Лічбавы жывапіс – фантазія Дзмітрыя Луцыка
У фае Маларыцкай раённай бібліятэкі праходзіць выстава работ Дзмітрыя Луцыка. “Фантазія. Мастацтва. Майстэрства” працягвае арт-праект “Свет хобі”, які распачаты ўстановай культуры яшчэ пяць гадоў таму. На працягу некалькіх тыдняў маларытчане азнаёмяцца з работамі маладога мастака, які цяпер творыць у накірунку лічбавага жывапісу.
Дзмітрый Луцык – педагог аддзяленняў “Выяўленчае мастацтва” і “Фатаграфія” Маларыцкай школы мастацтваў. Ён скончыў СШ №3 райцэнтра, а пасля – Кобрынскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж, набыўшы спецыяльнасці мастака-афарміцеля, дызайнера, настаўніка выяўленчага мастацтва і чарчэння. На двухгадовую адпрацоўку, як малады спецыяліст, быў накіраваны ў ААТ “Рэклама. Дызайн. Свет” (г.Брэст). Справа, якой займаўся, так спадабалася, што ў таварыстве вырашыў застацца яшчэ на некалькі гадоў.
– А пасля захацелася паспрабаваць хлеба вольнага мастака, – успамінае Дзмітрый Вітальевіч. – На той час ужо набыў пэўны вопыт, а веды паглыбіў і замацаваў на практыцы. Да таго ж пайшлі і заказы. Таму вырашыў працаваць сам на сябе: зарэгістраваўся і стаў індывідуальным прадпрымальнікам.
Мастацкай дзейнасцю Дзмітрый Луцык у Маларыце займаўся 2 гады. Ён на заказ пісаў модульныя карціны і партрэты, распісваў сцены, ляпіў рэльефы і барэльефы… Аднак у душы Дзмітрый Вітальевіч быў і застаўся настаўнікам. Жаданне выкладацьперыядычна то слабела, то з новай сілай узмацнялася. Дзмітрый Луцык вырашыў ўсё ж такі заняцца педагагічнай дзейнасцю. На гэта ж скіроўвала яго і вучоба на факультэце мастацтваў Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і набытая спецыяльнасць “Педагог-мастак”.
– Для мяне прыкладам заўсёды быў Эдуард Засухін, школьны настаўнік малявання, – гаворыць мой субяседнік. – Мне хацелася быць падобным на яго. Школьныя ўрокі малявання далі многае.
Дзмітрый Луцык малюе з дзяцінства і першы свой поспех ён памятае добра. У 4 класе быў аб’яўлены конкурс малюнкаў. За некалькі дзён хлопец намаляваў вушастую саву. Работа стала першай не толькі ў СШ №3, але заняла прызавое месца на раённым конкурсе. За ўдзел у спаборніцтве Дзмітрый атрымаў фарбы і пэндзлі. Гэта стала добрым стымулам для далейшай творчасці.
– Дзмітрый Вітальевіч, што такое лічбавы жывапіс?
-Ім я займаюся ўжо 2 гады. Да гэтага пісаў алеем, ствараючы рэалістычныя карціны. Рэалізм – гэта кісларод для лічбавага жывапісу. Карціны, якія ад пачатку да іх поўнага завяршэння, створаны на графічным рэдактары пры дапамозе пяра, – новы накірунак у выяўленчым мастацтве. Камп’ютар у лічбавым жывапісе – такі ж інструмент, як пэндзаль і мальберт. Камп’ютарны мастак, безумоўна, у першую чаргу павінен ведаць асновы акадэмічнага малюнка і жывапісу. Каб яны радавалі вока, таксама неабходна ведаць і ўмець прымяняць законы перспектывы, тэорыю колеру, блікі, рэфлексы, павінна быць развіта пачуццё кампазіцыі і вокамер… Праца пачынаецца з эскіза, пасля прапрацоўваюцца ўсе дэталі.
– На выставе паказаны і модульныя карціны. Што гэта такое?
– Гэта звычайная карціна, якая раздзелена на модулі (часткі, сегменты), звязаныя паміж сабой агульнай тэматыкай ці ідэяй. Гэта можа быць дыпціх, трыпціх, поліпціх. Любая модульная карціна ўпрыгожвае інтэр’ер кватэры, надае ёй стыльнасць і своеасаблівую ўнікальнасць. На сцяне яна можа быць замацавана як паралельна адна з адной, так і адвольна.
– Дзмітрый Вітальевіч, што яшчэ могуць убачыць наведвальнікі на выставе?
– Шаржы, намаляваныя па фотаздымках, партрэты па фотаздымках, выкананыя ў стылі поп-арт.
– Тое што робіце, вам як мастаку падабаецца?
– Любы твор жывапісу, у які ўкладзена шмат сіл, затрачана часу, не можа не падабацца. Кожная карціна, у якім бы стылі яна ні была выканана, дарагая і любімая. Свае работы ацэньваю крытычна, прыслухоўваюся да думкі тых, хто мяне акружае.
– Дзмітрый Вітальевіч, пра што вы марыце як творца?
– Хацелася б, напрыклад, выставіць свае работы ў адной са сталічных мастацкіх галерэй. Было б цудоўна, каб і ў Маларыце з’явілася свая выставачная зала, суполка творчых людзей. Нядрэнна было б наладзіць стасункі з вядомымі мастакамі вобласці, рэспублікі.
Мікалай НАВУМЧЫК.