Дарапеевіцкая «Гармонія»

У Дарапеевіцкім СДК цяпер дзейнічае 8 гурткоў (у тым ліку — драматычны гурток “Акадэмія талентаў”), два класы школы народнай творчасці, фальклорны калектыў “Талакуха”. Своеасаблівым “брэндам” сельскай установы культуры сталі “Дарапеевіцкія кумы” ў складзе Мікалая Гузюка і Анатоля Дзямянкі.

Адметным з’яўляецца і вакальны ансамбль “Гар­монія”, усіх удзельнікаў якога аб’яднала шчырая любоў да народнай песні. Калектыву належыць асаб­лівае месца ў прапагандзе духоўнай спадчыны бацькоў. Касцяк яго складаюць мясцовыя жыхары розных прафесій ва ўзросце ад 45 да 55 гадоў.

З думкаю стварыць у Дарапеевічах такі калектыў дырэктар Дарапеевіцкага СДК Ларыса Гузюк жыла не адзін месяц. Ажыц­цявіць задуманае ніяк не атрымлівалася. Пе­рашка­джалі то тыя, то іншыя абставіны. Аднак калі ў чарговы раз пабывала на Дні вёскі  ў суседнім населеным пункце, сама сабе сказала: “Час наспеў. Хіба ж   жыхары Дарапеевіч менш таленавітыя, чым іншыя? Хіба ж яны горш спяваюць, чым “Хаціславяне”, “Рыцкі куфэрак”, “Чарняначка”… У нас таксама ёсць на што падзівіцца і з чаго здзівіцца”.Сабрала Ларыса Міка­лаеўна самадзейных вясковых артыстаў, жанчын і мужчын, расказала ім пра сваю задуму. І не дзіўна,  што яе аднагалосна падтрымалі  ама­тары народнай песні. Так і быў у 1998г. створаны фальклорны ансамбль “Гармонія”. Мастацкім кі­раў­­­­ніком яго стаў Анатоль Дзямянка. Паплечнікам Ана­толя Ігнатавіча, першым  яго памочнікам  з’яўляецца Таццяна Іванаўна Макарчук.

— Цяпер “Гармонія” — дружны, згуртаваны калек­тыў аднадумцаў, — гаворыць Ларыса Гузюк. — Мы ўважліва ставімся да падбору рэпертуару, любім выконваць беларускія, рускія, украінскія народныя песні. Выбіраем для сцэны іх разам. У рэпертуар уключаем тыя песні, якія нас “зачапілі” сваім тэкстам, мелодыяй, думкай, якія, перакананы, павінны зацікавіць і слухача.

— Хто можа стаць удзель­ні­кам “Гармоніі”? — пытаюся  я.

— Мы рады кожнаму, каму даспадобы народнае песеннае мастацтва, хто не можа без гэтага пражыць, — расказвае Ларыса Мікалаеўна. — Цяпер у нашым рэпертуары амаль 100 песень розных жанраў. Мы вядзем актыўную гастрольную дзейнасць. Выступіць з канцэртамі запрашаюць не толькі на Маларытчыне, але і ў іншых раёнах вобласці.

Самадзейныя артысты на рэпетыцыі абавязкова збіраюцца раз на тыдзень. Аднак, калі плануецца вялікі канцэрт з выездам у іншую мясцовасць, сваё песеннае майстэрства пачынаюць адшліфоўваць штодзень за 2-3 тыдні да выступлення. Так было, напрыклад, сёлета, калі рыхтавалі канцэртную праграму да Дня медыцынскага работніка ў Маларыце. Між  іншым,  гэты канцэрт стаў адным з лепшых выступленняў творчага калектыву за апошні час.

За год  вакальны ансамбль “Гармонія” рыхтуе каля 10 тэматычных канцэртных праграм, дае да 40 канцэртаў. Праграма кожнага з іх абавязкова абнаўляецца на 60-70 працэнтаў. 

-Калі  падчас канцэрта пэўную песню з ранейшага нашага рэпертуару просяць выканаць, то мы гэта з задавальненнем робім, — кажа Ларыса Гузюк. — Удзельнікі спяваюць не толькі разам, але і сольна, у складзе дуэтаў і трыа, пад “мінусоўку” і баян. І заўсёды ад душы, пранікнёна,  шчыра, кранальна. Творчыя сілы  мы чэрпаем са свайго за­хаплення і кожнага выступлення. Спрыяе гэтаму ўзаемапавага ў калектыве, любоў да творчасці.

Самадзейныя артысты радуюць вяскоўцаў сваімі выступленнямі на сцэне, у працоўных калектывах. Таму ўсе канцэрты “Гармоніі”, касцяк якога складае 10 чалавек,  заўсёды праходзяць на “біс”. Так было і 1 кастрычніка, у Дзень пажылых людзей, калі самадзейныя артысты  плённа працавалі,  даўшы 4 выступленні.

Самабытнасць ансамблю надаюць і касцюмы, якія былі пашыты, дзякуючы СВК “Дарапеевічы”. Яшчэ дваццаць сцэнічных касцюмаў падарылі калектыву калегі з Кобрына.

*  *  *

Цяпер вакальны ансамбль “Гармонія” рыхтуецца да новых выступленняў. Забыўшыся на штодзённыя клопаты, стомленасць, яго ўдзельнікі ідуць на чарговую рэпетыцыю, каб сваёй творчасцю парадаваць слухачоў, стварыць у іх душах гармонію і суладдзе ад пачутай песні.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.