Жук малы, шкода — вялікая

Сапраўднае стыхійнае бедства прыйшло ў многія лясы Беларусі. Сосны сталі аб’ектам нападзення верхавіннага караеда, шкодніка, які здольны знішчыць гэтае шматгадовае дрэ­ва ўсяго за тыдзень. Асабліва актуальная гэтая праблема цяпер у Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях.
Больш за ўсё ў нашай вобласці пацярпелі лясы Лунінецкага, Пінскага і Сто­лінскага раёнаў. Ёсць ачагі заражэння і на тэры­торыі ляснога фонду Маларыцкага лясгаса. Сітуацыя з пашкоджаннем непрыемная, але не крытычная. Па­шкоджаныя ўчасткі выдаюць высахлыя рыжа-шэрыя верхавіны сосен.
Парыжэлыя з неверагоднай хуткасцю саснякі не даюць спакою не толькі работнікам лясной гаспадаркі, але і тым, хто проста неабыякавы да лесу. Усяму віной зусім маленькія жучкі – кара­еды. Вучоныя і лесаводы прыйшлі да высновы, што справіцца з праблемай павелічэння колькасці ствалавых шкоднікаў і масавага ўсыхання сасновых дрэвастояў можна, толькі забяспечыўшы аператыўны маніторынг сасновых насаджэнняў, пастаноўку на ўлік, назначэнне і правядзенне санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў. А фактары, якія прывялі да лесапаталагічных праблем такога маштабу, трэба ўсебакова вывучыць. Пакуль што адзін з дзейсных метадаў барацьбы са шкоднікам, на жаль, — высечка лясоў.
Заражаныя насякомымі ўчасткі насаджэнняў неабходна, па магчымасці, высякаць, а драўніну хутка вывозіць з лесу і перапрацоўваць. Усе па­шкоджаныя караедам парубачныя рэшткі, галіны рэкамендавана спальваць. Для своечасовага знішчэння пашкоджаных насаджэнняў удзел у іх ліквідацыі прымаюць усе лясгасы вобласці. Актыўнасць шкодніка спыніцца, як толькі надыдуць халады.
Чаму раней пра такія нашэсці шкоднікаў не было чуваць? Як гавораць ветэраны лясной галіны, пра такое масавае ўсыханне саснякоў з-за пашкоджання караедам яны не чулі на працягу ўсёй вядомай гісторыі вядзення навуковай лясной гаспадаркі ў Беларусі. Вучоныя ўпэўнены: усяму віной глабальнае змяненне клімату. Поўдзень Беларусі ўсё больш выразна пераходзіць у іншую кліматычную зону.
Наталля КАСЯНЮК, намеснік дырэктара ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас” па ідэалагічнай рабоце.

Опубликовано ГЧ № 63 от 19.08.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.