КАБ ВЫКЛЮЧЫЦЬ ХАЛАТНАСЦЬ І ФАРМАЛІЗМ

Ці своечасова і дакладна разглядаюцца скаргі і заявы, з якімі звяртаюцца ў розныя інстанцыі грамадзяне і юрыдычныя асобы? Нагляд за гэтым пастаянна ажыццяўляе пракуратура раёна. Аб тым, якая канкрэтна работа была праведзена работнікамі пракуратуры летась, якія меры прадпрымаліся для таго, каб з боку юрыдычных і фізічных асоб не дапускаліся парушэнні законных правоў і інтарэсаў грамадзян і задавальняліся іх абгрунтаваныя звароты, карэспандэнт райгазеты гутарыла з пракурорам раёна Міхаілам Зубікам.
– Міхаіл Міхайлавіч, як наладжана работа са зваротамі грамадзян у пракуратуры раёна?
– Па-першае, у нас вызначаны новы парадак асабістага прыёму. У даступным месцы ўсталявана скрынка “Для зваротаў”, на бачным месцы размешчана інфармацыя аб парадку, часе і месцы асабістага прыёму грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і прад­стаўнікоў юрыдычных асоб пракурорскімі работнікамі, рэжым работы пракуратуры раёна і іншая  неабходная інфармацыя. У адпаведнасці з  графікамі прыёму грамадзян па месцы жыхарства і работы кіраўніцтвам пракуратуры раёна ў 2010 годзе праведзена 19 выязных прыёмаў. Акрамя таго, работнікі пракуратуры рэгулярна праводзілі прыём грамадзян у грамадскай прыёмнай райвыканкама. Летась у час асабістых прыёмаў прынята 148 грамадзян. З іх 33 – пракурорам раёна, 52 – намеснікам пракурора, 39 – памочнікам, 24 – следчым.
– Ажыццяўляючы нагляд за выкананнем зака­надаўства аб зваротах гра­ма­дзян, пракуратура раёна праводзіла праверкі ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна. Ці часта выяўляліся парушэнні?
– У 2010 годзе былі праведзены 3 такія праверкі, па іх выніках унесена 2 прадстаўленні, 2 асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Акрамя таго, работнікі пракуратуры правяралі, як захоўваецца і іншае заканадаўства ў ДзУСП “Маларыцкае ПМС”, СВК “Макраны”, ДзУ “Маларыцкі РЦГіЭ”, ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас”. Меры пракурорскага рэагавання за дапушчаныя парушэнні ўказанага заканадаўства прымаліся і па выніках аналізу паступіўшых у пракуратуру раёна звестак. Пры праверцы ў райвыканкаме было выяўлена, што звароты грамадзян разглядаюцца няпоўна, іншы раз па іх прымаюцца незаконныя і неабгрунтаваныя рашэнні і інш. Напрыклад, 26 красавіка мінулага года ў райвыканкам паступіла скарга грамадзянкі В.Ф.Рудзіюк. Яна пісала, што сям’я Хоміч пабудавала дом ля яе плота, карэнні груш сапсавалі градку, што ля яе ўчастка складзіруюцца дровы. В.Ф.Рудзіюк адзначала, што з такой праблемай яна не адзін раз ужо звярталася ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, але ніхто яе пісьмо не разглядаў.
5 мая заяўніцы далі пісь­мовы адказ, што Хоміч ухіліў парушэнні заканадаўства, якое рэгулюе межы карыстання зямельным участкам. Разам з тым іншыя факты, пра якія пісала В.Ф.Рудзіюк, не правяраліся.
30 жніўня ў сваёй заяве В.Ф.Рудзіюк прасіла адрамантаваць фундамент дома, замяніць падлогу, што згніла з-за падтаплення вадой, бо канала для адтоку вады няма. 30 верасня В.Ф.Рудзіюк далі пісьмовы адказ, дзе сцвярджалі, што факт падтаплення не ўстаноўлены, таму што пракапана і дзейнічае ліўневая каналізацыя. Не правераныя пры разглядзе заявы факты і довады сталі прычынай паўторнай скаргі В.Ф.Рудзіюк. Але зноў жа яна атрымала аналагічны адказ.
Выяўленыя факты пару­шэнняў сведчаць аб тым, што ў шэрагу выпадкаў неапраўдана разглядаліся звароты грамадзян, хаця іх можна было накіроўваць у іншыя інстанцыі. Калі грамадзяне скардзіліся на парушэнне заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў, заяўнікам не растлумачваўся судовы парадак вырашэння спрэчкі.
– Ці павялічылася летась у параўнанні з 2009-ым годам колькасць зваротаў грамадзян у пракуратуру раёна?
– Колькасць заваротаў, можна сказаць, засталася на ўзроўні – 112 (111). З агульнай колькасці 57, ці 50,9% – звароты жыхароў горада, 54 (48,6%) – сельскіх жыхароў: Велікарыцкага, Чарнянскага, Олтушскага, Маларыцкага, Макранскага, Гвозніцкага, Хаціслаўскага сельсаветаў.
Па пытаннях дазнання і следства паступіла 32 скаргі і заявы. Грамадзяне ў большасці выпадкаў звярталіся ў сувязі з тым, што былі не згодны з прынятым органам дазнання рашэннем аб адмове ва ўзбуджэнні  крымінальнай справы. Па пытаннях нагляду за выкананнем законаў і законнасцю прававых актаў вырашана 11 зваротаў.
Значна зменшылася колькасць зваротаў па пы­таннях працоўнага і адмі­­ністрацыйнага зака­на­даўства: адпаведна 4 і 5 ў 2010 годзе, задаволена 2 і 2 ( 9 і 8 – у 2009 годзе, задаволена 7 і 3). Грамадзяне ў большасці выпадкаў былі не згодны з прыцягненнем іх да адміністрацыйнай адказнасці, скардзіліся на парушэнні парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы і г.д.
Па выніках разгляду зваротаў і праверак вынесена 2 пратэсты, аб’яўлена 1 афіцыйнае папярэджанне, 1 асоба прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці, унесена 1 прадстаўленне, вынесена 1 прадпісанне, адменена 7 незаконных пастаноў органа дазнання аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Запісала
Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий