“Музычныя вечары Лукава”

Пад такою назваю прайшоў першы музычны фестываль на тэрыторыі лодачнай станцыі “Лукава”. Ініцыятарам і арганізатарам яго выступілі Сяргей Мікалаевіч Алесіюк і Юрый Мікалаевіч Слюсар.
-Ідэя правядзення музычных вечароў на маляўнічым беразе Лукаўскага вадасховішча ўзнікла нечакана, — расказвае Сяргей Мікалаевіч. – Мы з сябрамі неяк вечарам сядзелі на дачы, гаварылі пра жыццё, пра музыку. Нечакана кожны з нас злавіў сябе на думцы, што для добрага адпачынку ў гурце сяброў не хапае жывога выканання песні. Некаторыя з нас спрабавалі спяваць пад гітару, але гэта было не тое. Хацелася пачуць сапраўды прыгожае выкананне ўжо вядомых песень. Нехта з прысутных жартам сказаў, што сітуацыю можна выправіць, запрасіўшы прафесійную музычную групу. Гэтай ідэяй захапіліся ўсе і адразу пачалі выказваць свае прапановы.
Лодачная станцыя “Лукава” якраз падыходзіла для ўвасаблення задуманага. На яе тэрыторыі была ўсталявана сцэна, падведзена электрычнасць. А нядаўна прайшоў і сам музычны фестываль, на які былі запрошаны мясцовыя жыхары і брэстаўчане. Сваёй творчасцю на працягу 3 гадзін радавала ўсіх брэсцкая група “Персона нон грата”.
-Гэта так было цудоўна, казачна і рамантычна, — успамінае Марыя Клімчук. – Жывая музыка, лёгкія павевы ветрыку, танцы на цёплым пяску пад мігценне зорак. А любімыя песні 80-90 гадоў мінулага стагоддзя, якія прагучалі, выклікалі настальгію і вярнулі ў пару маладосці. Камфортна было ўсім. Дзякуй арганізатарам за незабыўны жнівеньскі вечар!
Фінальным акордам фестывалю стаў феерверк пад гучныя воплескі прысутных, які расквеціў рознакаляровымі агеньчыкамі начное неба над Лукаўскім вадасховішчам. Ён выклікаў пазітыўныя эмоцыі, захапленне і здзіўленне.
Пасля паспяховага правядзення музычнага фестывалю Сяргей Алесіюк плануе яго зрабіць штогадовым, па магчымасці запрасіць таксама і вядомыя музычныя групы. На сцэне сваёй творчасцю парадуюць аматары розных музычных жанраў і накірункаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Опубликовано ГЧ № 63 от 19.08.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!