Антанова — наперад у мінулае

Акунуцца ў атмасферу мінулага, на ўласныя вочы ўбачыць, як жылі нашы продкі, адчуць сапраўдны подых сівой даўніны і спазнаць, як час запавольвае свой хуткаплынны бег – і ты, нібыта трапляеш у іншае вымярэнне – гэта не з вобласці фантастыкі.

Сапраўды, дастаткова пе­ра­адо­лець дваццаць пяць кіламетраў ад раённага цэнтра, і перад табой адкрыецца зусім іншы свет. З аднаго боку такі далёкі і забыты, з другога – надзвычай родны і блізкі. Гэта  — як покліч продкаў, якія праз гады адрасуюць нам свой запавет. Такім чынам, рушым наперад – у мінулае. У абрамленні сасновага бору стаіць невялікая, у адну вуліцу вёска Антанова. Пры ўездзе нас сустракае крыж. Дарэчы, такія крыжы,  адмысловыя абярэгі вёсак, заўсёды ставіліся на ростанях і надавалася ім вялікая магічная сіла. Крыж,  дагледжаны, не закінуты. Хаця жывуць тут амаль адны старыя. Дажывае некалі спеўная ды працавітая вёска свой нялёгкі век. Пусцеюць хаты, зарастаюць пустазеллем агароды.

—  Некалі Антанова лічылася самай працавітай вёскай, — так ахарактарызавалі населены пункт у Вялікарыцкім сельвыканкаме. – Развівалася жывёлагадоўля, стаялі фермы. Ды і зямля тут вельмі ўрадлівая.

Зараз у вёсцы пражывае 28 чалавек. Зразумела, што ні магазіна, ні іншых аб’ектаў сацкультбыту тут няма. Тры разы на тыдзень у Антанова заязджае аўталаўка. Жыве вёска сваімі няспешнымі спрадвечнымі клопатамі. Жыхары  яе прыбіраюць агароды, рупяцца, шчы­руюць на зямлі, нібы тыя пчолкі.

У самым пачатку вёскі знахо­дзі­ц­ца аграсядзіба пад аднайменнай наз­вай “Антанова”. На падворку нас сустракае гаспадар – Андрэй Лаўранюк. Сёння адпачываючых няма. Папулярнасцю сядзіба карыстаецца ўлетку, а таксама, на выхадныя і ў святочныя дні. Прыязджаюць сюды турысты не толькі з нашай краіны, але і расіяне ды палякі. Зачароўвае гасцей  некранутая прыгажосць мясцовых краявідаў, лясы, што багатыя на ягады і грыбы, і цішыня, якая ахутвае ўсё наваколле, дае магчымасць адпачыць ад гарадской мітусні. Ідэя аб стварэнні сваёй аграсядзібы ў Андрэя Лаўранюка і яго сябра Сяргея ўзнікла даўно, калі яны яшчэ займаліся аўтасервісам. Каб рэалізаваць справу,  Андрэй нават пераехаў з Брэста жыць у вёску Антанова.

—  Чаму выбар выпаў на гэты населены пункт? – дапытваюся ў Андрэя Пятровіча.

—  Спадабалася вёсачка, якая знаходзіцца непадалёку ад Брэста, і ў той жа момант яна зусім непадобная на сучасныя вёскі, ціхая, спакойная. Здаецца, што цывілізацыя сюды не дайшла, — тлумачыць Андрэй Пятровіч. – Тым больш, што якраз у Антанова прадаваліся дзве хаты.

Адметнасць аграсядзібы ў тым, што ўсё тут зроблена ўлас­нымі рукамі майстравітага гаспадара. На трох гектарах зямлі размясціліся два ўтульныя домікі для гасцей, побач выкапана саджалка, у якой плавае рыба. Гаспадары вырошчваюць экалагічна чыстую прадукцыю, як у адкрытым грунце, так і ў цяпліцах. На падворку ходзяць парсюкі, куры, качкі. Дворык добраўпарадкаваны стыльна і з густам. Нічога лішняга тут няма. Драўляная альтанка, накрытая чаротам,  ветліва запрашае ў сваю прахалоду. Нават не верыцца, што на месцы аднаго з гасцявых домікаў раней стаяла пуня. У хаце, дзе ўсё стылізавана пад даўніну, прыемна адпачываць. З натуральнага дрэва змайстравана мэбля. Нават люстра і тая зроблена ў выглядзе драўлянага кола.

У планах Андрэя Пятровіча — завяршыць добраўпарадкаванне двара, каб гасцям было прыемна бавіць час на ўлонні прыроды, удалечыні ад гарадскога шуму. Пагадзіцеся, што ёсць нейкая невыказная зачараванасць у вераснёўскай цішыні, якая надвячоркам апускаецца над вёскай, запальваючы на небасхіле першыя зоркі-знічкі. У Антанове працягваецца сваё размеранае, немудрагелістае жыццё, дзе ў простай ісціне занатаваны ўвесь сэнс існавання ўсяго жывога на зямлі.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.