Што прывозіць у вёску бібліобус?

Маларыцкая раённая бібліятэка актыўна вы­карыстоўвае пазастацыянарныя формы абслу­гоўвання насельніцтва кнігай.

Адной з іх з’яўляецца сучасная мабільная біб­ліятэка — бібліобус. Без яго вясковы побыт у аддаленых і маленькіх населеных пунктах цяпер ужо і ўявіць цяжка. Прыезд бібліобуса – заўсёды падзея для вяскоўцаў. Таму і сочаць яны за графікам, з нецярпеннем чакаюць кожны прыезд бібліятэкі на колах, каб узяць пачытаць новую кнігу, пагартаць часопіс, проста пагутарыць, даведацца пра раённыя навіны. Кожны прыпыначны пункт ў бібліярэйсах выдатна ведае вадзіцель Сяргей Антанюк.  Між іншым, у кож­най з вёсак можа быць і некалькі прыпынкаў, непасрэдна там, дзе жывуць чытачы.

— Абслугоўванне насель­ніцтва бібліобусам дае магчымасць вырашыць праб­лему адсутнасці ста­­­цыянарных бібліятэк у аддаленых населеных пунк­тах, – гаворыць бібліятэкар Алена Зінчук. – Перасоўная “хата-чы­тальня” Маларыцкай раённай бібліятэкі цяпер абслугоўвае 22 населеныя пункты, 382 чытачоў, з іх 51 – дзіця.  Асабліва  любяць чытаць кнігі людзі старэйшага пакалення.

Звычайна тры разы на тыдзень мікрааўтобус, які аб­ста­ляваны пад біб­ліятэку і запоўнены кнігамі і часопісамі,  выязджае ў рэйс у адпа­веднасці з графікам па вызначаных маршрутах. Яны распрацоўваюцца такім чынам, каб забяспе­чыць абслугоўванне мак­­­сімаль-най колькасці чытачоў.

— У кожную з 22 вёсак раёна перасоўная біб­ліятэка заязджае раз на месяц, – кажа Алена Мікалаеўна. — ”Нарасхват” ідуць кнігі ў вёсках Сушытніца, Нікольская, Старое і Новае Забалацце, Дрочава. Штомесяц кнігавыдача вагаецца ў межах ад 700 да адной тысячы экзэмпляраў. Пры падборы літаратуры для наступнага выезду ўлічваюцца запыты чытачоў.  Кнігу, якую хочацца прачытаць, можна і заказаць. Калі яна ёсць у фондзе раённай бібліятэкі, то наступны раз бібліобус абавязкова прывязе.

Акрамя таго, бібліятэкар Алена Зінчук прапануе чытачам і кніжныя навінкі.

Цяпер фонд бібліобуса налічвае 2303 экзэмпляры кніг. Таксама перасоўная бібліятэка выпісвае 21 ча­сопіс, 1 з іх – для падлеткаў. Найбольшым попытам ка­рыстаецца літаратура дэ­тэктыўная, гістарычная, праваслаўная, а таксама раманы пра каханне.

-Вяскоўцы сочаць і за грамадска-палітычнымі падзеямі, — гаворыць Алена Мікалаеўна. —  Было вельмі прыемна, калі зранку 15 верасня актыўныя чытачы пачалі тэлефанаваць і віншаваць з Днём бібліятэк.

Я з задавальненнем еду на любы наш маршрут, тэ­лефаную, папярэджваю аб прыездзе. Некаторыя  вяскоўцы бяруць  кнігі суседзям, абменьваюць за іх, калі апошніх не бывае дома ў гэты дзень.

Мікалай НАВУМЧЫК.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.