Другое нараджэнне

Калі 35 гадоў назад Любоў Калінаўна Бягеза прыехала ў вёску Арэхава закройшчыцай, у вясковым комплексным прыёмным пункце працавала цэлая брыгада швачак. Работа ў службе бытавога абслугоўвання тады кіпела: прымалі заказы на пашыў адзен­ня, бялізны, рамонт рэчаў. Быў у працоўнай біяграфіі Любові Калінаўны і іншы перыяд, калі служба быту вісела на валаску: абсталяванне некалькі дзесяцігоддзяў не абнаўлялася, колькасць заказаў была мінімальная, памяш­канне, у якім размяш­чаўся комплексны прыёмны пункт, не ацяплялася. Сапраўды чорная паласа, на змену якой, у гэтым заўжды была ўпэўнена Любоў Калінаўна, павінна прыйсці белая… 
Змены, якія адбыліся ў вёсцы з будаўніцтвам аграгарадка, непасрэдна закранулі мясцовы комплексны прыёмны пункт. Па-першае, цалкам змяніўся яго выгляд. Рамонт у будынку, новая мэбля зрабілі памяшканне ўтульным. Па-другое, значна змяніліся ўмовы працы. Нарэшце, упершыню за апошнія 15 гадоў, як адзначала Любоў Калінаўна, у памяшканні зімою стала цёпла. Падтрымліваць цяпло дапамагаюць не толькі новыя ацяпляльныя прыборы, але і шклопакеты, на якія былі заменены старыя вокны.
Найбольшым попытам з усіх відаў паслуг, што аказвае комплексны прыёмны пункт, у арэхаўскіх жыхароў карыстаецца пашыў бялізны. Камплекты бялізны, якія па цане больш танныя, чым тыя, што прапануе магазін, толькі ў снежні заказалі 10 вяскоўцаў. Запатрабаваны і рамонт адзення. А вось з заказамі на пашыў адзен­ня, гаварыла загадчыца КПП, ніхто пакуль не звяртаецца, хоць сама Любоў Калінаўна па спецыяльнасці закройшчык і магла б выканаць любы заказ. Па аўторках у сучасна абсталяваным пакоі комплекснага прыёмнага пункта працуе цырульнік. Ёсць тут і рытуальныя тавары, можна ўзяць на пракат посуд. Акрамя ўсяго, комплексны прыёмны пункт у вёсцы – гэта яшчэ і міні-магазін. Тут ёсць шмат неабходных для дому  рэчаў.
— Можна сказаць, што служба быту ў вёсцы толькі пачынае набіраць сілы. Зусім нядаўна пасля рамонту мы пачалі працаваць, цяпер ужо ёсць заказы. А ў планах яшчэ нямала цікавага, — з аптымізмам адзначае Любоў Калінаўна.
Між іншым, аптыміз­му вясковым бытавікам надало тое, што яны адчулі клопат. Умовы працы ў сельскім комплексным прыёмным пункце нічым не горшыя, а, магчыма, яшчэ і лепшыя за гарадскія. А добрыя ўмовы стымулююць жаданне працаваць вынікова.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: загадчыца комплекснага прыёмнага пункта в. Арэхава Любоў БЯГЕЗА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!