Почему опасно пить воду из криницы в Малоритском районе

З даўніх часоў нашы далёкія продкі надзялялі крыніцы асаблівай магічнай сілай, а ваду, што прабіваецца праз тоўшчу зямлі, лічылі гаючай. Крыштальнымі слязамі зямлі, менавіта так паэтычна-вобразна называлі крынічную ваду, якой не толькі спатольвалі смагу, але і ачышчаліся. Месца, адкуль б’е крыніца — свяшчэннае, таму смяціць там ці брудзіць — кашчунства.
Ля Пажэжынскай крыніцы, што знаходзіцца на тэрыторыі Вялікарыцкага сельсавета, заўсё­ды ёсць людзі. Са слоікамі і пластыкавымі бутэлкамі, яны стаяць у чарзе, каб набраць чыстай сцюдзёнай вады. Варта адзначыць, што за вадой прыязджаюць жыхары не толькі Маларыцкага, але і Брэсцкага, Кобрынскага ды і іншых раёнаў. Напрыклад, жыхар Тамашоўкі, што ў Брэсцкім раёне, Дзмітрый Навачук, п’е крынічную ваду на працягу 5 гадоў. Мужчына кажа, што вада не толькі вельмі смачная, але і карысная для здароўя. “Вада – гэта жыццё. Я набіраю 55 літраў для сябе і сваёй цешчы, — рассказвае Дзмітрый Новачук (на здымку). – Больш таго, крыніца валодае гаючай сілай. Я прамываю ёй вочы і пэўны час магу не насіць акуляры.” Тое, што вада тут не зусім звычайная пачалі казаць і некалькі чалавек, якія сядзелі на лаўцы, схаваўшыся ад паўдзённага сонца пад шатамі разгалістых дрэў, і чакалі сваёй чаргі, каб набраць крынічнай вады. “Адзін знаёмы расказваў, што вада набраная ім у гэтай крыніцы, прастаяла ў слоіку некалькі гадоў і не сапсавалася, — далучаецца да размовы малады чалавек, які назваўся Міхаілам. Але не ўсё так адназначна.
Спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія пастаянна бяруць на пробу ваду з крыніцы, наконт яе якасці і карыснасці не вельмі аптымістычныя. “Сёлета выяўляліся выпадкі неад­па­веднасці крынічнай вады па мі­крабіялагічных паказчыках, — тлу­мачыць сітуацыю часова выконваючая абавязкі галоўнага санітарнага ўрача, загадчыца ад­дзела гігіены Ганна Балабушка. – Фактычнае ўтрыманне нітратаў у вадзе складала107,8 мг/дм кубічны, пры норме 45 мг/дм кубічны.
У сувязі з гэтым раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі не рэкамендуе выкарыстоўваць ваду з крыніцы для піцця. Ганна Віктараўна асабліва папярэдзіла, каб ні ў якім разе некіпячоную крынічную ці калодзежную ва­ду не давалі немаўлятам. Як патлумачыла ўрач, ужыванне вады з павышаным утрыманнем нітратаў выклікае такое захворванне, як воднанітратная метгемаглабінемія. У маленькага дзіцяці назіраецца кіслародны голад, з’яўляецца сінюшнасць, задышка, ваніты, страта прытомнасці, якія, на жаль, могуць прывесці да лятальнага зыходу.
Кацярына Яцушкевіч.
Фота Алега
Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 69 от 9.09.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!