Падлічылі. Прааналізавалі. Запланавалі

 

Пачатак года – гэта час,   калі ў калектывах арганіза­цый і прадпрыемстваў абмяр­коўваюцца новыя планы, даецца старт новым праектам. І разам з тым гэта час падвядзення вынікаў мінулага года, аналізу памылак. На мінулым тыдні поспехі і праблемы года мінулага абмеркавалі работнікі сацыяльнай службы раёна – упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і яго падраздзялення – тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
— Узровень жыцця лю­дзей напрамую залежыць  ад узроўню вытворчага і эканамічнага патэнцыялу, — заўважыла, выступаючы са справаздачным дакладам, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк. Яна спынілася на асноўных пазіцыях дзейнасці сацыяльнай службы, прааналізавала дасягненні і пралікі.
Адным з важных пытан­няў, як адзначалася ў выступленні, з’яўляецца пытанне аплаты працы. У сектары па працы ўпраўлення кантралявалі выкананне прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна працоўнага заканадаўства, была актывізавана работа па пытаннях рэгулявання аплаты працы, забеспячэння своечасовай выплаты заработнай платы, выканання прагнозных паказчыкаў па яе павелічэнні. Прагнозныя паказчыкі па росту заработнай платы работнікаў галіны эканомікі за 2010 год быў выкананы на 102,5%. Тэмп росту да адпаведнага перыяду 2009 года — 126%. Сярэднямесячная заработная плата за снежань склала 1178,7 тысяч рублёў. Толькі на 92,2% выканалі заданне па  росту заработнай платы ў сельгаспрадпрыемствах раёна.
Другое важнае пытанне, на якім была засяроджана ўвага начальніка ўпраўлення, – дэмаграфічная сітуацыя. 25780 чалавек, па дадзеных перапісу 2009 года, жыве ў нашым раёне. Гарадское насельніцтва складае 11751 чалавек, сельскае – 14029 чалавек. З агульнай колькасці 45,7% складаюць мужчыны, 52,5% — жанчыны. За мінулы год у раёне нарадзілася 334 дзіцяці, што на 7,2% менш, чым за аналагічны перыяд летась. У той жа час  на 2,1% зменшылася і смяротнасць. А вось колькасць шлюбаў вырасла са 173 ў 2009 годзе да 180 — у 2010 годзе.
Немалая работа пра­водзілася ўпраўленнем, як падкрэслівалася ў выступленні, па ахове працы, што садзейнічала змяншэнню колькасці выпадкаў вытворчага траўматызму. За 2010 год у раёне зафіксавана 6 няшчасных выпадкаў на вытворчасці, з іх 3 — з цяжкім вынікам (у 2009 годзе 8 няшчасных выпадкаў, з іх 3 – са смяротным і 3 з цяжкім вынікам).
Падрабязна пра тое, якая работа праводзілася ў раёне па забеспячэнні занятасці насельніцтва,  распавяла загадчыца аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Любоў Барадзіна. Хоць заданне па працаўладкаванні беспрацоўных на пастаянную работу было выканана летась толькі на 89%, але зроблена, як адзначалася ў інфармацыі, нямала. Узровень рэгіструемага беспрацоўя знізіўся па раёне з 1,3 да 0,9%. Было створана 354 працоўныя месцы, 14 беспрацоўных атрымалі бязвыплатныя субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці.
На ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама знаходзіцца 7491 атрымальнік пенсій і дапамог. На тым, як была арганізавана летась работа па назначэнні пенсій і дапамог, спынілася начальнік аддзела Галіна Хамічук. 423 новыя пенсіі былі назначаны жыхарам раёна летась, праведзена больш за 750 пераразлікаў старых пенсій. Сярэдні памер пенсій склаў 522 тысячы рублёў і павялічыўся да ўзроўню 2009 года на 20%. 127 жыхароў раёна атрымліваюць сацыяльныя пенсіі, памер якіх складае 259 тысяч рублёў.
Многія малазабяспечаныя маларытчане змаглі скарыстацца летась дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогай. Матэрыяльную дапамогу атрымаў 161 чалавек. Сярэдні памер аказанай дапамогі склаў 112 тысяч рублёў.
Справаздача работы раённага тэрытарыяль­нага Цэнтра сацыяль­нага абслугоўвання насельніцтва пачалася з выступлення кіраўніка арганізацыі Мікалая Мішчанкі. Ён коратка распавёў пра асноўныя накірункі дзейнасці аддзелаў Цэнтра, прадаставіўшы магчымасць больш падрабязна расказаць пра работу кожнага структурнага падраз­дзялення іх непасрэдным кіраўнікам.
Пра напрацоўкі аддзялення пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання, якое з’яўляецца цэнтрам усёй дзейнасці арганізацыі, распавяла яго загадчыца Алена Ківачук. Больш за 6 тысяч жыхароў раёна ўключаны ў электронны банк дадзеных, які пастаянна папаўняецца. Асноўная работа аддзялення – выяўленне грамадзян, якім патрэбна дапамога. За мінулы год, як адзначалася ў выступленні, была створана багатая  бібліятэка метадычнай літаратуры, працавала 13 клубаў і гурткоў па інтарэсах, спецыялісты выязджалі ў аддаленыя вёскі, дзе знаёміліся з умовамі жыцця пажылых людзей.
Непасрэдную дапамогу тым, хто мае патрэбу, аказвала аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома. 48 населеных пунктаў раёна ахоплены сацыяльным абслугоўваннем. Летась было наладжана сацыяльнае абслугоўванне ў вёсках Лешніца, Старое Забалацце, Заазёрная, у студзені гэтага года – у вёсцы Лазіца. На абслугоўванні сацыяльных работнікаў знаходзіцца 285 пажылых жыхароў раёна. Пра планы аддзялення, тыя праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца, распавяла яго загадчыца Людміла Алесік.
На сходзе прагучала таксама падрабязная інфармацыя пра работу іншых аддзяленняў Цэнтра.
Напрыканцы справаздачнага сходу граматы і пісьмы падзякі ад райвыканкама з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятра Губея атрымалі лепшыя работнікі сацыяльнай службы раёна Галіна Хамічук, Таццяна Ванюшына, Лідзія Ваўрушэвіч і Ніна Кар­дзялюк. Між іншым, Галіна Хамічук і Таццяна Ванюшына разам з граматамі прымалі яшчэ і віншаванні з юбілеем. Пісьмы падзякі былі ўручаны Людміле Вітрук, Марыне Кот і Таццяне Анішчук. Лепшых сацыяльных работнікаў  Галіну Пацяюк, Надзею Разынкову і Веру Самасюк за сумленную і старанную працу заахвоціла граматамі кіраўніцтва тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час справаздачнага сходу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!