Лідар са стажам

Адзін са спецыялістаў гаспадаркі, каго мы спадарожна падвозілі з Сушытніцы да Хаціслава, заўважыў, што Іван Мікалаевіч Пішчык, загадчык Сушытніцкай фермы, па пытаннях жывёлагадоўлі можа даць не горшыя тлумачэнні, чым любая спецыяльная энцыклапедыя. А галоўны эканаміст гаспадаркі Таццяна Ківачук дадала: калі Іван Мікалаевіч здае справаздачу,  лічбы ў ёй можна не правяраць. Усё надзейна,  памылак там ніякіх быць не можа.
І гэта не дзіўна. Іван Мікалаевіч працуе на Сушытніцкай ферме без малога 40 гадоў і ўвесь час загадчыкам. А прыйшоў ён сюды адразу пасля службы ў арміі. Да гэтага,  закончыўшы школу, атрымаў сярэдне-спецыяльную адукацыю ў Ляхавіцкім ветэрынарным тэхнікуме. Па накіраванні трапіў у калгас “Перамога”, кіраўніком якога быў тады І. В. Базылеў. Паўтарагадовая практыка тут дала маладому спецыялісту многае. Праўда, працаваць у “Перамозе” ён не застаўся. Выпала магчымасць пераехаць на сваю малую радзіму – у Сушытніцу, і Іван Мікалаевіч разам з жонкай аказаліся тут. З таго часу І. М. Пішчык на Сушытніцкай ферме і працуе.
Як адзначала кіраўніцтва гаспадаркі, на ферме, якую ўзначальвае Іван Мікалаевіч, заўсёды былі парадак, дыс­цыпліна, яе калектыў быў моцным канкурэнтам іншым калектывам жывёлаводаў: вытворчыя паказчыкі тут былі стабільна добрыя.
У Хаціславе ніколі не раскідваліся спецыялістамі, а тым больш добрымі. Тут заўсёды правільна лічылі, што суб’ектыўны фактар – адзін з самых уплывовых. Калі побач працуе сумленны, адказны чалавек, зразумела ж, яго падыход да справы распаўсюджваецца.
Таму на Сушытніцкай ферме заўсёды працавалі толькі добрасумленныя работнікі, якія добра ўсведамлялі, што іх асабісты вынік – гэта складаемае выніку ўсяго калектыву.
І хоць многія з тагачасных даярак, з якімі некалі Іван Мікалаевіч пачынаў працаваць,  пайшлі ўжо на заслужаны адпачынак,  і цяпер ёсць на ферме такія людзі, чый працоўны стаж  складае больш чым 2 дзясяткі гадоў. Гэта і Галіна Феафанаўна Бідзюра, і Валянціна Апанасаўна Яўтушык, і многія іншыя. З талковым кіраўніком, як гаварылі жанчыны, чаму б не працаваць, калі здароўе дазваляе і вопыт дапамагае.
А больш маладыя, як Ніна Ціханаўна Шырма, не толькі добра ўпісаліся ў калектыў, асвоілі азы прафесіі даяркі, але і заявілі пра сябе цудоўнымі вынікамі. Тая ж Ніна Ціханаўна летась ад кожнай каровы ў сваёй групе надаіла па 5387 кілаграмаў малака, у той час, як у цэлым па ферме яго было атрымана па 4899 кг, у цэлым па гаспадарцы – 4834 кг.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Іван Мікалаевіч ПІШЧЫК, загадчык Сушытніцкай фермы.
фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!