. А ў скарбонку іх узнагарод дабавіліся Пісьмы падзякі ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК.
Яшчэ адзін падарунак ад прафсаюза ў той дзень паехаў у ААТ “Чарняны” да вадзіцеля-тысячніка Івана Ігнацюка, які, хутка пераадольваючы кіламетры, адвозіў у час жніва зерне з поля на ток.
Жніво – гэта асаблівае жыццё для ўсіх, хто мае да яго прамое дачыненне. І яго завяршэнне – свайго роду свята. Добрае дапаўненне гэтага свята – узнагароды, якіх дастойны кожны, хто сумленна і адказна працаваў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: пісьмы падзякі Сяргею Пішчыку і Раману Мікійчуку ўручае старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў; браты Генадзь і Віктар БЕРЧУКІ з узнагародамі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 63 от 19.08.17г.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.