Развитие агроэкотуризма. Мнение

У рамках мер па сты­муляванні дзелавой ак­тыўнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка яшчэ 9 кастрычніка падпісаў указ № 365 «Аб развіцці аграэкату­рызму», які дазваляе ўла­дальнікам аграсядзіб аказваць шэраг паслуг, якія спадарожнічаюць гэтаму віду дзейнасці, у тым ліку праводзіць на сваёй тэрыторыі прэзентацыі, юбілеі, банкеты. Указ, як мяркуецца, будзе са­дзейнічаць павышэнню турыстычнай прывабнасці краіны і прыцягненню да эканамічнай дзейнасці насельніцтва, што жыве ў сельскай мясцовасці. Карэспандэнт “Голасу часу” пацікавілася, што думаюць на гэты конт тыя, хто непасрэдна аказвае паслугі аграэкатурызму.

Ірына Бараноўская, “Ула­дзі­­мірская сядзіба”, в. Пажэжын:

— Безумоўна, тое, што цяпер у аграсядзібах дазволена праводзіць вяселлі,  банкеты,  будзе садзейнічаць прыцягненню новых турыстаў. На ўрачыстасць звычайна запрошваюцца не толькі мясцовыя жыхары,  але і людзі прыезжыя. Іх можа зацікавіць адпачынак і, магчыма, яны вернуцца ў аграсядзібу сям’ёй ці з новай кампаніяй. Яшчэ гэта адраджэнне сваіх беларускіх традыцый. Вяселлі ў аграсядзібах можна праводзіць з нацыянальным ухілам, выкарыстаннем традыцый сваёй беларускай кухні. Нядаўна мне давялося пабываць у Польшчы, дзе і звярнула ўвагу менавіта на тое, як выкарыстоўваецца для прываблівання турыстаў кухня сваёй мясцовасці. Калі новыя магчымасці будуць выкарыстоўвацца гаспадарамі аграсядзіб менавіта ў такім накірунку, думаю, будзе прыток турыстаў. Што датычыцца нашай аграсядзібы,  мы накіраваны на сямейны адпачынак. У нас няма банкетнай залы, і прыняць адначасова мы можам да 7 чалавек. А таму, калі і праводзіцца ўрачыстасць, дык невялікая, сямейная.

Сяргей Валковіч, “Крайняя хата”, в. Гусак:

— Правядзенне ў аграсядзібе вяселляў запатрабаванае. Гэта дае перавагі ў фінансавым плане,  але такі адпачынак патрабуе ад гаспадароў і значна большых намаганняў. Часцей за ўсё ў аграсядзібу прыязджаюць маладыя з гасцямі на другі дзень вяселля і нярэдка шкадуюць,  што само свята прайшло ў душнай зале рэстарана. Урачыстасць у аграсядзібе прываблівае тым, што ўсе падзеі адбываюцца на ўлонні прыроды. Гэтым летам у нашай аграсядзібе праходзіла латышска-беларускае вяселле. Сталы стаялі ўздоўж берага рэчкі,  што давала ў спякоту прахалоду. І ўсе госці былі ўражаны раздоллем і прыгажосцю.

Іна Алесіюк, “Хатні ачаг”, в. Лукава:

— Тое, што указ расставіў, як кажуць, усе кропкі над “і” – гэта добра. Але дазвол праводзіць у аграсядзібах вяселлі, карпаратывы, думаю, значную ролю ў прыцягненні турыстаў, асабліва замежных, не адыграе. Галоўнае, ён дасць магчымасць тым, хто, нягледзячы на пэўныя размовы аб забароне, усё ж праводзіў у сябе калектыўныя ўрачыстасці, працаваць спакойна, адчуць пэўнае паслабленне. А сама такая форма аказання паслуг, як правядзенне банкетаў,  дазволіць аграсядзібам у некаторай ступені трымацца на плыву.

Гутарыла Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.