6 непаўналетніх сталі маці

Нельга што-небудзь супрацьпаставіць статыстыцы, якая ведае ўсё. Таму пра нас, жанчын, пагаворым сёння мовай лічбаў, якія ахвотна назвала ўрач-гінеколаг райбальніцы Ірына ГАЙДУЧЫК.
– Ірына Мікалаеўна, колькі дзетак нарадзілася на Маларытчыне летась?
– 330.
– Калі параўноўваць мінулы год з годам папярэднім, дык працэнт нараджальнасці вырас ці зменшыўся?
– Зменшыўся з 13,5 да 12,7, бо ў 2009-ым нарадзілася 360 дзяцей.
– А колькі ў раёне жанчын дзетароднага ўзросту?
– Іх таксама стала менш амаль на 350. Зменшылася і колькасць прадстаўніц слабой паловы, якім ад 15 да 18, ад 18 да 49 гадоў. А вось такіх, каму больш чым 49, стала крыху больш.
– Ірына Мікалаеўна, ці ўсе цяжарныя жанчыны своечасова прыходзяць у кансультацыю, каб стаць на ўлік?
– Працэнт ранняй пастаноўкі на ўлік, да 12-тыднёвага тэрміну, склаў у нас летась 95.
– Ці часта здараюцца выпадкі, калі немаўляты з’яўляюцца на свет з прыроджанай паталогіяй?
– Летась такіх выпадкаў было 6.
– Вам даводзілася чытаць заявы, што пісалі маці, якія адмаўляліся ад сваіх дзяцей?
– Адну такую заяву памятаю.
– Колькі дзяцей, да прыкладу, летась не ўбачылі свет з-за таго, што маці па сваёй волі пазбавіліся іх, калі яны былі яшчэ ва ўлонні?
– Летась зарэгістраваны 51 аборт.
– Жанчыны якіх узростаў дапускалі гэты смяротны грэх?
– Узрост 14 чалавек – ад 20 да 24 гадоў, 9 – ад 25 да 29, 12 – ад 30 да 34, 18 – ад 35 да 39 гадоў. Ва ўсіх жанчын была не першая цяжарнасць.
– Колькі дзяцей з’явілася ў дзяцей, інакш кажучы, у непаўналетніх?
– Летась 6 непаўналетніх сталі маці. Трое рыхтуюцца стаць імі, адной з будучых маці ўсяго толькі 15 гадоў.
– Раннія роды, аборты, наогул, абыякавасць да сябе і свайго здароўя – усё гэта, як вядома, бясследна не праходзіць і можа стаць прычынай пачатку і развіцця ў жаночым арганізме розных хвароб, у тым ліку і анкалагічных. Ці шмат у нас у раёне жанчын, у якіх выяўлена гінекалагічная анкалогія?
– Толькі летась 13 жанчынам быў пастаўлены такі дыягназ. Праўда, захворванні выяўлены на ранніх стадыях, не ў запушчанай форме.
– Самы небяспечны ўзрост, у якім найчасцей жанчын “косіць” страшная хвароба?
– Пасля 40 гадоў, калі да генетычнай схільнасці і інш. дадаецца гарманальная перабудова ў арганізме жанчыны.
– Што б вам хацелася пажадаць нашым жанчынам?
– Любіць сябе! Гэта значыць, думаць і турбавацца пра сваё здароўе.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: урач-гінеколаг Ірына ГАЙДУЧЫК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий